Мінск аднаўляе дыялог па правах чалавека з Еўрасаюзам

Спыненыя ў 2009 годзе перамовы аб выкананні правоў чалавека паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам маюць быць адноўленыя сёлета. 



mayra_mora.jpg

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе паведаміла кіраўніца дэлегацыі Еўрапейскага саюзу ў Мінску Майра Мора:
«Беларусь пагадзілася аднавіць дыялог у правах чалавека, які першы раз адбыўся вясной 2009 году, пасля чаго сумесных сустрэч у гэтым пытанні не было. Цяпер ідуць перамовы аб тым, калі гэта можа адбыцца. Відаць, што гэта будзе сёлета, больш дакладна я сказаць не магу. 
Гэта частка спісу мерапрыемстваў, у якіх мы гатовыя супрацоўнічаць, так званай дарожнай мапы. Чакаецца, што гэты дыялог будзе адбывацца на ўзроўні экспертаў у розных галінах: напрыклад, калі гэта будзе датычыць пенітэнцыярнай сістэмы, то гэта будзе прадстаўнік МУС, – па характары пытанняў, якія бакі пагодзяцца ў гэтым раўндзе абмяркоўваць»,—зазначыла амбасадар Майра Мора.
У 2009 годзе Беларусь і Еўрасаюз дасягнулі дамоўленасці аб правядзенні дыялогу аб выкананні правоў чалавека. Афіцыйна дыялог на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 году па выніках пасяджэння Рады Еўрасаюзу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялогу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Еўрасаюзе «прынамсі раз у год». Аднак пасля 2009 году такіх сустрэч не было.
Старшыня Беларускага Хэльсінскага камітэту Алег Гулак адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што прадстаўнікі Еўрасаюзу кансультаваліся з праваабаронцамі на гэты конт, але сам фармат дыялогу не прадугледжвае ўдзелу ў ім праваабаронцаў. 
«Гэта дыялог Еўрасаюзу з Беларусьсю і непасрэдна ў гэтым працэсе праваабаронцы не ўдзельнічаюць. Але безумоўна Еўрасаюз праводзіў з намі кансультацыі адносна таго, якія тэмы, у якім ракурсе і ў якім парадку трэба ўздымаць, бо праблем шмат і немагчыма асягнуць неабсяжнае. Такія кансультацыі былі і, наколькі я разумею, будуць далей», – адзначыў ён.
Гулак не ўскладае вялікіх надзей на дыялог па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, але ўсё роўна лічыць гэта пазітыўнай з'явай: 
«Я, безумоўна, далёкі ад таго, каб быць у вялікім захапленні, але гэта лепш чым адсутнасць такога працэсу і гэтым трэба карыстацца. Добра, што такая магчымасць ёсць».
svaboda.org