Ігар Мельнікаў: Нам патрэбная беларусацэнтрычная ідэялогія, а не савецкі погляд на сваё мінулае
Нават у самой Расіі, дзе і адбыўся Кастрычніцкі пераварот, 7 лістапада афіцыйна не адзначаюць ужо больш за 10 гадоў, Беларусь — адзіная на постсавецкай прасторы, дзе гэты дзень — дзяржаўнае свята.
У суседніх Літве і Польшчы працэс дэкамунізацыі дайшоў да лагічнага завяршэння — можна патрапіць пад крымінальны пераслед нават за дэманстрацыю камуністычнай сімволікі. Украіна таксама на заканадаўчым узроўні абвясціла дэкамунізацыю. Расія з 1996 года па 2004-ы адзначала 7-га лістапада Дзень згоды і прымірэння, а з 2005 года святкуе Дзень народнага адзінства. Беларусь жа тут застаецца пацверджаннем устойлівага меркавання пра краіну-камуністычны запаведнік, бо ў нас 7 лістапада — дзяржаўнае свята.
На думку гісторыка Ігара Мельнікава, «Беларусі безумоўна патрэбна дэкамунізацыя». Пры гэтым ён адрознівае дзве формы беларускага сантыменту да перыяду знаходжання ў СССР: «павага да некаторых элементаў гісторыі Савецкага саюза, да народу, які зведаў Вялікую Айчынную вайну, да подзвігу жаўнераў гэтай краіны, і настальгія па «саўку», падчас якога былі рэпрэсіі, Афганістан, карупцыя, дэфіцыт і г.д.». «Гэтыя моманты варта падзяляць, захаваць павагу да таго, што сапраўды з'яўляецца часткай беларускай гісторыі, і асудзіць, прызнаць злачынствам, тое што і было сапраўды злачынным. Беларусаў знішчалі ў Курапатах, у турмах, ліквідавалі беларускую інтэлігенцыю — гэта ж менавіта дзеянні бальшавікоў, іх сістэмы, — кажа ў інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» Ігар Мельнікаў. — Нават у бытавым сэнсе СССР быў краінай не для людзей. Нормай была адсутнасць звычайных бытавых рэчаў у крамах у 70–80-я гады. Новае пакаленне, зразумела, з цяжкасцю гэта можа сабе нават уявіць — а ў СССР гэта было нормай. І, да таго ж, захоўваць павагу да краіны, якую ўсе баяліся, таксама лічу няправільным».
Ігар Мельнікаў падкрэслівае, што дэкамунізацыя ў першую чаргу павінна закрануць гісторыю як навуковую галіну, а праз яе і ўсё астатняе: «Гэтага сапраўды не хапае ў Беларусі і гэта варта было б зрабіць. Праблема ў тым, што ўсе нашы суседзі па-іншаму разглядаюць гэты перыяд гісторыі, бо краіны Балтыі былі ў складзе СССР менш на 20 год, чым Беларусь, і гэтага ім хапіла. А нам не хапіла гэтых міжваенных двух дзесяцігоддзяў як прышчэпкі ад глыбокай саветызацыі. Гэтыя гады былі нават у нейкім сэнсе ва ўкраінцаў, бо Заходняя Украіна захавала і паглыбіла нацыянальныя пачаткі, а Заходняя Беларусь знаходзілася ўсё ж такі пад уздзеянням паланізацыі, нацыянальнага там было мала, таму заходняя беларушчына глядзела на Мінск. І тое, што нам не хапіла тых двух дзесяцігоддзяў, адчувалася і ў 90-я гады, адчуваецца і сёння ў фарміраванні нацыянальнай ідэялогіі, у якой, на жаль, зашмат савецкага, хаця Савецкага саюза не існуе і існаваць не будзе. Нават сённяшняя Расія будуе сваю нацыянальную ідэялогію больш на імперыі Раманавых, чым на савецкай імперыі».
«Сярэдняе пакаленне не расло на моцным нацыянальным падмурку, яно зараз — за стабільнасць. Каб без пераменаў і ўсё каб было «нармальна». Але праблема ў тым, што людзі не разумеюць, што моцную незалежную краіну можна пабудаваць толькі на нацыянальным падмурку. Беларусі, лічу, бракуе ідэалогіі, збудаванай на беларусацэнтрычным поглядзе, прашу не блытаць з нацыяналізмам — у нас гэта не атрымаецца, беларусы больш схільныя на інтэрнацыянальных поглядаў, скажам так. Але калі б погляд быў на гісторыю і культуру з беларускага пункту гледжання — у краіне даўно было б ужо ўсё насамрэч нармальна. Але ў нас ці людзі самі даходзяць да беларушчыны, ці як былі — тыя ж вайскоўцы з Расіі і іх семьі — так і застаюцца, у прынцыпе, савецкімі людзьмі. Усе, што звязанае з беларускім, нацыянальным, яны атаясамляюць з Пазьняком і Плошчай, з нейкім разбурэннем, таму трэба даносіць праз фільмы, перадачы, кнігі неабавязкова адно нешта кепскае пра Савецкі саюз, але даваць цалкам нашу мінуўшчыну, поўнай карцінай — з кепскім і добрым для краіны Беларусь», — лічыць гісторык.
Пры гэтым, падкрэслівае Ігар Мельнікаў, «важна, каб ва ўладзе зразумелі, што праца гісторыкаў, у тым ліку незалежных, не скіраваная супраць дзяржавы, яна — для беларускага грамадства, для краіны, для Беларусі». «Гэта тычыцца, зазначу, не толькі працы над савецкім перыядам гісторыі, але і над гісторыяй Сярэднявечча, перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай, перыяду знаходжання ў Расійскай імперыі. Каб беларусы не думалі, што іх гісторыя пачынаецца з 1919 года», — зазначае Ігар Мельнікаў.
“Падзеі
Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, хаця і мелі ўскоснае дачыненне да гісторыі
нашай краіны, але перадусім звязаныя з гісторыяй Расіі. 7 лістапада была
заўсёды чужой датай для беларусаў, бальшавікі, якія захапілі ўладу ў Расіі ў
гэты дзень, прынеслі нашаму народу толькі кроў, галечу ды пакуты. Нават
цяперашняя расейская ўлада, якая ёсць ідэйным спадкаемцам бальшавікоў,
адмовілася ад святкавання, каб фармальна дыстанцыявацца ад злачынстваў
бальшавікоў, а мы дагэтуль святкуем на дзяржаўным узроўні.
Мы лічым, што ў нашай гісторыі ёсць шмат іншых
важных падзеяў, якія, на жаль, дагэтуль не адзначаюцца на дзяржаўным узроўні.
Прапануем увесці на дзяржаўным узроўні святкаванне
25 сакавіка і зрабіць гэты дзень выходным — дзень утварэння Беларускай Народнай
Рэспублікі, важнейшай падзеі ў гісторыі нашай дзяржаўнасці.
7 лістапада прапануем не святкаваць, не рабіць
гэты дзень выходным і не размяркоўваць ніякіх дзяржаўных сродкаў нават на
мінімальныя выдаткі, звязаныя з гэтым ганебным перажыткам мінулага”.
«Яна зрабіла значны ўплыў на хаду сусветнай гісторыі і вызначыла лёс многіх народа. Даступныя сацыяльныя выгоды, ідэалы раўнапраўя, міру, міжнацыянальнай згоды, якія склаліся ў савецкую эпоху, актуальныя і дагэтуль. СССР ажыццявіў магутны рывок у развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, касмічных тэхналогіяў, заклаўшы падмурак для цэлых галінаў вытворчасці, новых напрамкаў даследаванняў. Поспехі Савецкага Саюзу ў сферы культуры і спорту сталі здабыткам чалавецтва і прынеслі краіне сусветную славу», — гаворыцца ў віншаванні.