Зміцер Паліенка і Наста Гусева затрыманы за чыстыя аркушы паперы
Зміцер Паліенка і Наста Гусева затрыманы і чакаюць пратаколу. Падставай стала серыя фотаздымкаў, на якіх маладзёны стаяць ля будынка Заводскага РАУС і пункта аховы з аркушамі паперы з нібыта экстрэмісцкімі надпісамі.
Зранку 26 лютага ў кватэру Зміцера Паліенкі пачалі ламіцца міліцыянты. Падставай для пераследу гэтым разам стаў нібыта ўдзел маладзёнаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве каля будынку РУУС. Таксама іх абвінавацілі ў экстрэмізме. Як напісаў Зміцер Паліенка ў фейсбуку, па словах участковага інспектара Клінцэвіча Дзяніса Пятровіча, замова паступіла з КДБ.
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што акцыі, пра якую вядзецца, насамрэч не было: Наста і Зміцер стаялі з чыстымі аркушамі, надпісы былі зроблены пасля з дапамогай рэдактара. Пра гэта паведаміў актывіст Вячка Касінераў.
Аналагічны выпадак раней адбыўся з Пятром Маркелавым, які нібыта сфатаграфаваўся каля будынка МУС з плакатам «Заблакуйце 86.57.250.202». Гэтыя лічбы абазначаюць IP-адрас сайта Міністэрства унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэтым ён выказаў сваю нязгоду з блакіроўкай шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку сайту Грамадскага руху «Дзея», сайту ініцыятывы за дэкрыміналізацыю 328 артыкула Крымінальнага кодэкса Legalize Belarus. Потым выявілася, што фотаздымак бызў зроблены ў рэдактары, акцыі насамрэч не было, але гэта не перашкодзіла Пятру правесці ноч на Акрэсціна.