Краіна экстрэмістаў

Для чаго і супраць каго прымаюцца папраўкі ў заканадаўства?

zdagadka_1_logo.gif

Ужо ў красавіку ў Палаце прадстаўнікоў будуць разглядаць чарговыя папраўкі ў «Закон аб барацьбе з экстрэмізмам». У асноўным яны тычацца крымінальнай адказнасці за рэабілітацыю нацызму і адміністрацыйнай — за захоўванне або набыццё ў мэтах распаўсюджвання нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай сімволікі і атрыбутыкі. Гэты законапраект ужо быў прыняты парламентам у першым чытанні напрыканцы мінулага года.

«Рэабілітацыя нацызму, прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб або распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі альбо сімволікі або атрыбутыкі экстрэмісцкіх або тэрарыстычных арганізацый, а таксама захоўванне або набыццё ў мэтах распаўсюду такой сімволікі або атрыбутыкі забараняюцца», — гаворыцца ў законапраекце.

Самі папраўкі, на першы погляд, не такія ўжо і жудасныя. У адрозненне ад асноўнага закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму, у іх даволі ясна прапісана, што такое нацызм, якая сімволіка і атрыбутыка з’яўляюцца нацысцкімі і што ёсць рэабілітацыяй нацызму. Найперш, нацысцкімі будуць прызнаныя атрыбутыка і гімны арганізацый, якія былі вызначаныя злачыннымі альбо вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў Міжнародным ваенным трыбуналам у Нюрнбергу. Альбо заснаванымі на Нюрнбергскім працэсе прысудамі нацыянальных, ваенных або акупацыйных трыбуналаў.

Пад «рэабілітацыю нацызму» падпадаюць таксама і выявы арганізацый, якія супрацоўнічалі з нацысцкімі структурамі на акупаванай тэрыторыі СССР у гады Другой сусветнай вайны, а таксама выявы асоб, якія стварылі, кіравалі альбо ўдзельнічалі ў дзейнасці такіх арганізацый у любой іншай форме.

Удакладняючыя папраўкі можна было вітаць, калі б распрацоўшчыкі дакумента абмежаваліся выключна нацызмам. Але яны, як звычайна, паспрабавалі ўціснуць туды, паводле выразу Пушкіна, «коня и трепетную лань». Гэта наконт тых, хто нібыта «супрацоўнічаў» з нацысцкімі структурамі на тэрыторыі СССР у гады Другой сусветнай вайны.

Што, напрыклад, да Саюзу Беларускай Моладзі, які ўтварыўся ў Беларусі ў 1943 годзе? Ці падпадуць пад забарону выявы Барыса Кіта і Барыса Рагулі? Ці Беларускай Краёвай абароны, створанай пры ўдзеле Радаслава Астроўскага і Кастуся Езавітава ў 1944-м? Ці трапіць пад «рэабілітацыю нацызму» асоба сябра СБМ Алеся Раковіча, які па вызваленні Беларусі быў мабілізаваны ў Чырвоную армію і змагаўся з гітлераўцамі ў Еўропе?

Пытанне таксама з «сімволікай або атрыбутыкай экстрэмісцкіх або тэрарыстычных арганізацый». Гэта, хутчэй, да «асноўнага» закону, а не да паправак, бо яшчэ нідзе ў свеце не вызначылі, што такое «экстрэмізм». Не асабліва вызначана гэта і ў нас. Ёсць пералік з 13 пунктаў, якія дзеянні і ўчынкі можна лічыць экстрэмісцкімі, а вось якая сімволіка «экстрэмісцкая»?

Эмблема нямецкіх Rote Armee Fraktіon, «Фракцый Чырвонай арміі», — чырвоная зорка з аўтаматам «Хеклер і Кох» на яе фоне — вядомая ці не кожнаму «леваку». Безумоўна, арганізацыя тэрарыстычная. Але напачатку яе ахвярамі былі не проста банкіры і высокія чыноўнікі ФРГ — як правіла, усе яны былі колішнімі дзеячамі НСДАП. Напрыклад, галоўны федэральны пракурор пры Вярхоўным судзе Германіі Зігфрыд Бубак — сябра нацысцкай партыі з 1940 года. Ад 1941-га і аж па 1945 год служыў у Вермахце, нават быў ваеннапалонным, што не перашкодзіла яму заняць такую высокую пасаду. Дый ФРГ у 1970-я гады была зусім не такой, як зараз: былых нацыстаў ва ўладзе там хапала, і пра «пакаянне і прымірэнне» ніхто з іх нават не думаў…

Карацей, эмблема «антыфашысцкай, але тэрарыстычнай» RAF — падпадзе пад забарону?

Але не так страшныя папраўкі ў нашае заканадаўства, колькі невядомая практыка іх прымянення. Напрыклад, «рэабілітацыяй нацызму» будзе лічыцца дэманстрацыя нацысцкай сімволікі ў інтэрнэце. Узнікае пытанне: ці будзе ўлічвацца пры гэтым кантэкст выявы? Ці паўторыцца адна са шматлікіх спраў Міколы Дзядка, калі гэтая выява была, па-першае, фотаздымкам калажу, па-другое, калажу, апублікаванага ў газеце (у законапраекце па-ранейшаму не з’яўляецца парушэннем дэманстрацыя нацысцкай сімволікі ў мастацкай дзейнасці і СМІ), а па-трэцяе, мела якраз супрацьлеглы, антыфашысцкі кантэкст?

Ці будзе праводзіцца хоць нейкая экспертыза, альбо гэта зноў — «на думку следчага»?

Змагацца з рэабілітацыяй нацызму трэба. Але таксама трэба прапісаць больш канкрэтна, што ім з’яўляецца. Інакш міжволі «экстрэмістамі» станем мы ўсе. І ўвогуле, лепш гэта рабіць не ў законе пра экстрэмізм, а са школьнай лавы.