Кадры вырашаюць усё!

На мінулым тыдні нас шчыра здзівілі некаторыя людзі. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка. Тое, як ён «разагнаў урад» і па­абяцаў міністра прамысловасці Воўка зрабіць альбо дырэктарам, альбо ў турму, выклікала захапленне ў тых, хто не сочыць за кадравымі перастаноўкамі.

Фота kapital.kz

Фота kapital.kz

Нават украінцы ў Чарнігаве, дзе я быў неўзабаве пасля «Аршанскай бітвы», захапляліся: «Як ваш «бацька» міністраў разнёс!» Даводзілася тлумачыць, што ўсё гэта — на публіку.

Так яно, урэшце, і выйшла. Экс-міністр Воўк усплыў 18 верасня падчас кадравых прызначэнняў. І Лукашэнка паслаў яго не ў турму ці Оршу, а прызначыў на пасаду памочніка — інспектара па Віцебскай вобласці.

Гэтая пасада прыраўноўваецца да міністэрскай, а магчымасці ў інспектара яшчэ шырэйшыя. Пры прызначэнні Лукашэнка так патлумачыў свой выбар: «Я думаю, з тваім вопытам гэта нескладаная для цябе праца. І я хачу прама сказаць: усе бу­дуць задавацца пытаннем, чаму Воўк, — мне проста шкада Воўка як кіраўніка прадпрыемства», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён згадаў, што ў бытнасць Воўка дырэктарам Мінскага завода колавых цягачоў на прадпрыемства было «люба-дорага паглядзець».

Вельмі арыгінальна дараваў Воўку Лукашэнка і «недахопы» як міністра прамысловасці: маўляў, усе яны і не залежалі ад кіраўніка ведамства.

Карацей, Аляксандр Рыгоравіч у чарговы раз згуляў у «добрага цара і дрэнных баяраў». А калі іншых «баяраў» у яго няма — што ж зробіш, даводзіцца прызначаць памочнікамі тых, хто ёсць.

Праўда, аўтар палітычнай біяграфіі Лукашэнкі, палітолаг Валерый Карбалевіч лічыць, што кіраўнік Беларусі вымушаны захоўваць у дачыненні да наменклатуры пэўны баланс. З аднаго боку, патрэбныя пастаянныя рэпрэсіі супраць чыноўнікаў (інакш яны перастануць баяцца). З другога — нельга перагнуць палку, каб не пазбавіцца лаяльнасці наменклатуры. Калі чыноўнікам няма чаго губляць, то можа здарыцца наменклатурны бунт.

Карбалевіч згадвае «былых»: міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава і экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна, якія пасля вызвалення ад пасадаў сышлі ў апазіцыю, а Казулін нават склаў канкурэнцыю на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.

Зараз на носе ў кіраўніка дзяржавы — чарговыя выбары. «А былы міністр у статусе кандыдата — гэта вам не апазіцыянер без кіруючага вопыту, гэта сур’ёзна. І яшчэ невядома, як на гэта адрэагуе наменклатура», — слушна зазначае Карбалевіч.

Так што бліжэйшым часам «добры цар» будзе не толькі караць, але і мілаваць.

У гэтым рэчышчы мы хутка пабачым на экранах яшчэ аднаго чалавека. На тэлеканале «Беларусь 2» у новым сезоне стартуе адразу некалькі сямейных шоў. Адно з іх пад назвай «Трэці лішні» будзе весці псіхатэрапеўт і гештальт-трэнер Андрэй Мяцельскі. «Героямі яго стануць звычайныя сем’і, якія сутыкнуліся з праблемай «трэцяга лішняга» ў сваім доме. На працягу трох дзён яны выконваюць няпростыя і часам цалкам незразумелыя ім заданні вядучага дзеля дасягнення выніку — міру ў сям’і», — анансуе змест кастрычніцкай перадачы БелТА.

Раней Мяцельскі каментаваў на БТ справу «Белага легіёна»: ён назваў легіянераў «нацыстамі», а пасля спрабаваў апраўдацца. Таксама ён удзельнічаў у кампраметацыі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной. Па яе твару для БТ ён счытаў: «Выказвае злосць, агіду, адрынанне і імкненне схаваць праўду». Прыкладна тое ж ён казаў і пра Уладзіміра Някляева.

Больш за ўсё пытанняў выклікаў яго каментар наконт сітуацыі з рухам #MeToo. Мяцельскі патлумачыў прычыны сэкс-скандалаў наступным чынам: «Там жанчыны ўсе вельмі непрыгожыя. Можа, гэта сапраўды парадаксальная спроба прыцягнуць да сябе ўвагу».

Але самае цікавае, паводле звестак інтэрнэту, у Мяцельскага ёсць дзеці, а ў яго профілі «УКантакце» напісана, што ён «не жанаты». Гэты чалавек будзе вучыць тэлегледачоў «міру ў сям’і»? Ці гэта своеасаблівая «падзяка» за ранейшыя паслугі?

Яшчэ адзін цікавы чалавек тыдня, безумоўна, — міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Па яго словах, на маючых адбыцца ў Беларусі буйных спартыўных падзеях — Еўрапейскіх гульнях 2019 года і Чэмпіянаце свету па хакеі, які пройдзе ў Беларусі і Латвіі ў 2021 годзе, — будуць задзейнічаныя расійскія паліцэйскія. «Расійскія калегі з Міністэрства ўнутраных спраў дэлегуюць нам сваіх супрацоўнікаў на час правядзення II Еўрапейскіх гульняў і Чэмпіянату свету па хакеі. Гэта, безумоўна, павысіць эфектыўнасць прымаемых мер па забеспячэнні грамадскага парадку», — заявіў Шуневіч.

Што б гэта азначала? Падаецца, мы выдатна справіліся з такім жа Чэмпіянатам свету 2014 года. Тым больш, што, паводле дадзеных ААН, мы ці не першыя ў свеце па колькасці праваахоўнікаў — 1442 міліцыянты на 100 тысяч насельніцтва. Навошта нам у Сінявокай сілавікі чужой краіны? Каб гэта быў «абмен досведам у межах Саюзнай дзяржавы» — дык кіраўнік МУС такога не казаў…

Прычым заява Шуневіча вельмі цікавая ў іншым кантэксце. Ананімны расійскі тэлеграм-канал «Незыгарь», які спецыялізуецца на, так бы мовіць, «персанальнай» палітычнай аналітыцы па краінах СНД, парадаваў нас новым «выдатным інсайдам» па беларускай праблематыцы. Згодна яму, 21 верасня ў Сочы на сустрэчы кіраўнікоў Расіі і Беларусі з удзелам прэм’ер-міністраў і віцэ-прэм’ераў краін беларускі кіраўнік павінен быў паведаміць Пуціну імя свайго пераемніка. «Далейшае яго знаходжанне (ва ўладзе), як і працяг сямейнай дынастыі, адкінулі», — піша «Незыгарь».

«Незыгарь», які мае 175 тысяч падпісчыкаў, не першы месяц вядзе інфармацыйную атаку як на беларускія ўлады, так і на беларускае грамадства. Ён паведаміў нібыта пра інсульт Луккашэнкі, а таксама пра тое, што Румас мае намер цалкам выкараніць рускую мову ў рабоце ўрада. «Чытаючы такія «інсайды», толькі і хочацца, што пакруціць пальцам ля скроні», — піша «Наша Ніва».

Але жыццё тым і адрозніваецца ад вымыслу, што ідзе не па напісаным сцэнары, і ў ім магчымыя самыя вар’яцкія рэчы. Улічваючы, што 2019–2020 гады ў нас — гады парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, ці не будуць расійскія паліцэйскія «гарантаваць перадачу ўлады» таму, каго, згодна «Незыгарю», вызначыць Пуцін?