Лукашэнка Шустэру: Крымскі прэцэдэнт можа падштурхнуць крымскіх татар да аўтаноміі (+відэа)
Крымскі прэцэдэнт — аддзяленне гэтай аўтаномнай рэспублікі ад Украіны шляхам рэферэндуму і яе далучэння да Расіі — можа падштурхнуць крымскіх татар да стварэння ўласнай аўтаноміі. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю ўкраінскай праграме "Шустэр live" 28 сакавіка. Прапануем некаторыя ўрыўкі.
Фото: president.gov.by
"Гэтае пытанне [крымскі прэцэдэнт], якое яшчэ можа перагукнуцца Расіі, калі яна не будзе праводзіць там вельмі акуратную, узважаную, без эйфарыі палітыку", —
сказаў ён.
"Татары, наколькі я інфармаваны, заварушыліся, яны збіраюць свае органы ўлады. Небяспечны прэцэдэнт. Калі здолелі крымчане паставіць пытанне аб суверэнітэце, нейкае іншае пытанне, гэта ж
іх права, то чаму татары крымскія сёння не могуць паставіць? І яны могуць паставіць. Як рэагаваць потым на гэта? Атрымаецца, што гэты невялікі кавалак зямлі на лапікі падзеляць", —
адзначыў Лукашэнка.
"У гэтым таксама небяспека — менавіта ў самім Крыме гэтага крымскага прэцэдэнту", — падкрэсліў ён
Лукашэнка таксама паведаміў, што "першапачаткова кантактаваў з многімі фігурантамі вось гэтай рэвалюцыі ва Украіне". "Пасля рэвалюцыі я з Клічко па
тэлефоне размаўляў, праз пасла мы падтрымліваем вельмі цесны кантакт з Турчынавым, выканаўцам абавязкаў прэзідэнта. Я думаю, што найбліжэйшым часам мы сустрэнемся для таго, каб
абмеркаваць сітуацыю там, а галоўнае, як будаваць далей адносіны. Мы ж суседзі. Галоўная каштоўнасць — гэта народ Украіны, народ Беларусі, вось тут ніякага разрыву не павінна быць",
— падкрэсліў Лукашэнка.
"Ды хоць з д'яблам трэба размаўляць, толькі б не было горшага", — дадаў беларускі кіраўнік.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што інфармацыя аб падзеях ва Украіне магла ўспрымацца "не зусім адэкватна". "На экранах тэлевізараў, яны ж самі гэта
дэманстравалі: прыходзіць чалавек на савет, народ абраў гэты савет, з аўтаматам і пачынае дыктаваць волю. Бяруць пацана гэтага пракурора, няхай там Пшонка (экс-генпракурор Украіны
Віктар Пшонка. — БелаПАН.) ці хто б быў, узялі б яго за каўнер, або Януковіча, таму што яны ў гэтым вінаватыя, але пацанёнка гэтага бяруць за гальштук і пачынаюць
яго круціць-вярцець. І многія іншыя — марадзёрства, разгром заводаў цяпер, офісаў", — сказаў Лукашэнка.
"Закрычалі найперш у Крыме, — адзначыў ён. — З 2,5 мільёна там 1,5 мільёна рускамоўных, чытай рускіх. Пуцін і яго грамадства ўспрынялі гэта як мяжу. Далей
нельга, цярпець нельга, тады яны пачалі дзейнічаць. Вы можаце асуджаць яго і мяне за мае разважанні, і гаварыць, што гэта не так, вы няправільна зразумелі. Навошта вы далі нам падставу, каб мы
менавіта так разумелі гэта".
Лукашэнка таксама паведаміў, што на працягу чатырох месяцаў украінскага крызісу ён часта размаўляў з Уладзімірам Пуціным. "Вельмі часта, — дадаў ён. —
Па-першае, была Алімпіяда. Я доўга быў на Алімпіядзе, мы пастаянна кантактавалі, больш на афіцыйных мерапрыемствах, таму што яму не да канкрэтных было сустрэч. Дзесьці перасякаліся на гары, яшчэ
дзесьці, па-сяброўску абмяркоўвалі гэтыя пытанні. Канешне, у кожнага было шмат сваіх праблем. І потым, на няшчасце, гэтае мерапрыемства перацякло на ўкраінскія падзеі, якія, канешне ж, з-за асабістых
прычын і дзяржаўных пытанняў мяне не маглі не трывожыць, тым больш Пуціна".
Як сцвярджае Лукашэнка, у асобныя перыяды ён размаўляў з Пуціным нават штодзённа або два разы на дзень. "Не толькі па ўкраінскія падзеі. Усё, што вакол было,
навокал Украіны, нас хвалявала. Дапусцім, калі НАТА аб'явіла вучэнні каля нашых межаў, мы не маглі не рэагаваць", — удакладніў ён.
Апошняя размова з Пуціным, паводле слоў Лукашэнкі, была напалову прысвечана эканамічным пытанням і адбылася пасля рэферэндуму ў Крыме і падпісання пагаднення аб далучэнні паўвострава.
"Нельга ў гэтай мітусні і блытаніне праводзіць нейкія рэферэндумы аб федэралізацыі і іншае. Гэта ўсё будзе неаб'ектыўна, гэта дасць падставу гаварыць, што яны нелегітымныя, і будзе
вечна стаяць пытанне аб прызнанні і непрызнанні гэтага рэферэндуму", — сказаў ён у інтэрв'ю ўкраінскай праграме "Шустэр live" 28 сакавіка.
На думку Лукашэнкі, краіну неабходна "супакоіць, стабілізаваць становішча, а потым, калі ўзнікне пытанне аб рэферэндумах, федэральнай дзяржаве, канфедэрацыі, унітарнай дзяржаве або яшчэ аб
чымсьці, вырашаць гэтыя пытанні".
"Украіна — гэта найвялікшая каштоўнасць для нас, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы не павінны раззлаваць украінцаў, бо ва Украіне пераважная большасць
успрымае, што замахнуліся на іх тэрыторыю, на іх суверэнітэт. І далейшы рух у гэтым кірунку — гэта будзе агрэсія, так будуць расцэньваць гэта ўсе ўкраінцы. Мы ні ў якім
выпадку не павінны зрабіць такія сілавыя рухі ва Украіне. Мне не падабаецца тое, што адбываецца сёння на ўсходзе (усходзе Украіны. —БелаПАН.). Там трэба гуляць на супакойванне сітуацыі, а не бударажыць".
Паводле слоў Лукашэнкі, ён "катэгарычна супраць" расхіствання сітуацыі ва Украіне. "Больш за тое, я катэгарычна супраць усялякіх федэрацый. Ідыятызм поўны. Што
такое сёння правесці лінію паміж заходняй і ўсходняй Украінай? Я сказаў, што гэта двухбаковы інструмент, піяніна. З аднаго боку будзе іграць адзін спецыяліст, з другога
боку — другі. І што мы атрымаем? Мы атрымаем, што фактычна ў цэнтры Еўропы магутная найбуйнейшая дзяржава будзе дэстабілізаваная", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Там, дзе бардак, вы ведаеце, хто туды сунецца. Вы ведаеце, што ўвесь хлам і смецце, баявікі, бандыты і іншыя, якія любяць гарачае і атрымаць на гэтым грошы, яны збяруцца там. Нам
што, гэта будзе абыякава, беларусам? Не! Расіянам будзе абыякава? Не! А тым больш вам, хто жыве ва Украіне", — заўважыў Лукашэнка.
БелаПАН