Дональд Туск: «Яны сапраўды блізкія да перамогі. Лукашэнка пацярпіць паразу»

«Яны сапраўды блізкія да перамогі. Я гэта магу сказаць, абапіраючыся на свой асабісты досвед, калі быў маладым паўстанцам у камуністычныя часы ў Польшчы. Я памятаю, наколькі эфектыўным можа быць негвалтоўны рух. І гэта таксама феномен Беларусі», перадае словы Туска «Радыё Свабода».

32fc8f4c_4134_4986_90f5_dfba0f1617dd_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

«Дапамога і палітычная падтрымка беларускай рэвалюцыі — не толькі маральны абавязак, але і вельмі рацыянальны палітычны разлік», — кажа дзейны прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі, былы польскі прэм’ер-міністар і прэзідэнт Еўрапейскай Рады Дональд Туск у інтэрв’ю карэспандэнту RFE/RL Рыкарду Юзвяку.

«Мы маем у сваім распараджэнні так званую мяккую сілу ў дачыненні да Лукашэнкі і яго рэжыму»

— Спадар Туск, вы вельмі доўга мелі справу з Беларуссю, з Лукашэнкам і як польскі прэмʼер-міністар, і як прэзідэнт Еўрапейскай Рады. Як вы думаеце, ці Еўразвяз недаацаніў яго?

— Найперш мы павінны ўсведамляць той факт, што ў ЕС няма такой цвёрдай сілы, як вы ведаеце, мы маем у сваім распараджэнні так званую мяккую сілу ў дачыненні да Лукашэнкі і яго рэжыму ў Беларусі. А гэта азначае, што наша роля была і ёсць, вядома, уплываць, падтрымліваць некаторыя рэальныя рухі, людзей, НДА, паказваць, дэманстраваць, як працуюць дэмакратычныя прынцыпы і гэтак далей.

І таму я думаю, што ў цэлым і ў ЕС, магу сказаць тое ж самае пра сябе як польскага прэмʼер-міністра ў 2012–2013 гадах, нашай крэатыўнасці і нашай падтрымкі, вядома, было недастаткова, заўсёды можна зрабіць больш, несумненна. Але трэба прымаць пад увагу ўсе абставіны. Найперш гэта розныя ўражлівасці, розныя інтарэсы ўнутры ЕС, розныя падыходы да Расеі і гэтак далей, і калі мы можам выкарыстоўваць гэты тэрмін пра дыпламатыю ЕС, то нашы агульныя намаганні, наша агульная вонкавая палітыка была адносна эфектыўнай.

Я кажу пра Украіну ў часы Майдану і пазней падчас канфлікту, пра вайну на Данбасе, але таксама і пра Лукашэнку. Галоўнае пытанне сёння не ў тым, што мы зрабілі, а ў тым, што мы можам зрабіць сёння. І асабліва, я думаю, што гэта найбольш важны кантэкст, што мы будзем рабіць у найбліжэйшыя некалькі месяцаў і гадоў.

Мы стварылі вельмі перспектыўны фармат. Я маю на ўвазе Усходняе партнёрства. Магчыма, гэта найлепшы прыклад палітыкі мяккай сілы. Разам з тым у нас абʼектыўна вельмі складаныя абставіны. Гэта маё першае ўражанне, што ЕС, а таксама нашы нацыянальныя ўрады на нацыянальным узроўні, іх намаганні былі вельмі ўражальныя і ў апошнія некалькі месяцаў падчас беларускай рэвалюцыі, асабліва прымаючы пад увагу, што ў нас так шмат абʼектыўных праблем. Сёння, вядома, пандэмія, крызіс нелегальнай міграцыі, фінансавы крызіс, Brexit, трампізм у ЗША ў крытычны момант нашых трансатлантычных дачыненняў. Усё гэта ўскладняла нашы намаганні, намаганні дапамагаць людзям у Беларусі ці ва Ўкраіне. І таму мяне адносна задавальняе тое, што зрабіў ЕС, але, вядома, калі вы спытаеце мяне, ці можам мы зрабіць больш, несумненна, мы заўсёды можам зрабіць больш.

 

«Яны сапраўды блізкія да перамогі»

— Добра, значыць, вы кажаце, што можна зрабіць больш. Што яшчэ можа зрабіць ЕС, каб дапамагчы Беларусі?

— Як я ўжо казаў, самае галоўнае пытанне — як мабілізаваць ЕС у цэлым, а таксама нацыянальныя ўрады, грамадзкую думку ў ЕС у найбліжэйшыя некалькі месяцаў. Таму што я баюся таго, як мы можам адчуваць сёння, што амаль усе перагружаныя пандэміяй. І мы павінны не дапусціць у ЕС так званай «беларускай стомленасці».

Калі я быў прэзідэнтам Еўрапейскай рады, адным з асноўных, найбольш складаных намаганняў (ня толькі для мяне) было — як захаваць Еўропу адзінай і мабілізаванай у дачыненні да Пуціна і яго дзеянняў ва Ўкраіне. Я не сумняваюся, што тое самае мы будзем назіраць і з Беларуссю, але праблема сёння значна больш складаная, вядома, з прычыны пандэміі.

Цяпер я магу расказаць больш падрабязна пра некаторыя дэталі. Не ўсе ў ЕС ведаюць, наколькі шырокі і складаны абʼём нашай дапамогі. Я маю на ўвазе фінансавую дапамогу, і тут я магу згадаць, напрыклад, Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі ( European Endowment for Democracy), вельмі эфектыўную няўрадавую арганізацыю, якая здольная дапамагчы Беларусі ў нейкіх лагістычных і фінансавых аспектах. Гэта і палітычныя намаганні, і тут літоўскі ўрад з’яўляецца найлепшым магчымым прыкладам таго, як падыходзіць да такой праблемы, як вырашэнне крызісу ў Беларусі. Таксама сімвалічная падтрымка, напрыклад, прэмія Сахарава для беларускай апазіцыі і г. д.

Самае галоўнае — гэта ўнікальнае супрацоўніцтва і спалучэнне пазітыўных эмоцый і намаганняў у Беларусі і за яе межамі, я маю на ўвазе ў ЕС. Я ўсё яшчэ пад уражаннем ад апошняй сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і іншымі лідэрамі беларускай апазіцыі. У нейкім сэнсе яны вельмі рамантычныя, вельмі мужныя, нават гераічныя. Але разам з тым яны вельмі рэалістычныя, вельмі адказныя. І яны ведаюць, што магчыма, а што немагчыма, калі гаворка ідзе пра дапамогу з боку ЕС, і яны ўсведамляюць гэты факт, што ў нас ёсць некаторыя абмежаванні, у тым ліку некаторыя адрозненні паміж дзяржавамі-сябрамі.

Сапраўды важна, каб ніхто ў Беларусі не адмовіўся ад гэтага, бо яны сапраўды блізкія да перамогі. Я гэта магу сказаць, абапіраючыся на свой асабісты досвед, бо да гэтага часу памятаю, як быў маладым паўстанцам у камуністычныя часы ў Польшчы. Я ўсё яшчэ памятаю людзей на вуліцах, як спецназ збіваў людзей і гэтак далей. Але разам з тым я памятаю, наколькі эфектыўным можа быць негвалтоўны рух. І гэта таксама феномен Беларусі. Гэта таксама ёсць мэтай маіх суразмоўцаў з Беларусі. Мы павінны быць настолькі ж абачлівымі, як і яны, настолькі ж рашучымі, але адно для мяне абсалютна ясна, што наша дапамога і палітычная падтрымка беларускай рэвалюцыі — не толькі маральны абавязак. Гэта таксама наш вельмі рацыянальны разлік.

Вось чаму я настолькі аптымістычны, бо амаль усе лідэры, якіх я сустракаў за апошнія некалькі месяцаў, ведаюць, што Лукашэнка пацярпіць паразу ў гэтай бітве. Калі гэта не бітва, то напэўна, гэта вайна супраць яго нацыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гэта азначае, што наша ўзаемадзеянне, наш удзел — гэта не толькі маральны абавязак, як я ўжо сказаў, але і вельмі рацыянальны палітычны разлік. І таму я цалкам аптымістычны, што мы будзем працягваць узгодненую падтрымку Беларусі.