Логіка ўтрымання ўлады

Настроенасць эліты на рэформы прапарцыйная ўзроўню страхаў, што генеруюць прадчуванні страты ўлады. Неяк мураш пацікавіўся ў станожкі, як яна адначасова можа каардынаваць рух ног. Яна задумалася і не змагла крануцца з месца.



padnjac_1.gif

Апынуцца на месцы станожкі дастаткова проста. У Беларусі пражывае каля 9,5 мільёна чалавек, з якіх 4,5 мільёна занятыя ў эканоміцы. Але як яны могуць не проста штосьці вырабляць, а яшчэ і выконваць пры гэтым паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, прынятыя на IV Усебеларускім народным сходзе?!

Здавалася б, адказ відавочны. Каардынацыю высілкаў мільёнаў беларускіх працаўнікоў ажыццяўляе ўладная «вертыкаль» на чале з адзіным палітыкам (АП). Аналагічная «вертыкаль» існавала і ў СССР. У 1985 годзе Сімон Кардонскі вырашыў пабудаваць схему ўладкавання дзяржаўнай улады — ад генеральнага сакратара ЦК КПСС да сакратара партарганізацыі саўгаса і ад старшыні Савета міністраў да старшыні пасялковага савета. Пры самым дробным шрыфце, які толькі можна прачытаць, у яго атрымалася табліца, даўжынёй у 1,7 метра, якая ўтрымлівала больш за 70 узроўняў іерархіі.

Нягледзячы на тое, што кожная з пасад прысутнічала ў рэальнасці, самі ўдзельнікі «вертыкалі», якім Кардонскі дэманстраваў сваю схему, адмаўляліся ў яе верыць. Аднак схема працавала, і працавала па прынцыпе станожкі, калі ніводны з яе ўдзельнікаў не быў здольны адрэфлексаваць працэс каардынацыі ў цэлым.

Выдатны букет асабістых якасцяў

Пасля распаду СССР, які азначаў і распад «схемы Кардонскага», ва ўсіх былых савецкіх рэспубліках пачаліся рэформы. Наколькі шматлікія каманды рэфарматараў разумелі, што яны рэфармуюць, і якім ім уяўляўся канчатковы вынік сацыяльных, палітычных і эканамічных пераўтварэнняў — гэта асобнае пытанне. Але за эканамічным спадам практычна паўсюдна пачаўся рост. Беларусь у гэтым сэнсе не стала выключэннем.

Я не думаю, што АП у 1994 годзе разбіраўся ў эканоміцы лепш за Гайдара, а ў асаблівасцях правядзення выбарчых кампаній — лепш за Глеба Паўлоўскага. Дыпломы гісторыка і эканаміста, атрыманыя ў Магілёўскім універсітэце (1975) і Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (1985), адпаведных ведаў не прадугледжвалі. Аднак ва ўмовах рэальнай палітычнай канкурэнцыі АП не толькі здолеў «поднять власть из грязи», аднак і «запустить заводы».

Тут самы час паразмаўляць пра ролю асобы ў гісторыі. Выбітны чалавек, паводле стандартнага курсу марксізму, выбітны не тым, што ён можа спыніць ці змяніць ход гісторыі. Яго веліч палягае ў тым, што сваёй дзейнасцю ён спрыяе прагрэсіўнаму развіццю грамадства. «Выбітны чалавек, — пісаў бацька рускага варыянту марксізму Георгій Пляханаў у працы «Да пытання пра ролю асобы ў гісторыі», — з’яўляецца менавіта пачынальнікам, таму што ён бачыць далей за іншых і прагне мацней за іншых».

Уяўленне Пляханава пра здольнасць выбітнага чалавека «бачыць далей за іншых» выдатна перадае фрагмент патрыятычнага верша з майго дзяцінства:

«Далась победа нелегко,

Но Ленин вел народ,

И Ленин видел далеко,

На много лет вперед».

У якасці ілюстрацыі здольнасці Леніна «видеть далеко», прывяду яго выказванне, зробленае за тры тыдні да Лютаўскай рэвалюцыі: «Мы, старыя, вядома, не дажывем да рэвалюцыі, але вы, маладыя, абавязкова».

Гісторыю, як вядома, пішуць пераможцы. Біяграфія правадыра, які ўзначаліў пераможную рэвалюцыю, — неад’емная частка такой гісторыі. Абмяжуюся невялікім фрагментам з афіцыйнай біяграфіі АП: «А.Г. Лукашэнку ўласцівыя глыбіня разумення падзей, працавітасць, адказнасць, рэалізм, справядлівасць і прынцыповасць».

Пагадзіцеся, выдатны букет асабістых якасцяў. Але якім чынам электаральныя прыхільнікі АП маглі іх ацаніць ва ўмовах хаосу 1994 года? Аднак нездарма беларусы схільныя галасаваць не розумам, а сэрцам. Таму феномен харызматычнага правадыра (ад старажытнагрэчаскага χάρισμα — «літасць, дарунак») «узнікае або ад фанатычнай і цвёрдай веры, або яго спараджае само ўменне «аптымальна» ў кожным канкрэтным выпадку распарадзіцца вышэйшай уладай» (Уладзімір Булдакоў, гісторык).

Геніяльны, таму што сярэдні

Схільнасць галасаваць сэрцам не варта разглядаць у якасці нацыянальнай асаблівасці беларускіх выбарцаў. У лютым на парламенцкіх выбарах у Італіі за «Рух пяці зорак» коміка Бепе Грыла прагаласаваў кожны чацвёрты. У той час, як блок былога прэм’ер-міністра Марыё Монці, які праводзіў палітыку лібералізацыі эканомікі і адраджэння здаровай канкурэнцыі, атрымаў толькі 10,5% галасоў.

«Веды — сіла», — сцвярджаў філосаф Фрэнсіс Бэкан. Аднак у палітыцы фактар ведаў далёка не заўсёды адыгрывае першасную ролю. «Ніякі Напалеон, — сцвярджае Вячаслаў Ігруноў, — не вывучаў сваю нацыю, этнас. Ён яго браў ды ляпіў. І надзвычай паспяхова. Ён быў вельмі сярэдні чалавек, і часта такія сярэднія людзі становяцца геніяльнымі, паколькі з’яўляюцца менавіта сярэднімі. Таму што людзі імгненна пазнаюць у яго паводзінах свае стэрэатыпы, запатрабаванні».

Ад сябе дадам, што «сярэдні чалавек» не толькі мае больш шанцаў быць зразумелым для электаральнай «большасці», але і са свайго боку здольны на інтуітыўным узроўні адгукацца на яе запыты, г. зн. плысці па плыні вады. Таму не варта перабольшваць унёсак дыпломаў гісторыка і эканаміста ў пераканаўчую перамогу АП на першых прэзідэнцкіх выбарах. На «глыбіню разумення падзей» яны ніяк не паўплывалі. Дый грамадскі запыт у той момант патрабаваў ад палітыка не глыбіні, а здольнасці трымацца на паверхні. Той, хто гэтага не зразумеў, — захлынуўся.

Падмацую сказанае адпаведным выказваннем самога АП: «Мне хватило какой-то интуиции порой не сделать так, как делал весь мир. Мне говорили: да куда ты идешь, ты же один, посмотри, в каком направлении движемся. Я приходил, садился и думал, день, ночь думал: а если я неправильно делаю, народ проклянет. Политика — это искусство возможного, а эти возможности создает общество, то есть вы, извините за эту философию. Исходя из этих возможностей, которые вы создаете для меня, я и провожу соответствующую политику».

Уменне плысці па плыні вады — гэта сінонім «умення аптымальна ў кожным канкрэтным выпадку распарадзіцца вышэйшай уладай». Але на што вялікія і маленькія напалеоны накіроўваюць сваю ўладу? Перш за ўсё, на ўмацаванне… сваёй улады. Калі для гэтага спатрэбіцца распачаць рэформы — яны іх распачынаюць. Калі ж фармуецца грамадскі запыт на стабільнасць — яны асвойваюць ролю яе гарантаў.

Чаму, да прыкладу, Ельцын звярнуўся да рэгіянальных эліт з заклікам: «Бярыце столькі суверэнітэту, колькі можаце праглынуць»? Уся справа ў тым, што захаванне ўладнага цэнтра ва ўмовах агульнай дэстабілізацыі было магчыма толькі пры ўмове правакавання калектыўнага эгаізму ў мэтах яго ізаляцыі і змяншэння. Любыя актыўныя кіраўнічыя спробы цэнтральнай улады ў падобных умовах прывялі б да яе дэстабілізацыі, а затым і распаду.

Парадоксы статыстыкі

У палітычнага папулізму — бо менавіта пра такі тып палітыкі гаворка ішла вышэй — ёсць свая мяжа. Эфектыўна вырашаючы бягучыя ўнутраныя задачы, звязаныя з утрыманнем улады ў рэжыме «тут і цяпер», папулізм робіцца неканкурэнтаздольны на знешніх палітычных рынках.

Зразумела, што знешняя неканкурэнтаздольнасць палітыкамі-папулістамі ўсведамляецца не адразу. Гуляць жа на апярэджанне яны не здольныя. Але немагчыма да бясконцасці адкладаць надыход часу «Ч», калі неабходна здзейсніць пераход ад утрымання ўлады за кошт патурання патэрналісцкім запытам «большасці» да ўтрымання ўлады за кошт падвышэння эфектыўнасці эканомікі (мадэрнізацыі).

Крыху статыстыкі. У 2011 годзе рэальныя прыбыткі насельніцтва зменшыліся на 1%, што не перашкодзіла айчынным аўтамабілістам павялічыць спажыванне маторнага паліва на 32,9%. У 2012 годзе прыбыткі падскочылі на 21%, а тэмпы росту спажывання паліва зменшыліся ў 2,5 разу, да 13%. У I квартале бягучага года зафіксавана абсалютнае зніжэнне спажывання паліва ў Беларусі: –5,6%. І гэта пры росце прыбыткаў на 21,8%!

Аўтамабіль для мільёнаў беларусаў даўно стаў не раскошай, а сродкам перамяшчэння. Што да маторнага паліва, то эканамісты адносяць яго да цяжка замяняльных тавараў (практычна незаменных). Таму парадокс зваротнай залежнасці попыту на паліва ад росту прыбыткаў аўтамабілістаў мае патрэбу ў тлумачэнні. Не выключана, што ён выкліканы не змяншэннем колькасці аўтамабіляў і не зніжэннем іх сярэдняга прабегу, а скарачэннем колькасці аўтамабілістаў…

Аналагічная парадаксальная залежнасць назіраецца і па спажыванні алкагольных напояў: у 2011 годзе — рост на 8,8%, у 2012-м — зніжэнне на 6,3%, у I квартале 2013-га — зніжэнне на 6%! Рымейк гарбачоўскай антыалкагольнай кампаніі ў рэспубліцы, здаецца, не адбываецца. Дык адкуль такая дынаміка?

Эміграцыя працаздольных грамадзян — яскравая прыкмета неканкурэнтаздольнасці краіны. Супраць лому неканкурэнтаздольнасці палітычны папулізм бездапаможны, а для эканамічнага папулізму неабходныя рэсурсы. Як гаворыцца ў адным старым анекдоце: «Каб вылузвацца, крылы трэба мець».

Нідзе і ніколі ад добрага жыцця рэформы не пачыналіся. Настрой жа палітычнай эліты на рэформы прама прапарцыйны ўзроўню страхаў, якія генеруюцца прадчуваннямі магчымай страты ўлады. Але да крытычнага ўзроўню яшчэ далёка, і галоўны герой маёй «Азбукі паліталогіі» не страціў веру ў творчы патэнцыял бюракратыі, якая «может обеспечить прорыв в группу лидеров» (Пасланне–2013).

Аднак паспяховых мадэрнізацыйных прарываў, дасягнутых выключна за кошт высілкаў дзяржаўнай бюракратыі, у гісторыі не зафіксавана. Без актыўнага ўцягвання грамадства тут не абысціся. Але для гэтага ўладзе давядзецца адмовіцца ад звыклага руху па плыні, бо адмовіцца ад дзяржаўнай апекі «большасць» не ў стане. Досведу ж руху супраць плыні ўлада не мае.