ЕС і Вялікабрытанія ўвялі санкцыі супраць кіраўніка ГРУ за кібератакі на парламент Германіі

Еўрасаюз і Вялікабрытанія ўвялі санкцыі супраць двух расіян і 85-га галоўнага цэнтра спецаперацый ГРУ (Галоўнае ўпраўленне Генштаба Узброеных сіл Расіі) за кібератакі на  парламент Германіі ў красавіку 2015 года.



Фото з сайта bb.lv

Фото з сайта bb.lv

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза і заяве МЗС Вялікабрытаніі, паведамляе «Дождь».

Атака на нямецкі парламент у 2015 годзе доўжылася амаль месяц. За гэты час сістэме ўдалося спампаваць не меней 16 гігабайт даных, у тым ліку дзясяткі тысяч электронных лістоў чальцоў бундэстага і прыёмнай канцлера Ангелы Меркель.

Пад санкцыі ЕС трапілі начальнік Галоўнага ўпраўлення Генштаба Ігар Касцюкоў і супрацоўнік ГРУ Дзмітрый Бадзін. ЕС раней уводзіў санкцыі супраць Ігара Касцюкова з-за атручвання ў Вялікабрытаніі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

А ордэр на арышт Бадзіна ўлады Германіі выдалі яшчэ ў траўні 2020 года. Журналісты The Insider і Bellingcat у адным са сваіх расследаванняў прыйшлі да высновы, што менавіта ён удзельнічаў у распрацоўцы шкоднага кода, які выкарыстоўваецца ў большасці кібератакі ГРУ.

Ігар Касцюкоў — кіраўнік ГРУ. Раней пад яго камандаваннем знаходзіўся 85-ы галоўны цэнтр спецслужбаў, таксама вядомы як вайсковая частка №26165, або пад назвамі хакерскіх груповак Fancy Bear, APT28, Pawn Storm.

Акрамя атакі на нямецкі парламент у 2015 годзе, супрацоўнікі вайсковай часткі №26165 абвінавачваюцца ва ўзломе сервераў Нацыянальнага дэмакратычнага камітэта ЗША ў ліпені 2018 года, нападах на ФІФА, Міжнароднае антыдопінгавае агенцтва і хімічныя лабараторыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, а таксама ў спробе ўзлому сеткі Wi-Fi арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Усе гэтыя напады адбыліся ў 2018 годзе.