«Я вам перадам свае паўнамоцтвы»: Як Лукашэнка два гады абяцаў падзяліцца ўладай, але не падзяліўся

Адразу пасьля выбараў 2020 году Лукашэнка пачаў абяцаць дэцэнтралізацыю ўлады. «Св*бода» ўзгадвае, як гэта было і што атрымалася.

1577110888_1406879.jpg

2020 год: «Паўнамоцтвы праз Канстытуцыю, а не праз вуліцу»

Адразу пасьля выбараў 2020 году па ўсёй Беларусі выбухнулі пратэсты. Пачаліся і хваляваньні на буйных заводах. У жніўні Лукашэнка пачаў езьдзіць па заводах і ўпэўніваць працоўных у хуткай дэцэнтралізацыі ўлады. Абяцаў нават сыход з паста.

«З новай Канстытуцыяй я з вамі ўжо прэзыдэнтам працаваць ня буду», — казаў Лукашэнка.

На заводзе колавых цягачоў, дзе Лукашэнку крычалі «Сыходзь!», ён заклікаў рабочых да працы над новай Канстытуцыяй.

«Прыходзьце, сядайце, і працуем над Канстытуцыяй. Выносім на рэфэрэндум, прымаем Канстытуцыю, і я вам свае паўнамоцтвы па Канстытуцыі перадам. Але не пад ціскам і не праз вуліцу», — казаў ён тады.

Пасьля Лукашэнка прызнаваўся, што гатовы аддаць 71 сваё паўнамоцтва ў рукі іншых галінаў улады.

«Нават пры цяперашняй Канстытуцыі ніхто не перашкаджае. Вось мы налічылі 57 ці 70 паўнамоцтваў прэзыдэнта, якія, паводле цяперашняй Канстытуцыі, можна перадаць іншым органам улады. Мы пачалі гэта рабіць, каб людзі паглядзелі», — казаў Лукашэнка ў лістападзе 2020 году беларускім дзяржаўным і замежным мэдыя.

Далей — болей: Лукашэнка паабяцаў, што 70–80% сваіх паўнамоцтваў перадасьць парлямэнту ды іншым галінам улады.

«Мы нядаўна дамовіліся з кіраўніцтвам парлямэнту, што для таго, каб працэнтаў на 70–80% паўнамоцтвы прэзыдэнта перадаць парлямэнту, ураду, іншым структурам, Канстытуцыю ламаць ня трэба», — сказаў Лукашэнка.

Падобныя рэчы Лукашэнка працягваў гаварыць увесь 2020 год.

2021 год: «Радыкальна будзем пераразьмяркоўваць паўнамоцтвы»

У лютым 2021 году на чарговым Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка зноў заявіў пра перадачу часткі сваіх паўнамоцтваў іншым галінам улады.

«Таму пераразьмяркоўваць паўнамоцтвы мы будзем. Радыкальна будзем пераразьмяркоўваць. Канстытуцыю — трэцюю ўжо, трэці варыянт — мы падрыхтуем», — сказаў ён.

Тады ж ён выказаў думку, што груз улады, які сабраў ён у сваіх руках, «вельмі цяжкі для чалавека». І ня факт, што новы прэзыдэнт, які прыйдзе да ўлады, гэта вытрымае.

2022 год: «Фундамэнтальныя рэчы — у сфэры паўнамоцтваў прэзыдэнту»

Прынятая ўладай Лукашэнкі праз рэфэрэндум у лютым Канстытуцыя нязначна скараціла ролю Лукашэнкі. Напрыклад, цяпер ён прызначае прэм’ера са згоды Палаты прадстаўнікоў, таксама ён ня зможа прызначаць старшыняў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. На гэтым дэцэнтралізацыя і падзел паўнамоцтваў скончыліся.

Пасьля рэфэрэндуму Лукашэнка ўжо больш не гаварыў пра неабходнасьць дэцэнтралізацыі. Хутчэй наадварот.

«Ёсьць фундамэнтальныя пытаньні — гэта распараджэньне зямлёй (сельгаспрызначэньне, лясныя рэсурсы), а таксама дзяржаўнай уласнасьцю. Гэтыя рэчы знаходзяцца ў сфэры паўнамоцтваў прэзыдэнта, і іх нельга цалкам перадаць па вэртыкалі ўніз, бо неабходны кантроль», — заявіў ён падчас нарады з Саветам міністраў у ліпені гэтага году.

А ў кастрычніку ён наогул сказаў, што ніякай дэцэнтралізацыі ўлады ня будзе.

«Усебеларускі народны сход будзе толькі стратэгіяй займацца і кантролем за выкананьнем гэтай стратэгічнай задачы. Таму як быў прэзыдэнт кіраўніком дзяржавы, так і застанецца», — сказаў Лукашэнка.