IIHF уключыла Беларусь у турніры Алімпіяды-2026. Але толькі тэарэтычна
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) папярэдне ўключыла зборныя Беларусі і Расіі ў сетку асноўнага і адборачнага турніраў Алімпійскіх гульняў 2026 года, якія павінны адбыцца ў Мілане.
У сетцы побач з Беларуссю і Расіяй стаіць заўвага: «Тэарэтычная пазіцыя пасеву, калі будзе прынята рашэнне аб вяртанні каманды ў праграму чэмпіянату IIHF».
Рашэнне аб удзеле зборных будзе прымацца вясной 2024 года.
Расійская зборная адразу ўключана ў лік удзельнікаў алімпійскага турніру, а каманда нашай краіны — у фінальны раўнд адбору ў групу разам з камандамі Славакіі і Казахстана. Чацвёртай камандай у групе стане пераможца папярэдняга кваліфікацыйнага тура. Беларусы павінны будуць згуляць у сталіцы Славакіі ў 2024 годзе, піша Reform.by.
Нагадаем, у выніку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы Беларусі камандам краін-агрэсараў было забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай IIHF. Таксама Расія была пазбаўленая права на правядзенне Чэмпіянату свету-2023 сярод мужчын у топ-дывізіёне і моладзевага ЧС-2023.
Улетку 2022 года Беларусь і РФ спрабавалі аспрэчыць рашэнне IIHF, аднак іх апеляцыі былі адхіленыя, а адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў засталося ў сіле. У сакавіку 2023 года IIHF падоўжыла адхіленне Расіі і Беларусі ад турніраў пад сваёй эгідай. Такім чынам, расіяне і беларусы не прымаюць удзел у міжнародных спаборніцтвах сезона-2023/24, у тым ліку прапускаюць чэмпіянаты свету 2023 і 2024 гг.
Раней паведамлялася, што Міжнародны алімпійскі камітэт схіляецца да допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў на летнія гульні ў Парыжы ў наступным годзе ў індывідуальным парадку. Са свайго боку прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Люк Тардзіфзаявіў, што забарона на хакейныя спаборніцтвы для Расіі і Беларусі будзе дзейнічаць, прынамсі, да тых часоў, пакуль працягваецца вайна ва Украіне.