Каму месца ў Еўранэсце

У склад беларускай дэлегацыі ў парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» (Еўранэст), верагодна, прадстаўнікі афіцыйных структур не ўвойдуць. З гэтай нагоды старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч заявіў, што Беларусь увогуле можа выйсці з праграмы «Усходняе партнёрства». (На здымку: Сяргей Маскевіч)



277a78fc05c8864a170e9a56ceeabc4c.jpg

У склад беларускай дэлегацыі ў парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» (Еўранэст), верагодна, прадстаўнікі афіцыйных структур не ўвойдуць. З гэтай нагоды старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч заявіў, што Беларусь увогуле можа выйсці з праграмы «Усходняе партнёрства».

(На здымку: Сяргей Маскевіч)


Пазней у інтэрв’ю афіцыйнаму інфармагенцтву БЕЛТА парламентарый у больш мяккай форме паведаміў, што афіцыйны Мінск будзе настойваць на тым, каб у Еўранэсце ўдзельнічала толькі афіцыйная дэлегацыя. «Нас цікавіць толькі раўнапраўны ўдзел у Еўранэсце. Будзем настойваць, каб беларуская дэлегацыя цалкам фармавалася з прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, і яе колькасны склад быў аднолькавы з дэлегацыямі астатніх усходнееўрапейскіх краін», — сказаў дэпутат. Паводле яго слоў, беларускія парламентарыі гатовыя актыўна працаваць у Еўранэсце, але толькі ў якасці афіцыйных членаў асамблеі, а не назіральнікаў.
Сутнасць канфлікту палягае ў прапанове прадстаўнікоў Еўрапейскага парламента: яны мяркуюць, што ў Еўранэст мусяць увайсці ў якасці назіральнікаў (у дачыненні да Беларусі дзейнічае шэраг санкцый, і яе прадстаўнікі, у адрозненне ад дэлегатаў іншых краін «Усходняга партнёрства», не могуць мець статус сябраў асамблеі) па пяць прадстаўнікоў ад улады і апазіцыі. Калі ўлады Беларусі не пагодзіцца на такія ўмовы, беларуская дэлегацыя можа цалкам складацца толькі з прадстаўнікоў апазіцыі. Папярэдне ёсць інфармацыя, што да ўдзелу ў працы парламенцкай асамблеі Еўранэст могуць быць запрошаныя па адным прадстаўніку ад пяці апазіцыйных партый — кансерватараў, камуністаў, сацыял-дэмакратаў, хрысціянскіх дэмакратаў і лібералаў, а таксама прадстаўнікі грамадскіх рухаў, незалежных СМІ, незалежных прафсаюзаў, рэлігійных і нацыянальных меншасцяў. Беларускіх парламентарыяў у Еўранэсце не чакаюць найперш таму, што ЕС ставіць пад сумленне легітымнасць Палаты прадстаўнікоў. Зрэшты, настойлівая пазіцыя Мінску ўключыць дэпутатаў у склад дэлегацыі мае ідэалагічны, а не практычны матыў, бо ўнутры краіны яны ўплыву не маюць.
Адзін з удзельнікаў Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», кіраўнік міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка не лічыць мэтазгодным адмаўляць прадстаўнікам уладаў удзельнічаць у працы Еўранэст. «Я не ведаю, на якіх падставах можна выходзіць з праграмы, у якую ты ўвайшоў год таму, — каментуе прадстаўнік НДА заяву Маскевіча аб магчымым выхадзе Беларусі з праграмы «Усходняе партнёрства». — Прапанова Еўрапарламента па фармаванню дэлегацыі слушная тым, што палітычныя групы, якія не маюць магчымасці даносіць свой голас да беларускай грамадскасці ўнутры краіны, могуць гэта рабіць на пляцоўцы Еўранэст. Але не вельмі добра, што толькі яны. Хацелася б бачыць на гэтай пляцоўцы і прадстаўнікоў дзяржавы. Ва ўсялякім разе, гэта было б у духу «Усходняга партнёрства», бо праграма перш за ўсё сканцэнтраваная на дыялогу — унутраным, агульнаеўрапейскім».
Напрыканцы лютага ў Мінск прыедзе азнаямленчая місія Еўрапарламента, якая плануе правесці сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і грамадзянскай супольнасці. Апроч абмеркавання ўдзелу Беларусі ў Еўранэсце, місія мае намер азнаёміцца з інфармацыяй наконт апошніх выпадкаў палітычных рэпрэсій у краіне. Запрашэнні ўдзельнікам дэлегацыі будуць накіраваныя на пачатку сакавіка. У Еўранэст увойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента і па 10 прадстаўнікоў ад шасці краін-партнёраў. Інаўгурацыйная канферэнцыя парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» запланавана на 24 сакавіка.