Яўген Прэйгерман: фактар Беларусі істотна ўзмацняе рэгіянальную эскалацыю

У цэнтры Еўропы не можа быць зацяжнога ўнутрыпалітычнага канфлікту, зацягванне канфлікту ў Беларусі робіць яго геапалітычным.

zanoczy_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__16__logo_2.jpg

На мінулым тыдні Савет па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» прэзентаваў даклад «Бяспека Усходняй Еўропы ў 2021 годзе: балканізацыя рэгіёна». Растлумачыць асноўныя меседжы дакладу Thinktanks.by папрасіў заснавальніка і дырэктара Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» Яўгена Прэйгермана.

— У дакладзе зроблены выснова, што рэгіён знаходзіцца нават не ў перадваеннай сітуацыі, а ўжо ў сітуацыі ваеннага канфлікту. Такім чынам, і Беларусь знаходзіцца ў стане ваеннага канфлікту?

— Не зусім так.

«Мінскі барометр» у 2017-2018 годзе распрацаваў метадалогію падліку працэсаў і падзей у галіне рэгіянальнай бяспекі, каб звесці карціну да адзінага паказчыка; кожныя два месяцы мы выводзім індэкс рэгіянальнай бяспекі. Мы глядзім на працэсы і падзеі, прысвойваем ім лічбавае значэнне і атрымліваем выніковую лічбу.

Атрыманыя па нашай метадалогіі лічбы сведчаць аб тым, што сёння рэгіён знаходзіцца ў стане вайны. Гаворка ідзе не толькі пра Беларусь, але пра ўвесь рэгіён Усходняй Еўропы, а гэта, як мінімум, сама Беларусь, Расія, Украіна, Польшча і краіны Балтыі.

— Якую ролю ў ваенным канфлікце адыгрывае сёння Беларусь? Як гэтая роля змянілася за апошні год?

— Роля Беларусі ў ваенным канфлікце змянілася істотна. Змена пазіцыі па прасоўванні сітуацыйнага нейтралітэту, які папярэднія пяць гадоў стрымліваў далейшую эскалацыю напружанасці ў рэгіёне, кардынальна змяніла абстаноўку. Цяпер, калі Беларусь прадэкларавала адыход ад сітуацыйнага нейтралітэту, калі сама займаецца мілітарызацыяй, асабліва з улікам міграцыйнага крызісу, фактар Беларусі істотна ўзмацняе рэгіянальную эскалацыю. Гэта значыць, замест плюсу для стабільнасці ў рэгіёне Беларусь гуляе ў мінус.

— Значыць, цяпер мы назіраем адмову Беларусі ад сітуацыйнага нейтралітэту?

— Ва ўсякім выпадку, пра гэта сведчаць заявы аб неабходнасці прыбраць з Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту. А потым, не залежна ад таго, падабаецца камусьці ці не падабаецца ўлада ў Беларусі, але калі вонкавымі намаганнямі яна падштурхоўваецца ў пэўным кірунку, то рана ці позна яна акажацца менавіта там.

— Эксперты згадваюць беларускі крызіс у адным лагічным ланцужку з крымскім і данбаскіх канфліктам. Значыць, Беларусь сама ператварылася ў ачаг напружання ў рэгіёне?

— На жаль, менавіта так. Прычым Беларусь — не проста дадатковая кропка напружання, яна дапаўняе логіку іншых пунктаў напружання ў рэгіёне. Калі мы кажам, што Беларусь з дапамогай сітуацыйнага нейтралітэту гуляла стабілізуючую ролю, то мы маем на ўвазе Крым, Данбас. Нейтральная пазіцыя Беларусі трохі размывала, зніжала агульны градус напружанасці і не давала распаўсюджвацца логіцы супрацьстаяння на ўвесь рэгіён: у Беларусі дзейнічалі падкрэсленыя меры транспарэнтнасці, актыўна працавалі двухбаковыя пагадненні з краінамі-суседзямі ў галіне даверу і бяспекі. А цяпер, калі гэта знікла, утварыўся агульны пояс нестабільнасці ў рэгіёне.

— Па якіх прычынах Беларусь сама актыўна мілітарызуецца? Наўрад ці ўсё варта спісваць на знешні фактар.

— Цалкам відавочна, што пасля ўзнікнення палітычнага крызісу беларускія ўлады, за адсутнасцю іншых магчымасцяў, сталі на шлях мілітарызацыі. Першы крок да мілітарызацыі насіў унутрыпалітычны характар, але пасля ён стаў геапалітызавацца. На жаль, гэта тое, чаго не разумеюць прадстаўнікі абодвух бакоў у беларускім супрацьстаянні: калі ў краіне ўзнікае ўнутрыпалітычны канфлікт, які ніяк нельга растлумачыць знешнімі прычынамі, і ён не вырашаецца досыць хутка, то непазбежна геапалітызуецца. Таму ўсе размовы пра тое, што пратэст не мае геапалітычнага вымярэння, зыходзяць ад людзей, якія не разумеюць механікі: у цэнтры Еўропы не можа быць зацяжнога ўнутрыпалітычнага канфлікту, зацягванне канфлікту ў Беларусі робіць яго геапалітычным.

— Любы канфлікт, тым больш рэгіянальны, раней ці пазней павінен атрымаць нейкае вырашэнне. Ці сведчыць цяперашняе становішча рэчаў аб тым, што перарастанне канфлікту ў гарачую фазу становіцца непазбежным?

— На жаль, больш магутны штуршок, які можа мець і ваеннае ўвасабленне ў выглядзе актыўнай фазы сутыкнення, вельмі верагодны.

Пасля халоднай вайны мы аказаліся ў сітуацыі, калі і грамадства, і палітычныя лідары краін рэгіёну і сусветных лідараў (ЗША, напрыклад) забыліся, што такое сапраўдная небяспека вайны. Быццам бы ўсё разважаюць пра рызыкі мілітарызацыі, але па-сапраўднаму ніхто не верыць, што можа ўспыхнуць сур'ёзна. Пасля абвастрэння на Данбасе прайшоў некаторы час, здаецца, людзі гэтага не адчуваюць. На жаль, пакуль па-сапраўднаму не адчуюць, пакуль рэальна не спалохаюцца вайны, малаверагодна, што пачнецца сур'ёзная дыскусія з эфектыўнымі вынікамі аб зніжэнні яе рызык. Мы ўсе згаджаемся, што верагоднасць ваеннай успышкі вельмі і вельмі вялікая.

— І не выключана, што эпіцэнтрам гарачай успышкі можа стаць Беларусь?

— На жаль, так. Усе бакі міграцыйнага крызісу, у тым ліку і Беларусь, і краіны NАТO, дэкларуюць, што разумеюць рызыкі і хочуць пазбегнуць рэзкай ваеннай эскалацыі. Але не трэба вялікага розуму, каб уявіць, што можа адбыцца ад кінутай запалкі на той жа мяжы.

Мала таго, што міграцыйны крызіс — вельмі спрыяльнае асяроддзе для кінутай запалкі, самае небяспечнае ў гэтай сітуацыі тое, што перасталі працаваць меры ўзаемнага даверу і бяспекі, якія адыгралі каласальную ролю ў папярэднія пяць гадоў.

Юрый Камнеў, Thinktanks.by

Пераклад НЧ