Латушка заклікаў прызнаць Беларусь тэрыторыяй, часова акупаванай Расіяй
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) выступіла з заявай, у якой назвала Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй і заклікала міжнародную супольнасць даць гэтаму адпаведную прававую ацэнку.
«Рэжым Лукашэнкі фактычна страціў самастойнасць у прыняцці рашэнняў і ў выніку страціў фармальны кантроль над тэрыторыяй Беларусі, — гаворыцца ў заяве НАУ, апублікаванай у тэлеграм-канале Паўла Латушкі. — У выніку бесперашкоднага маштабнага ўводу расійскіх Узброеных сіл у Рэспубліку Беларусь яе тэрыторыя выкарыстоўваецца як плацдарм для нападу на Украіну. Супраць волі беларускага народа краіна аказалася ўцягнутай у вайну і ператварылася ў агрэсара, у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права».
У заяве гаворыцца, што «Беларусь рызыкуе сутыкнуцца і з будучай адказнасцю за ўдзел у вайне з Украінай, у тым ліку — выплатай Украіне рэпарацый у якасці кампенсацыі за прычыненыя вайной страты».
«Той факт, што цывільныя ўлады Беларусі, адміністрацыі гарадоў і раёнаў да гэтага часу падпарадкоўваюцца рэжыму Лукашэнкі, а не наўпрост уключаныя ва ўладныя структуры Расійскай Федэрацыі — не адмяняе факту акупацыі нашай краіны, — падкрэслівае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. — Відавочна, што ні беларускія ўлады, ні беларускія Узброеныя сілы не робяць нічога, што дазваляла б пацвердзіць іх самастойнасць, не кажучы ўжо пра актыўнае ці нават пасіўнае супрацьдзеянне расійскім Узброеным сілам, якія ў парушэнне Канстытуцыі і законаў Беларусі выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі як плацдарм для нападу на Украіну».
Адна з галоўных прыкмет суверэнітэту — кантроль над тэрыторыяй перайшоў пад частковае кіраванне Расійскай Федэрацыі і наўпрост выкарыстоўваецца для вырашэння задач у ваеннай сферы, што з'яўляецца безумоўнай прыкметай акупацыі.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне лічыць, што ў выніку прызнання міжнароднай супольнасцю факта акупацыі Беларусі Расійскай Федэрацыяй «стане магчымым эфектыўнае прасоўванне наступных прынцыповых пытанняў», і пералічвае іх у сваёй заяве:
- «Аб захаванні тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларусі. Міжнароднае прызнанне Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй з'яўляецца важнай прэвентыўнай мерай для абароны суверэнітэту нашай краіны, паколькі любыя магчымыя дзеянні акупантаў па змене юрыдычнага статусу акупаванай тэрыторыі не будуць мець ніякай сілы з пункту гледжання міжнароднага права, якое абавязвае акупантаў безумоўна яе пакінуць».
- «Аб прадухіленні размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі і стварэння пагроз рэгіянальнай бяспецы».
- «Аб ацэнцы любой актыўнасці грамадзян Беларусі па супрацьстаянні рэжыму Лукашэнкі і расійскай акупацыі як дзеянняў, якія здзяйсняюцца ў рамках нацыянальна-вызваленчага руху па абароне суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны».
- «Аб пазбаўленні марыянеткавага ўрада Лукашэнкі міжнародна-прававой суб’ектнасці і аб прыпыненні ўдзелу Беларусі ў міжнародных арганізацыях (ААН, МВФ і інш.) — да спынення акупацыі і дэмакратычнага фармавання новага ўрада».
- «Аб сінхранізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі як акупаванай тэрыторыі і ліквідацыі магчымасцей для Расіі па абходзе санкцый праз Беларусь і выкарыстанні нашай краіны як афшорнай зоны».
Паводле «РС».