Кітайскі прагматызм, або За што змагаліся, на тое і напароліся

Расія — краіна з еўрапейскай культурай, калі пагадзіцца з акадэмікам Юрыем Піваваравым. Яна «частка еўрапейскай цывілізацыі. Асаблівая, але частка еўрапейскай цывілізацыі. Калі нашы арыенціры будуць знаходзіцца дзесьці ў іншых месцах, гэта ні да чаго добрага не прывядзе. Не таму, што ў іншых месцах горш, а проста таму, што мы па прыродзе сваёй краіна еўрапейская».

Ілюстрацыйная выява, pixabay

Ілюстрацыйная выява, pixabay

Таму «ўсялякая атака на еўрапейскія інстытуты, філіялы, каштоўнасці, установы — гэта атака на саміх сябе. Гэта самагубства».

Але калі Расія — краіна з еўрапейскай культурай, то дзе месца Беларусі на культурным глобусе? 

Цытую паводле тэксту Паслання–2023: «Паўтару асобна, што ўжо было раней сказана. Беларусь — гэта Еўропа, гэта яе геаграфічны цэнтр».

Дык у чым жа праблема? Праблема ў тым, што «нам патрэбна новая Еўропа, па-сапраўднаму незалежная, добрасуседская, эканамічна развітая, палітычна моцная, духоўна багатая і культурна шматгранная».

А дзе такую ўзяць? Тры дзесяцігоддзі таму такая Еўропа на захад ад Беларусі існавала. Але пакуль беларуская мадэль развіцця пад кіраўніцтвам яе галоўнага архітэктара паслядоўна заваёўвала ды скарала адну за адной вяршыні постіндустрыяльнай эканомікі, Еўропа дэградавала.

Тое, што сёння ў сілу інерцыі ўсё яшчэ называецца Еўропай, такой не з'яўляецца. А што яшчэ можна чакаць ад бабулькі, якая страціла, на думку Уладзіміра Пуціна,«ген незалежнасці, суверэнітэту і нацыянальнай цікавасці»?

Ад першага дыхання да другога

Хто сёння памятае пра прынцып шматвектарнасці, які на працягу многіх гадоў ляжыць у аснове знешняй палітыкі рэспублікі-партызанкі? Прывяду цытату, запазычаную з даклада на нарадзе з кіраўнікамі замежных устаноў у ліпені 2009 года: «Беларуская знешняя палітыка — гэта не паварот на захад, поўдзень ці ўсход. Гэта рух наперад».

Так бы гэты паступальны рух і працягваўся, калі б не 2014 год. Дзякуй «нашай Расіі», якая накіравала «ветлівых людзей» у Крым. Без іх дапамогі мы яшчэ не хутка здагадаліся б пра наяўнасць «недружалюбных краін», прычым у нас пад бокам.

Калі пакласці руку на сэрца, варта прызнаць, што развароту на ўсход у вымушаным рэжыме папярэднічаў працяглы перыяд актыўных адносін з Кітаем. Урэшце не толькі сарока сароку бачыць здалёку. У палітычных лідараў, не схільных абмяжоўваць сваё знаходжанне ва ўладзе канстытуцыйнымі тэрмінамі, такая здольнасць развіта не ў меншай ступені.

З дапамогай інтэрнэту вернемся ў 2002 год на пасяджэнне пастаянна дзеючага семінара кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў: «Вопыт Кітая і вопыт Беларусі вельмі блізкія, яны перспектыўныя і паспяхова рэалізуюцца на практыцы. І ў іх, і ў нас выявіліся такія асаблівасці пераходнага перыяду, як рэгулюючая роля дзяржавы, прынцып эвалюцыйнасці пераўтварэнняў, стварэнне моцнай і эфектыўнай вертыкалі дзяржаўнай улады, выразная сістэма заканадаўства, якая забяспечвае агульнасць інтарэсаў дзяржавы і кожнага яе грамадзяніна паасобку, беражлівае захаванне таго добрага, што было створана раней, а не бяздумнае яго разбурэнне».

Мяркуючы па актуальнасці пералічаных характарыстык, і праз 21 год пераходны перыяд у Беларусі так і не завяршыўся. 

Але палохацца не варта. «Самае галоўнае — мы ведаем, што рабіць і ў якім кірунку рухацца». Гэта свежае прызнанне. Яно прагучала ў чэрвені 2023 года.

Другое дыханне (прычынай першага паслужыў «Крымнаш») палітыка павароту на ўсход набыла ў 2016 годзе пасля абвяшчэння Кітаем праекта «Адзін пояс, адзін шлях». Вось што з гэтай нагоды сем гадоў таму гаварыў надзвычайны і паўнамоцны пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін: «Беларусь займае найважнейшае стратэгічнае становішча. Тут зліваюцца выхады да велізарнага рынку ЕАЭС і ЕС. Кітайска-беларускае супрацоўніцтва бесперапынна падымаецца на новыя этапы».

Два словы наконт прагматызму

17–18 кастрычніка ў Пекіне прайшоў трэці форум міжнароднага супрацоўніцтва «Адзін пояс, адзін шлях». На жаль, сярод «дапушчаных да стала» беларускай дэлегацыі не аказалася. Усё лагічна. Перачытайце панегірык кітайскага пасла. Каштоўнасць Беларусі для кітайскіх таварышаў складалася ў яе стратэгічным становішчы. Але што ад яго засталося пасля 24 лютага 2022 года?

Сакавіцкая беларуска-кітайская сустрэча на вышэйшым узроўні (13-я па ліку) была названа «выбітнай, знакавай, эпахальнай і прынцыпова важнай». Не абышлося і без неаднаразовага ўжывання назоўніка «прагматызм».

Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай у доктара эканамічных навук, прафесара эканамічнага факультэта БДУ Валерыя Байнёва:«Разважлівасць і прагматызм — на пярэднім плане, у адрозненне ад, мякка скажам, не зусім здаровых рашэнняў Еўрасаюза. Так, у маленькай лодцы ў шторм не выжыць, але ў нас ёсць магутныя саюзнікі, у першую чаргу Расія. А калі ўлічыць, што да нашага авіяносца далучаецца Кітай, то перспектывы адкрываюцца вельмі вялікія».

Як у ваду глядзеў прафесар. Аўтарам праекта «Адзін пояс, адзін шлях» у прагматызме не адмовіш. Таму на трэці форум у Пекіне, у адрозненне ад першага і другога, і не быў запрошаны «добры сябар» старшыні Сі Цзіньпіна. Тым самым кітайскія таварышы сваю прыхільнасць прагматызму пацвердзілі.

А як наконт іх беларускіх калег? Ці працягваюць яны знаходзіцца ў стане эйфарыі ад перспектыў «развароту на Усход» або, гэтак жа, як і мэр Масквы Сяргей Сабянін, пачынаюць усведамляць жорсткасць усходніх рынкаў, на якіх ідзе сур'ёзная эканамічная вайна?

У верасні на Маскоўскім эканамічным форуме Сабянін растлумачыў, што пасля «абразання» доступу Расіі да тэхналогій Захаду і на Усходзе іх дарыць ніхто не збіраецца. «Больш за тое, нам адкрыта кажуць: хочаце атрымаць нейкія тэхналогіі — купляйце ў цэлым прадукт. Мы кажам: ды не, нам патрэбны ў лепшым выпадку камплектуючыя, якія мы заменім у хуткім часе. Нам кажуць: мы гэта разумеем, таму не збіраемся гэта рабіць, прынамсі, не збіраемся па нармальных цэнах. Вось падвойная цана — калі ласка», — распавёў мэр Масквы.

P.S.

Мяркуючы па артыкулах у дзяржаўных СМІ, беларускія аналітыкі і журналісты працягваюць знаходзіцца ў стане эйфарыі.