Міколу Дзядка будуць судзіць за чатыры літары
Супрацьзаконную абрэвіятуру на старонцы Міколы Дзядка ў сацыяльнай сетцы Укантакце знайшлі афіцэры ГУБАЗіК.
"У панядзелак, у 9.30 у судзе Фрунзенскага раёну мяне будуць ізноў судзіць (ужо ў трэці раз за паўгады) за экстрэмізм", — паведаміў Мікола на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Відавочна, у гэты раз гаворка ідзе аб абрэвіятуры на ангельскай мове, якую можна перавесці як "Усе менты — вылюдкі", і якая была прызнаная экстрэмісцкай судом Аршанскага раёну ў 2018 годзе. Менавіта яе знайшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК.
Суд адбудзецца 4 сакавіка. Суддзя — Бушэва А.В.
- 12 ліпеня 2018 Мікола Дзядок быў затрыманы
ля дома АМАПам і дастаўлены ў Фрунзенскі РУУС, а пасля ў суд
Фрунзенскага раёну, дзе яму прысудзілі 20 базавых велічынь за
"Дэманстрацыю нацысцкай сімволікі" (калажы і скрыншоты, у якіх
высмейваецца нацызм).
- 27 снежня 2018 Міколу Дзядка судзілі па
тым жа артыкуле — за фота людзей са сцягам арганізацыі "Misantropic
divizion", які ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Фота было прымацаванае да паста ў Фэйсбуку, дзе Мікалай крытыкуе людзей,
якія дазваляюць сабе фота з сімпатызантамі неанацызму. Штраф — 40
базавых велічынь.
- 17 студзеня 2019 позна ўвечары памежнікі знялі Міколу Дзядка з аўтобусу Вільня-Мінск, калі ён вяртаўся з вучобы, пасля чаго ўчынілі асабісты дагляд. Прычына праверкі не была ўдакладненая, але сам Дзядок звязвае гэта з унясеннем яго ў спісы "экстрэмістаў".