Хто такая Соф'я Сапега, якую затрымалі разам з Пратасевічам?

Учора, 23 траўня, разам з Раманам Пратасевічам затрымалі яго дзяўчыну Соф'ю Сапега: яны разам ляцелі з Афінаў у Вільню. «Свабода» пагутарыла з прадстаўніком універсітэта, дзе вучыцца Соф'я, і даведалася, як на затрыманне адрэагавалі сябры дзяўчыны.

d8b5f92e_a8ae_4c03_8039_8560d0811c62_cx0_cy11_cw0_w1023_r1_s.webp


Соф'я — студэнтка пятага курса ЕГУ, вучыцца на праграме «Міжнароднае права і права ЕС». Максімас Мілта, кіраўнік аддзела камунікацыі і развіцця Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, расказаў, што вядома на гэты момант.
«Мы ведаем, што затрыманне ажыццяўлялася ўпраўленнем Следчага камітэта Беларусі па горадзе Мінску, аднак нам невядома, каб адвакат меў доступ да Соф'і. Соф'я з'яўляецца выдатнай студэнткай. Аднагрупнікі і выкладчыкі характарызуюць яе выключна са станоўчага боку. Для ЕГУ з'яўляецца абсалютна непрымальным той факт, што затрыманне Соф'і адбылося без якіх-небудзь падстаў ці прычын», — кажа Максімас Мілта.
Соф'я — грамадзянка Расіі, але большасць свайго жыцця пражыла ў Беларусі, скончыла школу ў Лідзе, адкуль і паступала ў ЕГУ.
«Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Соф'і, а таксама надання ёй консульскай дапамогі як грамадзянцы Расіі. Мы звяртаемся да нашых міжнародных партнёраў, а таксама праваабарончай супольнасці, каб зрабіць усе высілкі для яе найхутчэйшага вызвалення».
Максімас кажа, што ўчора беларускія ўлады ажыццявілі абсалютна непрымальны акт.
«Тое расследаванне, якое ініцыяваў літоўскі бок, хутчэй за ўсё, зможа яшчэ раз пацвердзіць, што спроба беларускіх улад паказаць учарашнюю падзею як нібыта спробу выратаваць Еўропу і пазбавіць яе ад баласту, як напісалі ў тэлеграм-канале „Пул Первого“, з'яўляецца яшчэ адным прыкладам беспакаранасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. І ў гэтым сэнсе мы салідарныя з усімі, хто бяспраўна затрыманы ці з'яўляецца сёння ахвярамі палітычных рэпрэсій у Беларусі».

Соф'я Сапега

Соф'я Сапега


Зараз палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя студэнты ЕГУ Марыя (Марфа) Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, а таксама выпускнікі Мікола Дзядок і Уладзімір Малахоўскі.
Вось што кажа пра Соф'ю яе аднакурсніца з ЕГУ:
«Я ў шоку. Учора ўвесь дзень з сяброўкай, таксама маёй аднакурсніцай, абмяркоўвалі беззаконне, якое пануе ў краіне, пасадку самалёта і пагрозу жыццю затрыманаму, але не ўяўлялі, што сітуацыя на самой справе можа настолькі нас тычыцца. Здавалася б, куды больш? І вось яшчэ да афіцыйнай заявы, каля 22:00, я даведваюся, што дзяўчына затрыманага — наша Софа! Каб апісаць маё здзіўленне, наўрад ці хопіць слоў. Я ж ведала, што яна ў Грэцыі, што паспяхова прайшла перадабарону дыплома і паехала адпачываць».
Ужо праз два тыдні ў Соф'і абарона дыплома. Аднакурсніца кажа, што яе вельмі пужае думка, што Соф'і можа не быць з ёй і групай у дзень здачы.
«Соф'я вельмі прыемная дзяўчына, мы не былі блізкімі сяброўкамі, але заўсёды мелі вельмі цёплыя зносіны. Акрамя прывабнай знешнасці, у яе востры розум і добрае сэрца. Не ведаю ніводнага чалавека, які б неяк негатыўна аб ёй адгукаўся, праўда. Я вельмі спадзяюся, што ўсё вырашыцца хутка і мы зможам убачыць Соф'ю цэлай, а галоўнае — свабоднай».
Вось што кажуць знаёмыя Соф'і:
«Я, несумненна, шакаваны гэтай навіной. У апошні час мы не размаўлялі і пра яе стасункі ведаць я не мог. Не думаю, што Соф'я зьяўляецца палітычнай актывісткай, гэта не пра яе. Яна абсалютна спакойны і добры чалавек. Вельмі спадзяюся, што гэтае непаразуменне ў хуткім часе вырашыцца», — кажа хлапец.
«Я мела зносіны з Соф'яй, хоць і не блізка, але мяне вельмі ўзрушыла інфармацыя аб яе затрыманні. Я шчыра падзяляю абурэнне сітуацыяй, якая склалася ў прыватнасці, і тым, што адбываецца ў краіне», — дадае дзяўчына.