Колькасць дыпламатаў ЗША ў Беларусі можа павялічыцца ўтрая
Беларусь і ЗША працуюць над аднаўленнем дыпламатычнага персаналу ў амбасадах у Мінску і ЗША адпаведна. Да 2008 года ў амбасадарах абедзвюх краінаў працавалі па 32 дыпламаты.
Амбасадар Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка заявіў, што Мінск мае намер развіваць адносіны з рознымі партнёрамі на міжнароднай арэне, паколькі зацікаўлены ў прасоўванні на вонкавыя рынкі айчынных прадуктаў, а таксама ў прыцягненні замежных інвестыцый і тэхналогій.
У размове з ТАСС дыпламат сказаў, што Беларусь і ЗША цяпер працуюць над тым, каб аднавіць узровень дыпламатычнай прысутнасці ў абедзвюх краінах і «рухацца далей па шляху выбудоўвання нармальных дачыненняў».
«Дастаткова сур’ёзны ўзровень прадстаўленасці дыпламатаў, дарэчы, падтрымліваецца і ў Маскве, і ў Вашынгтоне, нягледзячы на ўсе вядомыя перыпетыі ў расійска-амерыканскіх дачыненнях», – дадаў Сямашка.
10 студзеня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў Вашынгтону пра рашэнне Мінску зняць абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў, якія могуць працаваць у Мінску.
Пасля ўвядзення ЗША санкцыяў супраць Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў амерыканскую амбасаду ў падрыўной дзейнасці. Мінск адклікаў амбасадара з Вашынгтону і абмежаваў колькасць амерыканскіх дыпламатаў у беларускай сталіцы да пяці. Да гэтага іх было 32.
З 2008 года амерыканская амбасада ў Мінску функцыянуе ва ўрэзаным складзе, без амбасадара. Спачатку быў усталяваны ліміт у пяць дыпламатаў, але паступова ён быў пашыраны да дзесяці.
Ужо больш за дзесяць гадоў амбасады абедзвюх краінаў узначальваюць часовыя павераныя.
У расійскіх медыях цыркулюе версія, што новым амбасадарам Беларусі ў ЗША могуць прызначыць экс-пасла нашае краіны ў Францыі Паўла Латушку. У сваю чаргу ў кулуарах Мінску яшчэ раней размаўлялі аб тым, што Латушка можа ўзначаліць Купалаўскі тэатр.
belsat.eu