Што адбываецца паміж Мінскам і Пекінам?

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» тлумачыць, што азначаюць апошнія падзеі ў знешняй палітыцы Беларусі: чаму Лукашэнкі не было на кітайскім мерапрыемстве, прысвечаным праграме «Адзін пояс, адзін шлях», і чаму ў Мінску не было Сі Цзіньпіна.

_belarus_horad_ekanomika_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Адзін полюс, адзін шлях

Няўдзел Лукашэнкі ў нядаўнім аднайменным міжнародным форуме высокага ўзроўню ў Пекіне пасеяў падазрэнні, што «жалезнае братэрства» паміж Беларуссю і Кітаем пачало ржавець. Уражанне ўзмацнілася нізкім узроўнем кітайскага прадстаўніцтва на канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармуемым свеце» ў Мінску: ад Кітая выступіў часовы павераны ў справах.

Апошні аплот незалежнасці

За 10 гадоў існавання праекта «Адзін пояс, адзін шлях» да яго падключыліся 151 краіна і 32 міжнародныя арганізацыі. Беларусь у іх ліку, прычым, што заўсёды падкрэсліваюць улады, наша краіна першай ва Усходняй Еўропе не толькі далучылася да ініцыятывы, але і прыступіла да яе практычнай рэалізацыі. 

Кітай пазіцыянуе праект як бескарыслівы ўклад кітайскага ўрада ў выглядзе фінансавых сродкаў і тэхналогій, але гэта не зусім так.

Лічыцца, што ініцыятыва прыцягнула інвестыцыі амаль на 1 трлн. долараў і стварыла больш за 3 тысячы сумесных праектаў, а паводле прагнозу Сусветнага банка, да 2030 года яшчэ і забяспечыць 420 тысяч працоўных месцаў у краінах-удзельніцах.


Глядзіце таксама

Аднак першапачатковыя чаканні ад кітайскай ініцыятывы не апраўдаліся: задуманая тады транскантынентальная лагістычная сістэма паміж Кітаем і Еўропай пакуль так і не ўвасобілася ў жыццё.  Грузы паміж Еўропай і Азіяй па-ранейшаму перавозяцца ў асноўным морам. Укладзены Кітаем за гэтыя гады трыльён долараў уяўляе сабой пераважна крэдыты, за кошт якіх Пекін так ці інакш прывязвае да сябе краіны.

Для Беларусі праект «Адзін пояс, адзін шлях» з'явіўся дабром і такім выглядае па гэты дзень. На фоне санкцый і ізаляцыі кітайскі транзіт у Еўропу і наадварот кантэйнернымі цягнікамі праз Беларусь застаецца адзіным фактарам беларускай транзітнай прывабнасці. Лічбы на гэтую тэму будуць ніжэй.

Дзякуючы ініцыятыве ў Беларусі з'явіўся індустрыяльны парк «Вялікі камень», які, як кажуць самі кітайцы, з'яўляецца самай буйной замежнай зонай эканамічнага развіцця Кітая. Да 2020 года парк меў перспектывы стаць брамай у Еўропу, але сціснуўся да брамкі ў Беларусь і Расію, але ў гэтым няма кітайскай віны.

Праект «Адзін пояс, адзін шлях» дае несумнеўныя магчымасці для ўмацавання самастойнасці Беларусі за кошт паглыблення ўсебаковага супрацоўніцтва з Кітаем. На сёння гэтыя адносіны — адзіны адчувальны інструмент умацавання суверэнітэту рэжымнай Беларусі на фоне залежнасці ад Расіі, якая нічым больш не стрымліваецца (ва ўмовах ізаляцыі і санкцый Захаду) . 

У гэтым сэнсе няўдзел Лукашэнкі ў 3-м Міжнародным форуме ў Пекіне, прымеркаваным да юбілею ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», выклікае вялікія пытанні.

Кітайскае папярэджанне ці проста прагул?

Пра тое, што Беларусь плануе ўдзел у форуме «Адзін пояс, адзін шлях», гаварылася ў пасланні Лукашэнку Сі Цзіньпіну, датаваным яшчэ 15 чэрвеня. Пазней, ужо напрыканцы верасня, удзел Беларусі ў мерапрыемстве ў Пекіне пацвярджаў кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік. У абодвух выпадках узровень беларускага прадстаўніцтва не ўдакладняўся, але ўдзел менавіта Лукашэнкі выглядаў цалкам натуральным і лагічным.

Версію пра адсутнасць запрашэння можна адмесці адразу, інакш на форум ад Беларусі не паехаў бы наогул ніхто. Між тым беларускую дэлегацыю ўзначальваў старшыня Дзяржкантролю, да яе ж можна аднесці і кіраўніка ЕЭК Міхаіла Мяснікова, які выступаў на мерапрыемстве, які паддзьмуваў у «беларускую дудку». 

Форум, калі б не было запрашэння, наўрад ці асвятляўся б у афіцыйных беларускіх СМІ, а ён асвятляўся, і там нават працаваў карэспандэнт БТ. 

Беларусь — далёка не адзіная краіна нават на прасторы СНД, якая была прадстаўлена на форуме не на вышэйшым узроўні. Іншая справа, што Мінск зрабіў выгляд, што так было задумана, а калегі з іншых краін усё-ткі апусціліся да тлумачэнняў. Як, напрыклад, Кыргызстан, які ў Пекіне прадстаўляў не прэзідэнт, а міністр энергетыкі і старшыня Дзяржаўнай мытнай службы.


Глядзіце таксама

Кіргізы спаслаліся на занятасць над іншымі міжнароднымі мерапрыемствамі. У Лукашэнкі яны таксама былі: у дні форуму ў Пекіне (17-19 кастрычніка) ён прымаў з візітам віцэ-прэзідэнта Ірана, праводзіў сустрэчы з кіраўнікамі МЗС Венесуэлы і Экватарыяльнай Гвінеі, а таксама кіраўніком Мардовіі. Усё гэта можна было пасунуць па тэрмінах або замкнуць на прэм'ер-міністры, але гэтага рабіць не сталі.

Версію пра няўдзел у форуме праз таксічнасць рэжыму можна таксама лічыць няўдалай. Яна б мела месца у выпадку з зімовай Алімпіядай у Пекіне, куды Лукашэнка не паехаў праз санкцыі з боку МАК, але не выстаўляў прэтэнзій Кітаю, каб, як сам ён выказаўся, «не ствараць нязручнасці сябрам». Цяпер сітуацыя іншая. 

Па-першае, гаворка ідзе пра ўласнае мерапрыемства Кітая, дзе менавіта ён паўнавартасны гаспадар сваім запрашэнням. Па-другое, таксічнасць Пуціна як мінімум не меншая, чым у Лукашэнкі, хоць і мае іншую прыроду. Запрашаючы гаспадара Крамля, Кітай напэўна ўсведамляў, што тым самым уласнай рукой выкрэслівае са спісу нейкую частку патэнцыйных удзельнікаў з заходняга боку, якія яшчэ маглі сумнявацца, ехаць ці не ехаць. 

Пекін на гэта пайшоў і зрабіў Пуціна галоўным госцем форуму. Гэта падкрэслівае значнасць для Кітая адносінаў з Расіяй і дэманструе, што краіны на дадзеным этапе ўяўляюць адзіны полюс. Рэжымная Беларусь да яго прымыкае, не маючы іншых альтэрнатыў. На фоне ўдзелу Пуціна запрашэнне Лукашэнкі выглядае зусім бяскрыўдным. 


Глядзіце таксама

Прычыны няўдзелу Лукашэнкі могуць быць рознымі. І празаічнымі — дапусцім, стан здароўя ў тыя дні не дазволіў працяглы пералёт, і палітычнымі — адсутнасць згоды Сі Цзіньпіна на двухбаковую сустрэчу праз шчыльнасць графіка на форуме або адсутнасці тэм для абмеркавання. Усё-ткі сёлета быў дзяржаўны візіт Лукашэнкі ў Кітай, які мог вычарпаць тэмы для размовы на вышэйшым узроўні. Хоць у выпадку расійска-кітайскіх адносінаў візіт Сі Цзіньпіна ў Расію, які таксама адбыўся сёлета, не вычарпаў усіх тэм, але іх у іх у прынцыпе значна больш, чым у Кітая з Беларуссю. 

Той факт, што Кітай на міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў Мінску прадстаўляў толькі часовы павераны ў справах, таксама можа счытвацца як благі знак. Аднак справа тут можа быць ва ўнутраным парадку дня, кадравых чыстках у Кітаі. Акрамя гэтага, звяртае на сябе ўвагу і іншы факт: не лічачыся са статусам кітайскага спікера, арганізатары, тым не менш, далі яму слова ў ліку ключавых гасцей — адразу пасля выступленняў кіраўнікоў МЗС Беларусі, Венгрыі і Расіі, але перад іншымі, больш высокапастаўленымі, чым ён, гасцямі (генсекі міжнародных арганізацый), як калі б выступаў кіраўнік МЗС Кітая. Гэта сведчыць пра тую ролю, якую Мінск адводзіць Пекіну, стаўленне да яго і гатоўнасць заплюшчыць вочы на фармальнасці.

Таварны цягнік даўжынёй 800 км

Нейкія іншыя бачныя падставы падазраваць нядобрае ў беларуска-кітайскіх адносінах адсутнічаюць. Бакі ў прынцыпе выкарыстоўваюць любыя магчымасці для двухбаковых кантактаў, што пацвярджаецца нядаўнімі сустрэчамі кіраўніка МЗС Беларусі з кітайскімі калегамі на палях саміту БРІКС у Ёханэсбургу, а таксама сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Сведчаннем працягу адносінаў з'яўляецца і афіцыйны візіт у Кітай міністра абароны Беларусі, які стартаваў на гэтым тыдні.

Гандаль, можна сказаць, бурліць. З 2022 года Кітай другі па значнасці знешнегандлёвы партнёр Беларусі, а па частцы паставак рознага абсталявання — ужо, напэўна, першы. 


Глядзіце таксама

Паводле кітайскіх даных, са студзеня па жнівень таваразварот Кітая і Беларусі дасягнуў 5,83 млрд долараў, павялічыўшыся ў гадавым вылічэнні на 97%. Аб'ём экспарту з Кітая ў Беларусь склаў 3,85 млрд долараў, павялічыўшыся амаль на 119%. Аб'ём паставак з Беларусі ў Кітай за 8 месяцаў прынёс 1,99 млрд долараў, павялічыўшыся на 65% у параўнанні з мінулым годам. 

Кітай стаў другім па велічыні экспартным рынкам для беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, а Беларусь увайшла у сусветны ТОП-15 імпарцёраў кітайскіх аўтамабіляў. Апошняе, вядома, з'яўляецца прамым спецэфектам санкцый, нікім не замоўленым, але прадказальным. 

Кітайскія студэнты (звыш 7 тысяч) і бізнесмены, напэўна, ужо ў ТОПе асноўных арандатараў кватэр — прынамсі, у Мінску, але гэта здагадка. А вось яшчэ адна дакладная і цікавая лічба (з інтэрв'ю кітайскага пасла БелТА), якая характарызуе адносіны з Кітаем: колькасць пабрацімскіх сувязей дасягнула 45 (пабрацімства паміж абласцямі, раёнамі, гарадамі). У Беларусі, мяркую, больш толькі з Расіяй — звыш 100.

Грузы па маршруце Кітай — Еўропа і наадварот працягваюць ісці праз Беларусь. Сёлета штомесяц праз Брэст праходзяць больш за 150 кантэйнерных цягнікоў. Прычым улады робяць паспяховыя спробы скарыстацца аказіяй, зваліўшыся кітайскім цягнікам на хвост. У жніўні гэтага года была дасягнутая дамоўленасць з транспартна-лагістычнай платформай з Чунцына аб прычэпцы адзіночных кантэйнераў з беларускімі грузамі да транзітных кантэйнерных цягнікоў, якія ідуць з Еўропы ў Кітай.

Расце і колькасць, уласна, беларускіх кантэйнерных цягнікоў, якія курсуюць паміж Беларуссю і Кітаем. Калі ў 2021 годзе быў адпраўлены 151 кантэйнерны цягнік, а ў 2022 годзе — 988 цягнікоў, то ў бягучым планка ў 1000 цягнікоў была пераадоленая яшчэ ў верасні. Гэта звыш 60 тысяч кантэйнераў, або 800 км у даўжыню, як сцвярджае БЧ, калі паставіць усё ў шэраг. Вынікам года можа стаць паказчык у 1,2 тыс. кантэйнерных цягнікоў з Беларусі ў Кітай.


Глядзіце таксама

Пекін прапрацоўвае альтэрнатыўныя маршруты, але гэта робіцца яшчэ з дакрызісных часоў. Напрыклад, альтэрнатыўны Транскаспійскі калідор, які пралягае праз Кітай, Казахстан, Каспійскае мора, Азербайджан, Грузію, Турцыю і далей праз Чорнае мора ў Еўропу, з'явіўся яшчэ ў 2017 годзе. У ім зацікаўлены ЕС, які шукае магчымасці абыходу Расіі. У ім зацікаўлены краіны, па якіх праходзіць, але ён прайграе Еўразійскаму па ключавых параметрах. У тым ліку па кошце грузаперавозак — на 30% даражэй, і моцна саступае па тэрмінах дастаўкі. За той час, калі па Еўразійскім шляху тавар ужо дасягае пункта прыбыцця ў Еўропе, па Транскаспійскім — груз дабіраецца толькі да Азербайджана.