Баранавічы. Праўладны кандыдат «прыватызавала» бульвар
Дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў з Баранавіч Вольга Палітыка, якая ўдзельнічае ў парламенцкіх выбарах, «прыватызавала» ў горадзе бульвар Штакераў.

Дэпутат Вольга Палітыка. Фота: intex-press.by
Вольга Палітыка заявіла ўладам, што не хоча, каб побач з яе пікетамі стаялі кандыдаты ад апазіцыі. І ўлады пайшлі ёй насустрач.
Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Чарнавус-малодшы паведаміў "сайту "Берасцейскай Вясны”:
— Мной была пададзеная заяўка на правядзенне пікета на бульвар Штакераў. Прыйшоў адказ, што нейкі кандыдат выказаў меркаванне пра нежаданне праводзіць пікеты сумесна з іншымі кандыдатамі. Пазней нам стала вядома, што гэта Вольга Палітыка. Я быў у гэтым раёне бульвару Штакераў а 12:10, іх ужо не было.
Мікалай Чарнавус просіць разабрацца ў сітуацыі і даць ацэнку прававой і этычнай норме паводзінаў кандыдаткі Вольгі Палітыкі. Каб у далейшым мець магчымасць праводзіць пікеты на адным з папулярных месцаў горада.