Зборныя Беларусі і Расіі па хакеі не будуць дапушчаныя да спаборніцтваў пад эгідай IIHF

Забарона на хакейныя спаборніцтвы будзе дзейнічаць, прынамсі, да тых часоў, пакуль працягваецца вайна ва Украіне. Пра гэта заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Люк Тардзіф.

241321.png


Паводле яго слоў, каманды краін-агрэсараў змогуць вярнуцца ў турніры IIHF толькі пры ўмове, што вайна ва Украіне скончыцца. Пакуль гэтага не адбудзецца, РФ і яе саюзніца будуць адхіленыя ад спаборніцтваў.

«Я спадзяюся, што Беларусь і Расія вернуцца як мага хутчэй, бо гэта будзе азначаць, што вайна скончылася. Гэта пытанне бяспекі заўзятараў, нашых каманд. У любым выпадку няма візы, нельга падарожнічаць. І ніхто не ведае, колькі часу гэта будзе доўжыцца. Я разумею, што часам ёсць палітычны ўплыў. Як чалавек, у мяне ёсць уласнае разуменне сітуацыі. Але на пасадзе ў IIHF я павінен прыняць рашэнне паводле нашага кіраўніцтва і абараняць нашы турніры», — сказаў Тардзіф у каментары ESPN.

Нагадаем, у выніку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы Беларусі камандам краін-агрэсараў было забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай IIHF. Таксама Расія была пазбаўленая права на правядзенне Чэмпіянату свету-2023 сярод мужчын у топ-дывізіёне і моладзевага ЧС-2023.

Улетку 2022 года Беларусь і РФ спрабавалі аспрэчыць рашэнне IIHF, аднак іх апеляцыі былі адхіленыя, а адхіленне ад міжнародных спаборніцтваў засталося ў сіле. У сакавіку 2023 года IIHF падоўжыла адхіленне Расіі і Беларусі ад турніраў пад сваёй эгідай. Такім чынам, расіяне і беларусы не прымуць удзел у міжнародных спаборніцтвах сезона-2023/24, у тым ліку прапусцяць чэмпіянаты свету 2023-га і 2024 года.


У сакавіку 2024 года будзе прымацца рашэнне аб прадаўжэнні забароны ўдзелу да канца 2025 года.

Раней паведамлялася, што Міжнародны алімпійскі камітэт схіляецца да допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў на летнія гульні ў Парыжы ў наступным годзе ў індывідуальным парадку. Са свайго боку Тардзіф кажа, што IIHF не варта саветам МАК, бо хакей — камандны від спорту.

На днях стала вядома, што міністэрства моладзі і спорту Украіны забараніла нацыянальным зборным удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах з удзелам спартоўцаў з РФ і Беларусі. Акрамя таго, Украінская федэрацыя хакея асудзіла і цынічны перформанс Лукашэнкі, падчас якога той правозіў па лёдзе на інвалідным вазку чалавека, які ваяваў супраць Украіны і страціў на вайне нагу.