Заснавальнік гурта «Nazareth» Піт Эгню: «Лукашэнка паспрабаваў сапсаваць нам канцэрт»

Самы запамінальны канцэрт ва Усходняй Еўропе ў знакамітых музыкаў з «Nazareth» адбыўся ў Мінску — і ўсё дзякуючы Лукашэнку.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com

На сцэне «Nazareth» ужо больш за 50 гадоў, з пачынальнікаў застаўся толькі Піт Эгню, які і заснаваў гурт. Ён па-ранейшаму з бас гітарай і дружалюбна ўсміхаецца фанам на іх апладысменты. Адчуваю, што не ўсе іх песні цяпер ведаю, але калі гучыць кампазіцыя «Love hurts», усё ўва мне варушыцца, піша Павел Залескі для Беларускай службы «Польскага радыё». Журналісту ўдалося 15 хвілін паразмаўляць з заснавальнікам легендарнага гурта.

— Які перыяд у творчасці «Nazareth» быў самым цікавым для вас?

Ён амаль не задумваючыся адказваў адразу. Хаця не спяшаючыся і нібыта нешта згадваючы са свайго мінулага.

— Усе перыяды нашай творчасці былі па-свойму цікавыя таму, што ў кожным з іх у складзе гурта былі розныя музыкі, якія ўносілі ў нашу творчасць сваё, непаўторнае. Кожны склад нашага гурта меў сваю адметнасць, і гэта было цікава.


Глядзіце таксама

— А для вас асабіста які з гэтых перыядаў запомніўся найбольш?

— О… Напэўна, калі я быў малады, бо заўсёды лепш, калі ты малады. Я любіў усе склады нашага гурта, якія былі на працягу гісторыі «Nazareth». Праўда, мушу сказаць, што найбольш вясёлы для нас перыяд пачаўся ў 90-я гады, калі ўпаў берлінскі мур і ўсе заходнія гурты змаглі выступаць у Савецкім Саюзе. Раней ніхто з заходніх гуртоў не быў ні ў Беларусі, ні ва Украіне, ні ў Расіі. Бадай, гэты час стаў адным з самых цікавых для нас.

— І якімі былі першыя ўражанні ад наведвання Усходняй Еўропы?

— Перад першай паездкай мы не ўяўлялі, што можам там пабачыць, з чым сустрэцца, але ўжо тады атрымлівалі шмат лістоў з СССР: людзі, якія слухалі і любілі нашу музыку, пісалі нам і запрашалі прыехаць. А таму мы ведалі, што там нас чакаюць і нам будуць рады. Тым не менш, хваляваліся і не ведалі, як насамрэч успрымуцца нашы канцэрты.

І ўжо пасля першых гастроляў нам стала зразумела, што і за той «жалезнай заслонай» людзі таксама людзі, як паўсюль. І публіка, якая прыходзіла на канцэрты ў Савецкім Саюзе, была практычна такой самай, як і ў заходніх краінах.

Адзінае што — фанам на нашых канцэртах ахова і арганізатары не дазвалялі пашалець, як яны гэтага праглі, слухаючы нашу музыку. Ім увесь час нагадвалі, каб яны не ўставалі са сваіх месцаў, не выкрыквалі… І гэта нас вельмі здзіўляла. Мы не маглі зразумець, чаму людзям не дазваляюць паводзіцца так, як яны хочуць, слухаючы нашу музыку. Праўда, у хуткім часе парадкі змяніліся і фанам на канцэртах стала нашмат вальней.

Тыя часы праз 30 гадоў наогул немагчыма параўнаць. Калі мы першы раз ехалі ў Беларусь, ва Украіну, Расію, у нашым грамадстве і СМІ панаваў стэрэатып, што на ўсходзе Еўропы жывуць ледзь не ворагі нашы. І калі мы першы раз патрапілі да гэтых «ворагаў», то адчувалі сябе так прыемна, дружалюбна — мы проста не маглі нацешыцца атмасферай сярод гэтых людзей.

«Nazareth» гастраляваў па рэспубліках былога СССР больш за іншыя заходнія гурты. І мы ніколі не баяліся туды ездзіць.


Глядзіце таксама

На развітанне, усміхаючыся нам, Піт Эгню кажа, што хоча расказаць пра самы памятны канцэрт, які адбыўся ў Мінску. «Nazareth» тройчы выступаў у сталіцы Беларусі, але Піт дакладна не памятае, у якім годзе быў той канцэрт.

— Мы адпачывалі перад канцэртам яшчэ ў гатэлі, але раптам тэлефануюць з адміністрацыі стадыёна, дзе павінна было адбывацца наша выступленне, і кажуць, што канцэрт давядзецца адкласці. Маўляў, там прэзідэнт Лукашэнка гуляе ў хакей. Праз гэта рабочыя не могуць манціраваць сцэну і падключаць апаратуру.

Я быў у шоку, гаварыў, што дата канцэрта была вызначана месяц таму. На другім канцы проваду мяне разумелі, але тлумачылі, што ў хакей гуляе прэзідэнт і канцэрт трэба адмяніць. Я адказаў, што мы нічога адмяняць не будзем, паколькі прададзены білеты, людзі чакаюць. Канцэрт прызначаны на 20.00, будзем чакаць, пакуль ён скончыць сваю гульню.


Глядзіце таксама

Ну і канцэрт распачалі пасля поўначы. Такога ў нашай доўгай біяграфіі ніколі не было. І заўсёды. калі нешта цікавае згадваем у калектыве з нашага мінулага, гаворым пра канцэрт у Мінску. Мы ніколі не забудзем пра канцэрт у Мінску: прэзідэнт спрабаваў сапсаваць нам яго.

Але сам канцэрт, нягледзячы на хакей прэзідэнта, прайшоў пры поўнай зале фанаў.

Цалкам інтэрв'ю з Пітам Эгню можна пачытаць тут.