Лябедзька як гандляр індульгенцыямі

Прэтэндэнт на прэзідэнта Анатоль Лябедзька амаль на 100% упэўнены, што збярэ неабходныя для рэгістрацыі 100.000 подпісаў. Але ўсё ж прапануе папрацаваць на агульную справу. Узамен ён абяцае новыя магчымасці.



lieb_marg_n1_logo.jpg

Фармат свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў сераду на прэс-канферэнцыі акрэсліла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Шчыра кажучы, гэтую справу яны і не кідалі. Як падрыхтоўку да выбараў можна расцаніць усю дзейнасць партыі ў міжвыбарчы час: стасункі з народам, папулярызацыю антыкрызіснай праграмы і праграмы па стварэнні новых працоўных месцаў. Але зараз Анатоль Лябедзька скіраваўся да тых, хто лічыць няўдзел у гэтых выбарах ці іх байкот адзіна слушнай стратэгіяй.

Няўдзел не панацэя

Найперш, Анатоль Лябедзька, канешне ж, зазначыў, што выбараў у краіне няма. Гэта бачыць кожны, хто цікавіцца палітыкай. Аднак пры тым, што няма выбараў, выбар у актыўнай часткі насельніцтва ўсё ж ёсць.

АГП і каманда Лябедзькі «з павагай» ставяцца да прыхільнікаў байкота. «Калі людзі не ўдзельнічаюць у галасаванні, гэта азначае, што яны разумеюць, што ў Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў, і што іх галасы не лічацца», — кажа Лябедзька. «Гэта слушная пазіцыя», — дадаў Лябедзька, але, па ягоным меркаванні, на сёння памылковая і неэфектыўная. Больш за тое, ён не лічыць байкотам «нічоганерабленне».

«Якім чынам нічоганерабленне ўплывае на пашырэнне колькасці ўдзельнікаў палітычнага працэсу? Якім чынам яно ўплывае на пашырэнне ідэяў альтэрнатывы? Якім чынам яно супрацьстаіць легітымацыі вынікаў прэзідэнцкай кампаніі? Ніякім», — кажа Лябедзька. Таму што «нічоганерабленне» нават карыснае ўладзе, якая малюе ў выбарчых бюлетэнях тыя лічбы, якія ёй захочацца. І нават няяўка выбаршчыкаў да скрыні галасавання гэтаму не перашкаджае.

lieb_marg_n2_logo.jpg

Байкот — не выйсце ў гэтых выбарах, упэўнены Лябедзька

Дзве апошнія кампаніі — парламенцкую 2012-га года і мясцовую 2014-га АГП сама прытрымлівалася стратэгіі «актыўнага байкоту». «Але гэта азначала, што мы ўдзельнічалі ў кампаніі па сваіх правілах, а не па тых, што прапанавала спадарыня Ярмошына», — адзначыў Лябедзька. І каб не было таго ўдзелу, парламенцкія выбары 2012-га года, на ягоную думку, маглі б быць прызнаныя легітымнымі міжнароднай супольнасцю. Але тое, што 35 кандыдатам ад АГП тады ўвялі цэнзуру і не далі выступіць на тэлебачанні, што актывістам АГП забаранялі праводзіць перадвыбарчыя пікеты, што на 57 «спікераў» ад АГП было ўключана ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў толькі пяць сябраў партыі, дало магчымасць казаць пра шматлікія парушэнні ў часе той кампаніі, і як следства — пра нелегітымнасць вынікаў выбараў і Палаты прадстаўнікоў новага склікання.

Зараз, па словах Лябедзькі, палова міжнароднай супольнасці схіляецца да таго, каб прызнаць прэзідэнцкія выбары 2015-га года легітымнымі. І байкотам гэтаму супрацьстаяць немагчыма.

Гандаль індульгенцыямі

Замест байкоту Анатоль Лябедзька прапануе ўсім жадаючым папрацаваць на агульную карысць у шэрагах ягонай кампаніі. Узамен на гэтую працу ён абяцае на адзін месяц выпісаць індульгенцыю супраць амаль любога палітычнага пераследу з боку праваахоўных органаў.

Выбарчая кампанія, кажа Лябедзька, дае грамадзянам магчымасці рабіць тое, што ў звычайным жыцці строга забаронена — наўпрост звяртацца да людзей, выходзіць на вуліцы і плошчы гарадоў з пікетамі і патрабаваннямі, казаць пра набалелыя праблемы, збіраць аднадумцаў і разам патрабаваць ад улады разгляду і выканання сваіх прапановаў.

Канешне, такое права абы-каму не даецца. Напрыклад, АГП з месяц таму падала заяўкі на 80 пікетаў па ўсёй краіне супраць дэкрэта аб дармаедстве. Улады не дазволілі ніводнага з іх. І таму Лябедзька заклікае дзейнічаць па-іншаму.

У Беларусі ёсць безліч ініцыятываў, якія дамагаюцца капітальнага рамонту, альбо супраць ушчыльняльнай забудовы, альбо заклапочаныя праблемамі палітвязняў, і ці мала чым яшчэ. «Мы прапануем сябрам гэтых ініцыятываў увайсці ў ініцыятыўную групу прэтэндэнта ў прэзідэнты ад АГП. Вы збіраеце чатыры тысячы подпісаў, а мы даем вам статус даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты. Калі ў нас ёсць група перавозчыкаў, у якіх ёсць праблемы з урадам, і ім не даюць мажлівасці правесці нейкую акцыю, кампанію, ад улады ідуць адпіскі — калі ласка. Вы — 4.000 подпісаў, адзін з вас — давераная асоба, і вы ва ўсіх рэгіёнах Беларусі можаце гаварыцьпра сваю праблему. Стаць у цэнтры Мінска, Магілёва, Гародні і прыцягваць увагу людзей да гэтай праблемы», — сказаў Лябедзька.

lieb_marg_n5_logo.jpg

Анатоль Лябедзька: вы нам подпісы — мы вам магчымасці і індульгенцыю на месяц 

Тую самую прапанову ён будзе рабіць і аргкамітэту па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча, тым больш, што ягоную ініцыятыўную групу, хутчэй за ўсё, не зарэгіструюць. «Калі ласка, збірайце подпісы, бярыце статус даверанай асобы і па ўсёй Беларусі праводзьце пікеты ў падтрымку палітвязняў, у майках, з партрэтамі, з лозунгамі, арганізоўвайце сустрэчы, кажыце людзям пра гэта», — прапануе Лябедзька «індульгенцыю» ад пераследу.

Блакіроўкі не будзе

Мэтаў усіх гэтых целазрузхаў некалькі. Адна — пазнаёміць народ з альтэрнатыўнымі шляхамі развіцця краіны. Другая — не даць Лукашэнку легітымізавацца. Трэцяя — усё ж знайсці тую «большасць прыхільнікаў пераменаў», якая існуе ў сацыялагічных апытаннях, і вывесці яе з ценю ў плынь актыўных дзеянняў. «Я раздаю нашую праграму на прахадных заводаў, стасуюся з людзьмі і бачу, што мы «трапляем у дзясятку», — кажа Лябедзька. — Аднак гэтыя людзі не гатовыя нешта рабіць дзеля пераменаў».

Аднак блакавацца з кімсьці дзеля дасягнення гэтых мэтаў АГП пакуль не гатовая. Да кандыдаткі ад «Народнага рэферэндуму» Таццяны Караткевіч існуе пэўны недавер. «Што такое «Народны рэферэндум»? Калі заўтра ўлада скажа: «Добра, мы ідзем насустрач апазіцыі і выносім вашыя пытанні на рэферэндум». Спадарыня Ярмошына праводзіць гэты рэферэндум з тымі вынікамі, якія патрэбныя ўладзе, з лічбамі, якія былі ў 1995-м, 1996-м гадах — што мы ад гэтага атрымаем?» — задаецца пытаннем кіраўнік штабу Лябедзькі Леў Марголін.

Прапанову «дармаеда ў дэкрэце» Юрыя Шульгана зняцца на ягоную карысць Анатоль Лябедзька таксама не ўспрымае сур’ёзна, і лічыць ягоны ўдзел у выбарах нават шкодным. «Я чалавек з гумарам, і, калі б мы праводзілі выбары ў Польшчы, то такія б персанажы былі да месца. Там выбаршчык можа пераключыць тэлевізар на ток-шоў з такім кандыдатам, пасцябацца, пасмяяцца, а потым пераключыць на пяць сур’ёзных тэлеканалаў, дзе ідзе сур’ёзная размова, як змагацца з карупцыяй і ствараць новыя працоўныя месцы. У яго ёсць выбар. У Беларусі — хто ад гэтага выйграе? Улада, можа быць, яшчэ і рыхтуе нам тут нечаканасці… Я прыехаў з Іўя, там адзінкі глядзяць «Белсат», чытаюць «Новы час» і слухаюць «Еўрарадыё». Там людзі жывуць у тых інфармацыйных рамках, якія ім усталёўвае дзяржава. Ім можна паказаць такога персанажа, і яны будуць шчыра верыць і пераконваць сваіх суседзяў, што гэта і ёсць на сёння галоўны апанент Аляксандра Лукашэнкі», — гаворыць Лябедзька.

lieb_marg_n4_logo.jpg

Шульган, на жаль, не альтэрнатыва, упэўненыя ў АГП

«Я сам магу расказаць анекдот, але ёсць мяжа, і перакрочваць гэтую мяжу нельга. Бо тады персанажам будзе не толькі Шульган. Мы не павінны самі ператварацца ў персанажаў», — катэгарычна кажа Лябедзька.

Яшчэ адзін аспект, чаму зняцце на чыюсьці карысць зараз немагчымае, пазначыў Леў Марголін. «Да выбараў, нават калі яны адбудуцца 11 кастрычніка, яшчэ чатыры месяцы. Ніхто не ведае, як за гэты час зменіцца сітуацыя, ніхто не ведае, як будзе жыць народ, і ніхто не дасць гарантыі, што раптам з Аляксандрам Лукашэнкам нічога не здарыцца. І можа так стацца, што спатрэбіцца рэальная альтэрнатыва. Шульган, на жаль, такой альтэрнатывай быць не можа», — упэўнены Марголін.

З надзеяй на лепшае

Анатоль Лябедзька амаль на 100% упэўнены, што яму ўдасца сабраць 100.000 подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Як ён зазначыў, 100 подпісаў лёгка зараз збярэ адзін сябра ініцыятыўнай групы — для гэтага дастаткова тры вечары пахадзіць па кватэрах і два дні пастаяць у пікеце. «У нас ёсць база — 1.600 дасведчаных зборшчыкаў подпісаў, якія працавалі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і каля трох з паловай тысячаў сябраў партыі. Такім чынам, тысячу сябраў ініцыятыўнай групы мы набярэм», — адзначыў Лябедзька. А дзе тысяча сябраў ініцыятыўнай групы — там сто тысячаў подпісаў.

liebedzko_logo.jpg

Лябедзька амаль цалкам упэўнены, што 100.000 подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ён набярэ

А далей усё будзе залежаць ад умоваў, у якіх будзе праводзіцца выбарчая кампанія. Калі ўжо гэтыя ўмовы будуць звышнепрымальнымі, то Лябедзька пакідае за сабою права зняцца. Але, як ужо было сказана вышэй, зняцца не на чыюсьці карысць, а проста так. Дзеля нелегітымізацыі гэтых выбараў.