Калі палітычныя перакананні не спрыяць развіццю краіны, гэта ўжо не прадстаўнік народа
"Палітычныя перакананні павінны спрыяць развіццю краіны, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня на сустрэчы з кіраўнікамі місіі АБСЕ. — Калі гэта насуперак, то гэта ўжо не прадстаўнік народа".
Выбары не павінны дэстабілізаваць становішча ў краіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня на сустрэчы з кіраўнікамі місіі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) па назіранні за парламенцкай кампаніяй у Беларусі.
У сустрэчы ўзялі ўдзел спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на выбарах у Палату прадстаўнікоў, намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд і кіраўнік місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ па назіранні за выбарамі Тана дэ Зулуета, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
"Мы не хочам, каб выбары дэстабілізавалі становішча ў краіне. Дзякуй богу, апошнія выбары ў нас да гэтага не прывялі, і я буду рабіць усё, каб так не здарылася і пасля гэтых парламенцкіх выбараў", — сказаў Лукашэнка.
"Нам многія і шмат раяць. Мы добрыя вучні, вучыцца ніколі не позна. Але мы будзем рабіць усё, каб было як найлепш для беларускага народа, каб мы выконвалі і адпавядалі асноўным дэмакратычным крытэрам такіх выбараў", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Галоўнай сваёй задачай пры арганізацыі выбараў Лукашэнка назваў "бяспеку, сумленнасць і прынцыповасць". "І я буду рабіць усё, каб выбары ў нас прайшлі такім чынам і каб пасля выбараў наша краіна заставалася такой жа адкрытай, чыстай, сумленнай і бяспечнай", — заявіў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, яго роля ў выбарчым працэсе як прэзідэнта складаецца ў тым, каб забяспечыць дакладнае і бездакорнае выкананне законаў і ўсяго заканадаўства Беларусі аб выбарах згодна з Канстытуцыяй. "Я гэта павінен забяспечыць. Гэта мае функцыянальныя абавязкі. Я павінен зрабіць усё, каб працэс галасавання быў сумленным, адкрытым і прайшоў у абсалютнай бяспецы. Каб людзі ішлі на выбары як на свята", — дадаў ён.
Што да складу новага парламента, то, як запэўніў Лукашэнка, ён зацікаўлены, каб туды прайшлі "сапраўдныя прафесіяналы". "Усё роўна, хто яны будуць па сваіх палітычных перакананнях. Паверце, у парламенце павінны працаваць людзі, якія ўмеюць працаваць і пісаць законы", — адзначыў ён.
"Вы добра знаёмыя з парламенцкай працай, я таксама быў дэпутатам. Гэта перш за ўсё заканатворчасць, і наш парламент гэтаму надае асноўную ўвагу, гэта самая галоўная яго задача. І ў гэтым плане я зацікаўлены, каб там былі прафесіяналы. За тыя гады, калі я працую прэзідэнтам, я не магу сказаць, каб у нас быў непрафесійны парламент. Гэта былі патрыёты, якія шануюць сваю краіну і якія ўмеюць працаваць", — сказаў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Кент Харстэд добра інфармаваны аб выбарах у Беларусі. "Магчыма, пра сітуацыю, якая складваецца на выбарах, разам са сваімі калегамі вы інфармаваныя больш, чым я", — выказаў меркаванне ён.
Назіральнікам, паводле слоў Лукашэнкі, неабходна добра пазнаць краіну, беларускі народ, бліжэй пазнаёміцца з самой сутнасцю выбараў у Беларусі. "Вы не першы раз на нашых выбарах, і гэта добра. І калі ў свой час мы даведаліся, што вы будзеце каардынатарам на выбарах, я такую кандыдатуру ўхваліў. Хоць мне заўсёды казалі, што спадар Харстэд негатыўна ставіцца да нашага выбарчага працэсу, саміх выбараў, магчыма, і да краіны. Я кажу: ён у нас не першы раз, ён добра ведае Беларусь, ён ведае народ, чалавек ён спрактыкаваны і разумны — разбярэцца. і я не шкадую, што вы сталі каардынатарам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён запэўніў прадстаўнікоў АБСЕ ў тым, што іх місія будзе паспяховай, а парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць "сумленна і годна".
У сваю чаргу Харстэд падзякаваў Лукашэнку за магчымасць сустрэцца і "абмяняцца думкамі на парозе такой важнай падзеі".
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Харстэд адзначыў, што ўжо чацвёрты раз удзельнічае ў якасці назіральніка ў выбарчых кампаніях у Беларусі. "Што хацелася б адзначыць — і я адлюстроўваў гэта ў дакладзе — выбарчы працэс становіцца лепшым і больш адкрытым", — сказаў ён.
"На думку назіральнікаў, гэтая выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у спаборным духу і адрозніваецца вялікай колькасцю прэтэндэнтаў на месцы ў парламенце. Кіраўнікі місіі АБСЕ асабліва адзначылі цеснае ўзаемадзеянне з ЦВК і МЗС Беларусі. Паводле іх слоў, улады краіны максімальна адкрытыя для супрацоўніцтва", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
БелаПАН