Моладзевая зборная Літвы па футболе не паедзе на кантрольны матч з Беларуссю ў Мінску
Моладзевая зборная Літвы па футболе (U-21) і нацыянальная мужчынская каманда па футболе не паедуць сёлета на запланаваныя кантрольныя спаборніцтвы з беларускімі камандамі ў Мінску.
«Па сітуацыі на сённяшні дзень ні нацыянальная мужчынская зборная, ні моладзь у гэтых спаборніцтвах дакладна не будуць удзельнічаць, нягледзячы на тое, што мы падпісалі з Беларускай федэрацыяй кантракт па спаборніцтвах нацсборных, але сапраўды занадта небяспечна ў палітычным кантэксце рызыкаваць зборнай, гульцамі, здароўем і бяспекай гульцоў і іх сем'яў», — заявіў у панядзелак журналістам генсакратар Літоўскай федэрацыі футбола (ЛФФ) Эдгарас Станкявічус, піша delfi.lt.
«У дачыненні да гэтых двух матчаў дакладна ёсць план не ехаць і не гуляць, а шукаць нейкіх іншых супернікаў», — дадаў ён.
Станкявічус адзначыў, што ў пытанні матчаў нацыянальных зборных таксама прыйдзецца пачакаць адабрэння UEFA, аднак у вырашэнні гэтай арганізацыі кіраўніцтва ЛФФ не сумняваецца, а значыць, матчы не адбудуцца.
Спаборніцтвы нацыянальнай зборнай у Мінску былі намечаны на 16 лістапада, таксама ў Мінску 8 чэрвеня павінен быў адбыцца кантрольны матч моладзевай зборнай Літвы з беларускімі аднагодкамі (да 21 года). Адклікаць гэтыя матчы ў панядзелак заклікала і Літоўская асацыяцыя прафесійных футбалістаў. У сувязі з гэтым кіраўнік асацыяцыі, былы футбаліст Арунас Клімавічус звярнуўся да прэзідэнта ЛФФ Томаса Данілявічуса.
«Учарашнія падзеі паказалі, што гэта непрадказальная і небяспечная краіна не толькі для грамадзян Беларусі, але і для нашых суайчыннікаў», — гаворыцца ў заяве Федэрацыі. «АПФ заклікае Літоўскую федэрацыю футбола выказаць сваю выразную пазіцыю ў гэтай сітуацыі, адклікаць спаборніцтвы і клапаціцца пра тое, каб у будучыні нацыянальныя зборныя гулялі толькі ў бяспечных дзяржавах», — гаворыцца ў ім.