«Я ўспрымаю Беларусь як найлепшую частку Еўропы»: пасол Манфрэд Хутэрэр пакідае нашу краіну
Пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр развітваецца з Беларуссю пасля чатырох гадоў працы. «Як дыпламат я перажыў у Беларусі ўсе ўзлёты і падзенні германа-беларускіх адносін», — падвёў вынік свайго чатырохгадовага знаходжання ў Мінску пасол Хутэрэр.

Манфрэд Хутэрэр
«Германію і яе еўрапейскіх і трансатлантычных партнёраў яднае з усімі беларусамі зацікаўленасць у свабоднай, суверэннай, дэмакратычнай, квітнеючай Беларусі, якую паважаюць у міжнароднай супольнасці. Зацікаўленасць у дзяржаве Беларусь, якая падтрымлівае мірныя, канструктыўныя адносіны са сваімі суседзямі. За гэту зацікаўленасць Германія і будзе ў далейшым усімі сіламі выступаць праз сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва», — адзначыў пасол Манфрэд Хутэрэр.
Цяпер, пасля чатырох гадоў працы на пасадзе пасла Германіі ў Мінску, Манфрэд Хутэрэр пакідае Беларусь і вяртаецца ў Германію.
«Калі нягледзячы на сённяшнюю палітычную бездань нешта дае мне надзею на лепшую будучыню германа-беларускіх адносін і адносін Беларусі з астатняй Еўропай, то гэта людзі Беларусі. Беларусь не толькі знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, яе людзі думаюць і адчуваюць па-еўрапейску. Іншымі словамі, я ўспрымаю Беларусь як найлепшую частку Еўропы», – сказаў Манфрэд Хутэрэр у развітальным інтэрв'ю.
Глядзіце таксама

«Як дыпламат я перажыў у Беларусі ўсе ўзлёты і падзенні германа-беларускіх адносін, — адзначыў пасол. — Калі летам 2019 года я прыбыў у Беларусь на пасадзе пасла, нашы двухбаковыя адносіны знаходзіліся на відавочным уздыме. Міжчалавечыя, эканамічныя, а таксама палітычныя кантакты паміж Германіяй і Беларуссю ажывалі і няўхільна станавіліся ўсё больш цеснымі.
Я магу ўспомніць пра візіт Федэральнага прэзідэнта Штайнмаера ў Беларусь у 2018 годзе і візіт міністра замежных спраў Беларусі Макея ў Берлін у кастрычніку 2019 года.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і дзелавых колаў развівалі ўзаемавыгаднае трансгранічнае супрацоўніцтва.
На жаль, гэты трэнд з 2020 года пераўтвараецца ў сваю супрацьлегласць у выніку масавых рэпрэсій беларускай улады супраць уласных грамадзян і глыбокага ўцягвання беларускага кіраўніцтва ў захопніцкую вайну Расіі супраць Украіны, якая парушыла міжнароднае права. Сёння мы знаходзімся ў ніжэйшым пункце германа-беларускіх адносін.
У гэты выключна цяжкі час мне было важна захаваць у германа-беларускіх адносінах тое, што яшчэ можна было захаваць. Мне вельмі баліць, што вымушаны былі спыніць сваю дзейнасць у Беларусі Інстытут імя Гётэ і Германская служба акадэмічных абменаў, а таксама ліквідацыя шматлікіх беларускіх арганізацый, з якімі мы плённа супрацоўнічалі на працягу многіх гадоў.
Пакуль удалося прадухіліць іншыя непапраўныя беды для германа-беларускіх адносін. У тым ліку дзякуючы дыпламатычнай прысутнасці Германіі ў Беларусі ўсё яшчэ магчымы кантакты ў розных формах. Немцы і беларусы сёння блізкія адзін аднаму як, магчыма, ніколі за ўсю гісторыю, нягледзячы на глыбокі палітычны разлом. Нямецкі бізнес працягвае працаваць у Беларусі.
Як сваю вельмі асабістую задачу я таксама ўспрымаў захаванне і развіццё гістарычнага дару прымірэння паміж немцамі і беларусамі. Мы, немцы, заўсёды будзем шанаваць памяць ахвяр варварскіх злачынстваў нацысцкай Германіі ў Беларусі, увекавечаную ў Хатыні, Малым Трасцянцы, Чырвоным Беразе, Азарычах або мінскай Яме. Гэтыя і іншыя месцы памяці я часта наведваў».
Глядзіце таксама

Пасол Хутэрэр расказаў, што яму балюча ад таго, што ён «не змог асабіста, твар у твар, развітацца з партнёрамі пасольства Германіі ў Мінску», якія ўваходзяць у колькасць тых 1500 чалавек, што ў Беларусі несправядліва знаходзяцца ў заключэнні па палітычных матывах.
Ён падкрэсліў, што Германія і ЕС патрабуюць вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі. «Толькі накіраваны на прымірэнне дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, які вядзе да новых свабодных і сумленных выбараў, можа абазначыць новы шлях наперад. Такі крок умацаваў бы суверэнітэт Беларусі як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы», — заявіў Манфрэд Хутэрэр.
Пасол таксама адзначыў важную ролю палітзняволеных Марыі Калеснікавай і Алеся Бяляцкага як асобных прадстаўнікоў вялізнай колькасці людзей, якія нясправядліва знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі. Марыя Калеснікава зрабіла значны ўнёсак, каб пратэсты ў Беларусі насілі мірны характар. Барацьба Алеся Бяляцкага за дэмакратыю і правы чалавека, якую ён вядзе на працягу дзесяцігоддзяў, была некалькі месяцаў таму ўзнагароджана Нобелеўскай прэміяй міру. «І менавіта за гэту дзейнасць у інтарэсах дэмакратыі і правоў чалавека Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў Беларусі ў зняволенні. Марыя Калеснікава і Алесь Бяляцкі дзейнічалі па патрыятычных матывах», – падкрэсліў Манфрэд Хутэрэр. «Германія не забудзецца пра палітзняволеных у Беларусі», – дадаў ён.
Глядзіце таксама

— Мяне да глыбіні душы ўзрушваюць пакуты людзей ва Украіне ў выніку развязанай Расіяй бязлітаснай захопніцкай вайны, якая не падлягае апраўданню і парушыла міжнароднае права. Штодня ва Украіне гінуць нявінныя людзі, маці становяцца ўдовамі, а дзеці сіротамі. Штодня Расія прыносіць Украіне незлічоныя пакуты.
Захопніцкая вайна Расіі падсілкоўваецца ілюзорным, звернутым у мінулае імперыялізмам, з'яўляецца парушэннем Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Украіна абараняе свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць у поўнай адпаведнасці са Статутам ААН. На жаль, беларускае кіраўніцтва ўцягнулася ў расійскую захопніцкую вайну.
Нямеччына і яе міжнародныя партнёры дапамагаюць Украіне ў абароне яе тэрытарыяльнай цэласнасці ад расійскага агрэсара. Нямеччына заявіла, што працягне падтрымліваць самаабарону Украіны столькі, колькі гэта будзе неабходна. Не можа быць бяспекі ў Еўропе, калі бяспека і незалежнасць скрадзены пад пагрозай. Месца Украіны — у Еўропе, і яе будучыня — у Еўрапейскім Саюзе…
Да цяперашняга моманту ў гэтай вайне ёсць толькі прайгралыя: Расія прайграе, Украіна прайграе, Беларусь прайграе, Еўропа і ўвесь свет прайграюць. Важным было б у сітуацыі, якая склалася, у якой палітычна так складана адмовіцца ад логікі ваеннай канфрантацыі, распрацаваць бачанне, як можна завяршыць вайну і аднавіць бяспеку на ўсім еўрапейскім кантыненце. Але гэта прадугледжвае, што Расія, якая пачала гэту вайну, таксама яе цяпер скончыць і выведзе свае войскі. І такое бачанне было б, на маю думку, вельмі-вельмі важным.
Гэта павінна было б стаць задачай аналітычных цэнтраў і экспертаў, якія ведаюць спецыфіку рэгіёна. Нам патрэбны загадзя распрацаваныя гатовыя канцэпцыі для таго часу, калі вайна сапраўды скончыцца і гарматы змоўкнуць.
Беларусь магла б адыграць вельмі важную ролю ў еўрапейскай структуры бяспекі, нават ва ўсталяванні глабальнага міру ў цэлым — гэта вынікае з аднаго толькі геаграфічнага становішча Беларусі ў цэнтры Еўропы.
Глядзіце таксама

— Якія ўражанні ад сустрэч з беларускамі і беларусамі за мінулыя чатыры гады вы павезяце з сабой у Германію?
— Самыя выдатныя ўражанні. За амаль трыццаць гадоў маёй дыпламатычнай службы мяне нідзе не прымалі з такой гасціннасцю і нідзе я не адчуваў сябе так утульна, як у Беларусі, сярод беларусак і беларусаў. Мае сустрэчы з такімі адкрытымі, сардэчнымі і велікадушнымі людзьмі ў Беларусі застануцца ў маіх цёплых успамінах на ўсё жыццё.
Адным успамінам я хацеў бы падзяліцца, ён для мяне мае асабліва важнае значэнне, таму што я вырас у коле моладзевых арганізацый Каталіцкага Касцёла: пілігрымка да касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Гэты цудоўны летні дзень у мінулым годзе я не забуду ніколі.
Калі, нягледзячы на сённяшнюю глыбокую палітычную прорву, нешта і ўсяляе ў мяне надзею на лепшую будучыню германа-беларускіх адносін і адносін Беларусі з астатняй Еўропай, то гэта людзі Беларусі. Беларусь не толькі размешчана ў сэрцы Еўропы, яе людзі думаюць і адчуваюць па-еўрапейску. Іншымі словамі, я ўспрымаю людзей Беларусі як лепшую частку Еўропы.
— Як пасля вашага ад'езду будуць ісці справы з дыпламатычнай прысутнасцю Нямеччыны ў Беларусі?
— Пасля чатырох гадоў у Мінску я вярнуся ў Германію да сваёй сям'і. Мае жонка і сын пераязджалі са мной у Мінск і доўгі час тут жылі з вялікім задавальненнем. Летась яны вярнуліся ў Берлін, каб наш сын змог там лепш падрыхтавацца да іспытаў на нямецкі атэстат сталасці.
У Еўрапейскім Саюзе цяпер дасягнуты кансэнсус не накіроўваць у Мінск новых паслоў. Замест гэтага ўсталявалася працэдура прызначэння часовых павераных. Гэтага будзе прытрымлівацца і Германія.
Беларусь магла б быць для Германіі, ЕС і міжнароднай супольнасці глыбокапаважаным партнёрам у самым сэрцы Еўропы. Абарона клімату і ўстойлівае развіццё, міжнародная палітыка ў галіне аховы здароўя, аднаўленне разбуранай Расіяй еўрапейскай сістэмы бяспекі — для вырашэння кожнай з гэтых цэнтральных задач абавязкова патрабуецца трансгранічнае супрацоўніцтва. На жаль, у цяперашні момант мы вельмі далёкія ад такога ўзаемадзеяння.
Германію і яе еўрапейскіх і трансатлантычных партнёраў аб'ядноўвае з усімі беларусамі зацікаўленасць у свабоднай, суверэннай, дэмакратычнай, квітнеючай Беларусі, паважанай міжнароднай супольнасцю. Зацікаўленасць у дзяржаве Беларусь, якая падтрымлівае мірныя, канструктыўныя адносіны са сваімі суседзямі.
За гэтую зацікаўленасць Германія і будзе ў далейшым усімі сіламі выступаць праз сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва.
Поўная відэаверсія развітальнага інтэрв'ю пасла Хутэрэра з рускімі субцітрамі. Крыніца: PosolstvoGermaniiMinsk [ youtube ]
Паводле прэс-рэліза, minsk.diplo.de