Каго спрабавалі пазбавіць суверэнітэту пасля Другой сусветнай вайны і чым гэта скончылася
Расея хоча пазбавіць Беларусь суверэнітэту? А як гэта можа выглядаць?
Перадумовы
Канцлер Германіі Олаф Шольц 14 чэрвеня зноў расказаў аб наяўнасці ў Пуціна планаў па паглынанні Беларусі. Аналагічныя заявы Шольц рабіў і раней — месяц таму, 14 траўня, і ў жніўні мінулага года.
Пры гэтым, хаця беларускія ўлады гавораць аб сваёй гатоўнасці «зрабіць усё» дзеля абароны суверэнітэту, многія эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што фактычна Лукашэнка крок за крокам здае Расіі тое, што яшчэ засталося ад беларускай незалежнасці. Але ўвогуле страта дзяржаўнага суверэнітэту, а тым больш яго добраахвотная здача — вельмі рэдкая падзея. «Люстэрка» назбірала некаторыя прыклады.
Захопы краін, якія суправаджаліся поўным знішчэннем іх дзяржаўнасці, былі звычайнай з'явай у чалавечай гісторыі да заканчэння Другой сусветнай вайны. Пасля гэтай падзеі палітычная карта свету засталася дынамічнай, але ў пераважнай большасці выпадкаў змены на ёй выклікаліся ўтварэннем новых дзяржаў падчас распаду старых. Колькасць незалежных дзяржаў-членаў ААН у свеце няўхільна расце — ад 51 краіны-заснавальніцы ў 1945 годзе да 193 цяпер. Можна літаральна на пальцах пералічыць выпадкі пасля Другой сусветнай вайны, калі незалежныя дзяржавы пазбаўляліся свайго суверэнітэту або набліжаліся да такога стану.
ТыморУ 1975 годзе пасля некалькіх стагоддзяў партугальскага праўлення незалежнасць абвясціла ўсходняя палова выспы Тымор у Малайскім архіпелагу. Праіснавала гэта суверэннае ўтварэнне зусім нядоўга. Усяго праз два дні Усходні Тымор акупавала суседняя і значна буйнейшая за яго Інданезія (уладанне Нідэрландаў, якое атрымала незалежнасць у 1945 годзе).
Адразу пасля ўварвання Генасамблея і Рада Бяспекі ААН асудзілі дзеянні Інданезіі. Акупацыя Усходняга Тымора суправаджалася шырокім ужываннем гвалту супраць тых тыморцаў, хто не пагадзіўся са стратай незалежнасці. Супраць іх ужывалі напалм, хімічную зброю, атручаныя ежу і ваду. Па даных ААН, інданезійцы вінаваты ў смерці 180 тысяч мірных жыхароў выспы — пры тым, што на момант кароткачасовага здабыцця незалежнасці ва Усходнім Тыморы жыло ўсяго каля паўмільёна чалавек. 90% з іх ліку памерлі ад штучна справакаванага голаду. Задакументаваны жудасныя публічныя пакаранні тыморцаў з закапваннем і спаленнем жыўцом, адразаннем вушэй і геніталій. Тысячы ўсходнетыморскіх жанчын падвергліся згвалтаванням і сексуальным дамаганням. Усе гэтыя «інструменты» выкарыстоўваліся акупацыйнымі ўладамі для таго, каб усяліць у прыхільнікаў незалежнасці пачуццё бяссілля, глыбокага жаху і безнадзейнасці.
Захоп Усходняга Тымора і яго чвэрцьвекавая акупацыя нанеслі вялізную шкоду рэпутацыі Інданезіі і яе міжнароднаму аўтарытэту. У рэшце рэшт у 1999 годзе сусветная супольнасць (у першую чаргу Аўстралія і ЗША) прымусілі Джакарту пагадзіцца на правядзенне рэферэндуму ва Усходнім Тыморы для вызначэння яго палітычнай будучыні.
30 жніўня ў рэферэндуме прынялі ўдзел 98,6% усходніх тыморцаў, 78,5% зрабілі выбар на карысць незалежнасці. Пры падрыхтоўцы да рэферэндуму і падчас яго па краіне пракацілася хваля тэрору з боку акупацыйных улад і іх мясцовых прыхільнікаў. А пасля абвяшчэння вынікаў Усходні Тымор быў «пакараны» гвалтоўнымі дэпартацыямі насельніцтва ў заходнюю, інданезійскую частку выспы, знішчэннем інфраструктуры і пакараннямі некалькіх соцень (а магчыма, і тысяч) чалавек. Калі ў канцы верасня ва Усходнім Тыморы высадзіліся міжнародныя міратворцы, яны выявілі, што ў краіне разбурана 80% школ і клінік, а дзве траціны насельніцтва пазбавіліся свайго жылля.
Кувейт
Іншая спроба пазбавіць суверэнітэту незалежную дзяржаву адбылася ў 1990 годзе. Тады Ірак за лічаныя гадзіны захапіў свайго паўднёвага суседа — Кувейт. На тэрыторыі захопленага эмірата акупанты спачатку абвясцілі марыянетачную Рэспубліку Кувейт, а затым уключылі яе ў склад Ірака на «правах» 19-й правінцыі.
Большасць краін не ацанілі захопу суверэннай дзяржавы, якая была прызнана сусветнай супольнасцю і ўваходзіла ў склад ААН. Пад эгідай ААН была сфарміравана найбуйнейшая з часоў Другой сусветнай вайны міжнародная кааліцыя з 39 краін, якая ў 1991 годзе вызваліла Кувейт і разграміла войска іракскага дыктатара Садама Хусейна. Пасля гэтых падзей Ірак канчаткова перайшоў у становішча дзяржавы-ізгоя. А ў 2003 годзе на існаванні рэжыму Хусейна была пастаўлена кропка падчас вайсковай аперацыі «Іракская свабода» войскаў ЗША і іх саюзнікаў. Сам Ірак пасля гэтага на доўгія гады пагрузіўся ў стан зацяжнога ўзброенага канфлікту паміж рознымі ўнутранымі і знешнімі сіламі.
Сенегамбія
Яшчэ адзін выпадак, які гіпатэтычна мог прывесці да страты суверэнітэту адной з дзяржаў-членаў ААН, у пасляваенны час адбыўся ў Афрыцы. На крайнім захадзе гэтага кантынента ў пачатку 1980-х гадоў адбываліся падзеі, у нечым падобныя да працэсу стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Там у адзінае ўтварэнне пад назвай Сенегамбія спрабавалі аб'яднацца былая французская калонія Сенегал і былая брытанская калонія Гамбія.
Сенегамбія гістарычна з'яўлялася адзіным геаграфічным рэгіёнам у басейнах рэк Сенегал і Гамбія, які быў адвольна падзелены мяжой, праведзенай каланізатарамі. Сенегал атрымаў незалежнасць ад Францыі і Федэрацыі Малі ў 1960 годзе, а Гамбія стала суверэннай праз пяць гадоў. Пры гэтым Сенегал значна буйнейшы: у 1982 годзе, калі краіны вырашылі аб'яднацца, яго засяляла каля 6 мільёнаў чалавек, а Гамбію — каля 770 тысяч.
Мудрагелістая сумесная мяжа дзвюх краін рабіла Гамбію паўанклавам унутры сенегальскай тэрыторыі — і адначасова аддзяляла ад асноўнай часткі Сенегала схільны да сепаратызму рэгіён Казаманс. 1 лютага 1982 года Сенегал і Гамбія аб'ядналіся ў канфедэрацыю, у рамках якой планавалі стварыць аб'яднаныя ўзброеныя сілы, паліцыю, эканоміку і грашовую сістэму. Краіны павінны былі захаваць уласныя ўрады, але былі створаны і агульныя міністэрствы з прэзідэнтам-сенегальцам і віцэ-прэзідэнтам гамбійцам на чале. У агульным парламенце канфедэрацыі Сенегал павінен быў мець дзве траціны месцаў.
Сенегамбія была прагматычным саюзам, выгадным на момант аб'яднання абедзвюм краінам. Тым не менш, хаця дагавор аб зліцці прадугледжваў захаванне за кожнай краінай яе дзяржаўнай незалежнасці, у 1989 годзе канфедэрацыя была распушчана з-за боязі Гамбіі страціць свой суверэнітэт.
Гэтыя тры прыклады паказваюць, што пазбаўленне суверэнітэту ніколі не праходзіць гладка, натыкаючыся на супраціў прыхільнікаў незалежнасці ўнутры краіны і міжнароднай супольнасці звонку. Як правіла, яно багата на сур'ёзныя наступствы для агрэсара — эканамічныя, палітычныя ці нават вайсковыя. І нават мірнае і ўзаемавыгаднае ў нейкі момант аб'яднанне ў рэшце рэшт прыпыняецца і дае задні ход, калі, вядома, для яго няма нейкіх экстраардынарных прычын.
Занзібар
Выпадак поўнай страты суверэнітэту адбыўся ў пачатку 1960-х гадоў ва Усходняй Афрыцы. У 1961 годзе Вялікабрытанія дала незалежнасць мандату Танганіька, а ў 1963-м — размешчанаму ля яе ўсходняга ўзбярэжжа невялікаму архіпелагу Занзібар. На Занзібары пасля гэтага амаль маментальна адбылася рэвалюцыя, якая скінула ўладу мясцовага арабскага султана і суправаджалася масавымі забойствамі мясцовых арабаў і індыйцаў.Народная Рэспубліка Занзібара і Пембы, якая ўтварылася на месцы астраўной манархіі, таксама не адрознівалася палітычнай стабільнасцю. Гэта краіна паспела атрымаць дыпламатычнае прызнанне з боку некаторых камуністычных дзяржаў. Але ўжо ў 1964 годзе прэзідэнт Занзібара Амані Абэйд Каруме, баючыся, што не зможа захаваць уладу, дамовіўся з суседняй Танганьікай аб стварэнні федэратыўнай дзяржавы.
Спачатку яна называлася Аб'яднанай Рэспублікай Танганьікі і Занзібара, а крыху пазней змяніла назву на больш звыклую нам Танзанію (з'яўляецца скарачэннем ад назваў дзвюх папярэдніх дзяржаў). Занзібар у ёй з'яўляецца аўтаноміяй, якая ўключае пяць з 31 вобласці краіны — з уласным прэзідэнтам, урадам і парламентам, але без міжнародна прызнанага дзяржаўнага суверэнітэту.
Зрэшты, нельга сказаць, што ўтрыманне аднаасобнай дыктатарскай улады шляхам здачы суверэнітэту сваёй краіны пайшло на карысць і дазволіла доўга спачываць на лаўрах. Акрамя захавання пасады прэзідэнта Занзібара, Каруме атрымаў яшчэ і другую па важнасці ў аб'яднанай Танзаніі пасаду віцэ-прэзідэнта, хоць у кантынентальнай частцы краіны практычна не бываў і яе справамі не цікавіўся.
Але ў адзін з красавіцкіх вечароў 1972 года ў памяшканне, дзе Каруме гуляў у карты з таварышамі, уварваліся чацвёра ўзброеных мужчын. У перастрэлцы, якая завязалася, нападнікі застрэлілі палітыка, што заплаціў незалежнасцю сваёй краіны за свае персанальныя палітычныя амбіцыі.