МУС супраць краіны

Падавалася б, у Міністэрства ўнутраных спраў багата тых самых спраў, каб улазіць у бессэнсоўныя спрэчкі. Але кіраўнік ведамства Ігар Шуневіч за якімсьці лядам вырашыў «пайсці ў ай-ці». І зноў адбыўся выпадак, калі лепш маўчаць, чым гаварыць.

kamputar_1_logo.gif


Кіраўнік МУС ацаніў законапраект па ідэнтыфікацыі інтэрнэт-карыстальнікаў. Ацэнка ўражвае: паводле яго меркавання, усе павінны хадзіць у шыхце і ў аднолькавым адзенні. Калі БелТА правільна перадала словы Шуневіча, то ён лічыць, што любая дзейнасць павінна здзяйсняцца згодна з пэўнымі правіламі, а калі гэтых правілаў няма — адбываецца анархія, безуладдзе і прыніжэнне правоў, свабод і асобы грамадзяніна.

«Давайце прызнаемся, інтэрнэт зараз — гэта зона абсалютна безадказных паводзінаў, выказванняў, меркаванняў, абраз, распаўсюджвання паклёпу, здзяйснення канкрэтных крымінальных злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў. За кожны ўчынак чалавек павінен адказваць, асабліва калі ён парушае нечыя правы, інтарэсы. Зыходзячы з гэтага, лічу мэтазгодным, правільным і своечасовым вырашэнне пытання аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу. Гэта дысцыплінуе тых людзей, якія сёння не ведаюць ні правоў, ні межаў, ні маралі, ні прынцыпаў. Усёдазволенасці ў нейкай ступені будзе пастаўлены бар’ер», — заявіў Шуневіч.

Пасля такіх словаў, выказаных публічна, у нармальнай краіне міністр сыходзіць у адстаўку. Вынікае, што Шуневічу не падабаюцца свабодныя выказванні і меркаванні? Аднак гэтую свабоду гарантуе беларуская Канстытуцыя, артыкул 33: «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне». Такім чынам, міністр унутраных спраў заклікае абмежаваць гарантаваныя Канстытуцыяй правы — то-бок, парушыць Асноўны закон краіны. А калі міністр ведамства, адказнага за выкананне закону, сам заклікае парушаць закон — гэта ўжо фініш.

Чаму Шуневіч заклапаціўся рэгуляцыяй інтэрнэту — зразумела. Тыдня не праходзіць, каб у навінах не вылазілі б непрывабныя ўчынкі і дзеянні яго падначаленых. Сам кіраўнік МУС называе гэта «інфармацыйнай вайной», але насамрэч — гэта вынік яго працы.

Як можа быць законапаслухмянай міліцыя, кіраўнік якой выходзіць на людзі ў форме НКУС — структуры, якая славілася сваімі катаваннямі, беззаконнем і беспакаранасцю?

Зразумела ж, шарагоўцы бяруць прыклад са свайго кіраўніцтва. І калі ўжо міністр заклікае парушаць Канстытуцыю — які міліцыянт будзе звяртаць увагу на закон?

Як ні дзіўна, адмыслоўцы не вельмі занепакоеныя чарговай «рэгуляцыяй інтэрнэту». З гэтай нагоды выказаўся кіраўнік tut.by Юры Зісер, свае «пяць капеек» уставіла Беларуская асацыяцыя журналістаў — і на гэтым «хайп», як зараз модна казаць, скончыўся. Скончыўся па вельмі простай прычыне: распрацоўшчыкі сістэмы «ідэнтыфікацыі карыстальнікаў» у чарговы раз спазніліся. Свой рэгулятар па нумары тэлефона альбо яшчэ чым яны выдумалі для нават не ўчорашняга — пазаўчорашняга дня. Зараз на сайце нешта каментуюць зусім апантаныя людзі (і мы ім за гэта ўдзячныя, праўда). Асноўная частка каментараў прыхо­дзіцца на сацыяльныя сеткі, і, падаецца, няма ўжо ніводнага сайту, на якім бы не было б інтэграцыі з гэтымі сеткамі: «Аднакласнікамі», «УКантакце», «Фэйсбукам».

Што тычыцца адміністрацыйных і крымінальных злачынстваў, пра якія казаў спадар Шуневіч, то яны абмяркоўваюцца праз месенджары — той жа «Тэлеграм», які беспаспяхова спрабавалі «накрыць» у Расіі.

Валадар «Фэйсбука» Марк Цукерберг і стваральнік «Тэлеграма» Павел Дураў пра Шуневіча нават не чулі і наўрад ці спалохаюцца яго ды пачнуць выконваць беларускія навацыі.

Чарговая спроба прыкрыць інтэрнэт, паставіць пад кантроль яго карыстальнікаў — шлях у нікуды. Колькі ўжо разоў казалі: інтэрнэт — толькі люстэрка. Можа, катэгарычнае, безапеляцыйнае, радыкальнае — але люстэрка настрояў грамадства. І калі гэтае люстэрка камусьці не падабаецца, ад спробаў яго замаляваць альбо разбіць настроі грамадства не зменяцца.

А вось улада закрые чарговы канал «зваротнай сувязі» і не будзе ведаць і адчуваць, што творыцца ў соцыуме. А потым са здзіўленнем будзе назіраць за чарговымі «маршамі недармаедаў» і, як кажа Аляксандр Рыгоравіч, «гвалтам крычаць»: прафукалі, прамаргалі.

Небяспека не толькі ў адсутнасці зваротнай сувязі. Святое месца не бывае пустым, і на месца беларускіх каментатараў прыйдуць замежныя «спецыялісты» — магчыма, з расійскай «фабрыкі троляў» у Ольгіна. Менавіта яны пачнуць фармаваць беларускую інтэрнэт-думку. У выніку адбудзецца тое, пра што папярэджваў нават Лукашэнка: «Або ў склад якой-небудзь дзяржавы ісці, або аб нас проста будуць выціраць ногі, а не дай Бог — развяжуць яшчэ вайну, як ва Украіне».

І тады мы ўзгадаем, хто пусціў у інфармацыйную прастору Сінявокай ідэалагічных дыверсантаў.