Мікалай Статкевіч узнагароджаны прэміяй Вілі Бранта "за асаблівую палітычную мужнасць"

Мікалай Статкевіч, які адбывае пакаранне ў закрытай турме № 1 у Магілёве, узнагароджаны Міжнароднай прэміяй імя Вілі Бранта.



statkevich_atrium_data.jpg

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 24 студзеня ў Берліне. Ад імя Статкевіча прэмію атрымалі яго жонка Марына Адамовіч і дачка Кацярына Статкевіч.
Як паведамляе сайт statkevich.org, Статкевіч удастоены прэміі "за асаблівую палітычную мужнасць".
Перад уручэннем прэміі з прамовай выступіў старшыня журы, прафесар Эган Бар, на працягу многіх гадоў блізкі сябар і паплечнік Вілі Бранта. Ён, у прыватнасці, сказаў: "Мікалай Статкевіч быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі... Ён ведаў, што кідае выклік аўтарытарнаму рэжыму. Яго адзіным "злачынствам" была яго прыхільнасць дэмакратычным выбарам. Прэмія, якая ўручаецца сёння, носіць імя Вілі Бранта. Яму належыць выказванне: "Дзе свабода не абаронена своечасова, аднавіць яе можна толькі цаной вялікіх ахвяр".

bahr_adamovich_data(1).jpg


"Слова "дэмакратыя" мае для нас магічны сэнс. Дэмакратыя з'яўляецца душой нашай партыі. Мы гаворым: няхай Мікалай Статкевіч і іншыя палітычныя зняволеныя нарэшце будуць вызвалены", — заявіў Бар.
На цырымоніі ўручэння прэміі ў Willy-Brandt House прысутнічала больш чым 600 чалавек. Зарэгістравалася ж каля 1.000, але зала не змагла ўмясціць усіх ахвотных. Сярод гасцей былі вядомыя нямецкія і еўрапейскія палітыкі, члены ўрада, бундэстага і Еўрапарламента, у тым ліку Герхард Шродэр, Пер Штайнбрук, Франц Цёнэс, былыя і цяперашнія кіраўнікі СДПГ (SPD).
 

gruppenfoto_data.jpg


Марына Адамовіч зачытала прывітальныя словы ад імя Мікалая Статкевіча, з якімі ён звярнуўся да прысутных з-за кратаў. "Я нават не магла ўявіць сабе такога. На працягу нашага выступлення на сцэне мяняліся слайды з фотаздымкамі Мікалая, — сказала жонка палітыка. — А пасля яго завяршэння ўся зала паднялася і некалькі хвілін авацыямі вітала Мікалая. Нам гаварылі: "Вы тут сярод сяброў. Мы будзем і надалей рабіць усё, што ў нашых сілах, дзеля яго вызвалення, дзеля дэмакратыі ў Беларусі". Для мяне гэта самае яркае сведчанне, што салідарнасць не мае межаў. Яна можа прайсці праз турэмныя сцены. Я ніколі не забуду, што ў пачатку студзеня 2011 года менавіта прадстаўнікі нямецкай і міжнароднай сацыял-дэмакратыі першымі прыехалі ў Мінск, каб даведацца аб лёсе Мікалая і дабівацца яго вызвалення і іншых палітзняволеных, незаконна захопленых пасля выбараў. Яны працягваюць рабіць гэта і сёння. Дзякуй".
Андрэй Серада, БелаПАНФота www.spd.de