Урад Літвы забараніў усе авіярэйсы, якія праходзяць праз тэрыторыю Беларусі
З 25 траўня ўрад Літвы вырашыў забараніць прыбыццё ў краіну і адбыццё з Літвы самалётаў, маршрут якіх праходзіць над тэрыторыяй Беларусі. Забарона закране 10 напрамкаў.
Забарона ўступае ў сілу ў 00.00 25 траўня 2021 года. Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыд Шыманіце сказала, што такое рашэнне прапануецца дзеля бяспекі падарожнікаў.
«Што датычыцца палётаў у Літву і з Літвы праз паветраную прастору Беларусі, нягледзячы на тое, што некаторыя авіякампаніі самі вырашылі адмяніць такія палёты, дзеля бяспекі падарожнікаў прапанавана прыняць адпаведнае рашэнне ўрада», — сказала Шыманіце.
Міністр транспарту і спалучэння Марус Скуодзіс растлумачыў, што гэта значыць. «Любыя палёты ў Літву і з яе праз Беларусь забароненыя», — сказаў ён.
Скуодзіс сказаў, што забарона закране 10 кірункаў. «Урад вырашыў прыняць такое рашэнне — забараніць палёты над Беларуссю. Нашы даныя паказалі, што гэта закране 26 рэйсаў у суткі (...) Гэта ўсё палёты на поўдзень — Турцыя, тыя ж Афіны», — сказаў міністр.
«Гэта не азначае забарону на палёты, гэта значыць, што авіякампаніі павінны выбіраць іншы маршрут», — адзначыў Скуодзіс.
МЗС Літвы прапанавала авіякампаніям ЕС адмяніць палёты над Беларуссю. Міністр замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс на Радзе ЕС прапанаваў забараніць беларускім авіякампаніям лётаць у краіны ЕС і ўнесці кампанію Belavia ў чацвёрты пакет санкцый.
delfi.lt