«Вагнер» пераходзіць у Расгвардыю, але застаецца ў Беларусі

ПВК «Вагнер» афіцыйна становіцца падраздзяленнем Расгвардыі, паведаміў тэлеграм-канал ПВК. Але ў тым жа паведамленні гаворыцца, што задачы ПВК «Вагнер» у Беларусі пасля яе пераходу ў склад Федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыя) захоўваюцца.

20230609_gaf_u03_018_1.jpg

Па звестках тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які адсочвае вайсковую актыўнасць у Беларусі, на канец верасня ў намётавым лагеры ПВК «Вагнер» у вёсцы Цэль у Беларусі засталося каля 99 намётаў (з 292), або 34% ад іх першапачатковай колькасці. Усяго ж за верасень было дэмантавана 30 намётаў.

Акрамя таго, найміты актыўна ўзаемадзейнічалі з унутранымі войскамі, да прыкладу, яны правялі курсы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для вайскоўцаў спецпадраздзяленняў, якія прайшлі больш за 400 чалавек.

Праводзілі яны заняткі і з неваеннымі структурамі: па тактычнай медыцыне з журналістамі на палігоне «Лосвіда»; з выхаванцамі ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь»; з прадстаўніцамі Нацыянальнай школы прыгажосці.

Да дзейнасці наймітаў у верасні можна аднесці і стварэнне стыхійных мемарыялаў Уткіну і Прыгожыну ў Мінску і Гомелі, але ў цэлым іх актыўнасць застаецца на нізкім узроўні, а розныя заняткі са структурамі УС РБ можна ахарактарызаваць як несістэмныя.

Нагадаем, што ПВК «Вагнер» і яе кіраўнік Яўген Прыгожын сталі часткай беларускага палітычнага парадку дня, калі Лукашэнка, па яго сцвярджэнні, выступіў пасярэднікам паміж Прыгожыным, які падняў 23 чэрвеня бунт супраць кіраўніцтва Міністэрства абароны РФ і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У выніку 26 чэрвеня Пуцін прапанаваў членам ПВК, якія ўсвядомілі «трагічную памылку», некалькі варыянтаў на выбар, у тым ліку — «сысці і ў Беларусь».

Бізнес-джэт, на якім ляцеў Прыгожын, разбіўся ўвечары 23 жніўня ў Цвярской вобласці. Кіраўнік ПВК «Вагнер» загінуў, пасля чаго ў структуры паўстала пытанне, як працаваць далей.

Частка наймітаў падпісала кантракт і адбыла ў краіны Афрыкі, частка сышла ў адпачынак, частка планавала альбо перайсці ў іншыя тэрарыстычныя структуры, або наогул звольніцца.

Напрыканцы верасня спікер Дзяржпагранслужбы Украіны Андрэй Дземчанка ацаніў колькасць наймітаў ПВК «Вагнер», якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, у менш чым тысячу.

«Беларусь працягвае падтрымліваць Расію ў вайне, якую тая развязала супраць Украіны, сваю інфраструктуру, сваю паветраную прастору. Аднак для нас выгадная сітуацыя ў тым, што не ўтрымаліся на тэрыторыі Беларусі расійскія найміты з “Вагнера”. Па нашых даных, іх там цяпер знаходзіцца менш за тысячу чалавек. Як памятаем, іх колькасць вагалася ў раёне 6000, калі яны прыбывалі туды. За ўсім, што адбываецца па той бок мяжы, пільна сочаць падраздзяленні выведкі», — адзначыў Дземчанка.

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, адзначае, што асноўным месцам размяшчэння наймітаў з'яўляецца лагер у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. Па інфармацыі «Гаюна», найміты таксама выкарыстоўваюць для сваіх мэтаў тэрыторыю былога ваеннага гарадка №28 «Паплавы» ў Асіповіцкім раёне. У вёсцы Цэль дэмантуецца намётавы лагер, аднак да канца ён пакуль не ліквідаваны.