Малдова адмовілася плаціць членскія ўзносы ў СНД і пакідае «садружнасць»

Малдова больш не будзе плаціць членскія ўзносы ў Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), паведамілі ў Мінфіне краіны. Рашэнне прынята ў сувязі з тым, што краіна збіраецца выйсці з СНД і ўжо скасавала некалькі дзясяткаў пагадненняў, звязаных з арганізацыяй. Яшчэ адной прычынай сталі санкцыі супраць расійскіх банкаў, уведзеныя праз вайну ва Украіне.

Фота: Dorin Seremet / unsplash

Фота: Dorin Seremet / unsplash

Змены ўжо адлюстравалі ў праекце закона аб бюджэце на 2024 год. Яго падпісаў міністр фінансаў Пятру Ратару. Згодна з дакументам, сума, якая выдаткоўваецца на аплату штогадовых сяброўскіх унёскаў у міжнародных арганізацыях, памяншаецца на 16 млн леяў ($900 тысяч) — з 66,5 да 50,5 млн леяў (блізу $2,9 млн).

«Ужо ў 2023 годзе Малдова не заплаціць унёскі за ўдзел у Міжпарламенцкай асамблеі СНД і ў сямі арганізацыях гэтай супольнасці амаль 8,2 млн леяў ($450 тысяч). Гэтая сума была прадугледжана першапачаткова ў бюджэце на 2023 год», — удакладнілі ў Мінфіне. Усяго за апошнія чатыры гады краіна пералічыла ў СНД амаль 35 млн леяў.

Малдова вырашыла выйсці з Садружнасці, у якой знаходзілася з 1994 года, пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Ужо вясной 2022-га краіна прыпыніла працу ў ключавых органах арганізацыі: Савеце кіраўнікоў дзяржаў, Савеце кіраўнікоў урадаў і Савеце міністраў замежных спраў.

«Пасля таго як заснавальнік СНД — Расія — па-варварску напала на Украіну, гэтая арганізацыя больш не можа звацца супольнасцю. Мы больш не можам заставацца за адным сталом перамоў з краінай-агрэсарам», — заявіў спікер парламента Ігар Гросу. Ён таксама адзначыў, што СНД была «створана Расіяй на руінах СССР, каб трымаць пад кантролем былыя савецкія рэспублікі».


Глядзіце таксама

У ліпені 2023 года парламент Малдовы прагаласаваў за выхад з Міжпарламенцкай асамблеі СНД, асноўная задача якой заключалася ў гарманізацыі заканадаўства краін-членаў. Акрамя гэтага, былі скасаваны пагадненні аб адзінай адукацыйнай прасторы, забеспячэнні пагранвойскаў, абмене інфармацыяй аб надзвычайных сітуацыях, стварэнні міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» і іншыя.

Паводле слоў міністра замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы Ніку Папеску, краіна з'яўлялася ўдзельніцай прыкладна 330 пагадненняў СНД. За перыяд вяснова-летняй сесіі парламент дэнансаваў іх больш за 20, а ў верасні — 13.

СНД было створана ў 1991 годзе пасля распаду СССР. Акрамя Малдовы, у яго ўваходзяць Расія, Арменія, Азербайджан, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Грузія пакінула арганізацыю пасля пяцідзённай вайны з Расіяй у 2008 годзе. Украіна з'яўлялася ўдзельніцай і заснавальніцай СНД, але не была афіцыйным членам, паколькі адмовілася падпісваць Статут. Усе адносіны з арганізацыяй яна спыніла ў 2018 годзе.

Паводлеmoscowtimes.ru.