Што не ўлічыў нямецкі бізнесовец Штотц, калі вырашыў працаваць з беларускай уладай?

З сярэдзіны 1990-х фірма «Штотц Агра-Сэрвіс» нямецкага бізнесоўца Лорэнца-Петэра Штотца стала адной з найбуйнейшых міжнародных аграсэрвісных кампаній у Еўропе. Але ў Беларусі прыбытковы бізнес не атрымаўся — дзяржава налічыла прадпрымальніку дзясяткі мільёнаў запазычанасцяў.

Трактар на беларускім полі. Ілюстрацыйнае фота

Трактар на беларускім полі. Ілюстрацыйнае фота

Эканамічны суд Мінска 5 красавіка 2023 года паведаміў аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці замежнага прыватнага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Штотц Агра-Сэрвіс». Дакумент апублікаваны на сайце Адзінага дзяржрэестра звестак аб банкруцтве, піша «Народная Воля».

Як адзначаецца, агульная крэдыторская запазычанасць завінавачанага на момант адкрыцця вытворчасці складала 22,5 мільёна еўра, 8 мільёнаў беларускіх рублёў, 112,2 тысячы долараў ЗША і 2,8 мільёна расійскіх рублёў.

Патрабаванні крэдытораў у ходзе працэдуры банкруцтва былі пагашаны часткова — на агульную суму 4,4 мільёна еўра, 3,8 мільёна беларускіх рублёў і 2,8 мільёна расійскіх рублёў. Такім чынам, непагашаная запазычанасць у выніку склала 18,2 мільёна еўра, 4,2 мільёна беларускіх рублёў і 112,2 тысячы долараў ЗША.

“Рашэнне суда з’яўляецца падставай для ўнясення запісу аб выключэнні даўжніка з адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб і ІП”, — сказана ў дакуменце.

За сухімі фармулёўкамі — канстатацыя бясслаўнага фіналу праекта, які ў свой час называлі ўзорным.

Справа ў тым, што стварэнне замежнага прадпрыемства “Штотц Агра-Сэрвіс” з’яўлялася першым вопытам замежных інвестыцый у беларускі аграпрамысловы комплекс.

У 2000 годзе нямецкія бізнесмены Лорэнц-Петэр Штотц і Вальтраўд Шустак выкупілі дзве глыбока стратныя гаспадаркі ў Смалявіцкім раёне, не спалохаўшыся ні завоблачных запазычанасцяў перад крэдыторамі, ні мізэрных ураджаяў збожжавых і надояў кароў, ні тэхнікі, якая стаяла на прыколе. І разгарнулі бізнес так, што ўжо праз пару-тройку гадоў сюды сталі вазіць на вучобу спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў з усіх рэгіёнаў краіны.

Лорэнц-Петэр — заможны нямецкі бізнесмен. Падлеткам працаваў у бацькі-фермера, затым ужо самастойна арганізаваў невялікую машынна-трактарную станцыю, якая з часам пачала прадастаўляць платныя паслугі мясцовым фермерам. Пасля аб’яднання Германіі філіял Штотца прыйшоў і на ўсходнія нямецкія землі. Да сярэдзіны 90-х яго фірма «Штотц Агра-Сэрвіс» стала адной з найбуйнейшых міжнародных аграсэрвісных кампаній у Еўропе, абслугоўвае тысячы фермерскіх гаспадарак і аграфарміраванняў, з’яўляецца імпарцёрам-экспарцёрам сельгастэхнікі з разгалінаванымі сэрвіснымі службамі.

У Беларусі “Штотц Агра-Сэрвіс” прапісаўся больш за 25 гадоў таму, але да 2000 года фірма займалася збольшага пастаўкамі еўрапейскай сельгастэхнікі, а потым вырашылі пастаўкамі тэхнікі не абмяжоўвацца.

Бізнес будавалі з перспектывай: у вёсцы Старына Смалявіцкага раёна ўзвялі лагістычны цэнтр плошчай 3,5 тысячы квадратных метраў – з боксамі для сельгастэхнікі, складамі запчастак, сэрвіснай майстэрняй. Адкрылі філіялы ва ўсіх абласцях.

Сам спадар Штотц раз на два тыдні наведваўся з Германіі ў Беларусь на прыватным самалёце. А ў 2000-м Лорэнц-Петэр Штотц выкупіў некалькі патанулых у даўгах гаспадарак Смалявіцкага раёна – «Ленінскі шлях» і крыху пазней «Пекалін», разлічыўся з крэдыторамі, выплаціў запазычанасць па зарплаце, абсталяваў гаспадаркі еўрапейскай сельгастэхнікай. Яго дзейнасць вельмі цанілі. Прызналі ганаровым доктарам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У 2012 годзе ў яе сценах ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме ўплыву хімічных сродкаў абароны раслін на павышэнне ўраджайнасці збожжавых культур.

Але толькі напачатку ўсё было добра. Нямецкі ўласнік былых беларускіх калгасаў не спяшаўся выконваць даведзеныя яму планавыя заданні, не імкнуўся ўзначальваць першыя радкі раённай справаздачнасці, трывала ўмацаваўшыся ў групе сераднякоў.

А ў 2015 годзе «Штотц Агра-Сэрвіс» ужо ўвогуле трапіў у «чорны спіс» падаткавікоў.

У 2017 годзе па ініцыятыве інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смалявіцкім раёне Эканамічны суд Мінскай вобласці распачаў справу аб банкруцтве замежнага сельгаспрадпрыемства «Штотц Агра-Сэрвіс». Працэс банкруцтва цягнуўся ажно да красавіка гэтага года.

Чаму беларуская зямля не пайшла на карысць нямецкім інвестыцыям? Можа, таму, што нямецкі бізнес хацеў развівацца па сваім плане, а беларуская дзяржава спрабавала кіраваць, умешвацца, даводзіла свае “прагнозныя паказчыкі”? Дзейнічала так, як у Еўропе не працуюць…

Напэўна, у адказе на гэтае пытанне ў кожнага з бакоў будуць свае аргументы. Але ў любым выпадку, праект які планаваўся як узорны і прарыўны, у выніку стаў бізнес-правалам. І сам гэты факт ужо з’яўляецца нагодай, каб сітуацыю грунтоўна прааналізаваць і зрабіць высновы.

Іван Шаўлюк, Народная Воля