Мінскія пагадненні-2: калі Пуцін адновіць вайну?

Дамоўленасці, якія былі дасягнутыя сёння перагаворшчыкамі ў Мінску, прынцыпова нічым не адрозніваюцца ад дамоўленасцяў, падпісаных 19 верасня, і могуць быць парушаны ў любы момант



nu_szo_rabic.jpg

Каб дакладна разумець, які рэальны вынік мінскіх перамоваў, варта выразна падзяліць вынікі гэтага дыялогу на дзве часткі. Першая — гэта дэкларацыя, якую падтрымалі, але нават не падпісалі, Пётр Парашэнка, Уладзімір Пуцін, Франсуа Аланд і Ангела Меркель. Яе сутнасць зводзіцца да таго, што бакі будуць спрыяць далейшаму мірнаму ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Другая  — «Комплекс мер па выкананні Мінскіх пагадненняў», які падпісалі ўдзельнікі трохбаковай групы, куды, нагадаем, уваходзіць Леанід Кучма, прадстаўнік АБСЕ, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, а таксама лідэры сепаратыстаў Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі. Чым скончылася падпісанне гэтымі ж людзьмі, юрыдычны статус якіх у вайне на Данбасе даволі абстрактны, папярэдняга мірнага дагавора, усім добра вядома — яшчэ больш маштабнымі сутыкненнямі. Таму новы дакумент таксама не можа гарантаваць, што вайна спыніцца.
Па-першае, таму што планы Расіі ў дачыненні да Украіны, а менавіта гэта дзяржава з'яўляецца рэальным ваюючым бокам на Данбасе, за гэты час не змянілася. Крэмль згодны толькі на два варыянты развіцця падзей: прыход да ўлады ў нашай краіне марыянеткавага прарасійскага ўрада ці паступовае знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці наогул.
Па-другое, сам дакумент, які падпісала трохбаковая кантактная група, утрымлівае цэлы шэраг палажэнняў, выканаць якія будзе вельмі складана, калі наогул магчыма. Спынімся на ключавых пунктах гэтага пагаднення.
Поўнае спыненне агню з 00:00 15 лютага. Аналагічны пункт быў і ў папярэднім мірным пагадненні, але на практыцы баевікі «ДНР» і «ЛНР» працягвалі лакальныя атакі на пазіцыі ВСУ па ўсёй лініі фронту. Спачатку гэта насіла хаатычны характар, але з часам перарасло ў поўнамаштабны наступ па ўсіх напрамках. Таму гарантый таго, што сітуацыя не паўторыцца зноў, — няма. Тое ж самае тычыцца і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі судакранання бакоў, прапісанага ў 2 пункце пагаднення і паўнамоцтваў па маніторынгу выканання гэтых абавязацельстваў, якія зноў ўскладаюцца на АБСЕ. Хоць гэтая арганізацыя з пачатку баёў на Данбасе ўжо цалкам сябе дыскрэдытавала.
Правядзенне мясцовых выбараў на Данбасе. Гэты пункт адзін з самых «цікавых» у гэтым дакуменце. З аднаго боку за правядзенне такіх выбараў раней выступаў і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, падкрэсліваючы пры гэтым, што яны павінны прайсці строга па украінскім заканадаўстве. У падпісаным жа пагадненні бакі дамовіліся, што «пытанні, якія тычацца мясцовых выбараў, будуць абмяркоўвацца і ўзгадняцца з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласці ў рамках трохбаковай кантактнай групы». У гэтай сувязі адразу ж узнікае некалькі пытанняў: кім будуць гэтыя «прадстаўнікі», хто атрымае права іх дэлегаваць у працоўную групу па ўзгадненні правілаў правядзення выбараў, і якія яны будуць мець паўнамоцтвы? Бо калі выбары пройдуць па ўкраінскіх законах, то пра якія яшчэ узгадненні і якіх менавіта «пытанняў» можа ісці гаворка. Выходзіць, што ў гэтым пункце наўмысна закладзена бомба па зрыву гэтых выбараў.
Поўная амністыя ўсіх сепаратыстаў, тэрарыстаў і наймітаў. У гэтым пункце, хутчэй за ўсё, наўмысна не згадваецца аб грамадзянстве удзельнікаў вайны на Данбасе, каб пад судовы пераслед не патрапілі і тысячы расійскіх грамадзян, у тым ліку і кадравых ваенных, якія ваююць супраць Украіны. Фактычным дадаткам да гэтага пункта з'яўляецца і дамоўленасць па абмене палоннымі па прынцыпе «ўсіх на ўсіх». Але ў гэтым кантэксце незразумела, ці варта ў гэты спіс ўключаць і нашу лётчыцу Надзею Саўчанка. Бо Расія відавочна не пагодзіцца залічыць яе ў катэгорыю «закладнікаў» ці «асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца», пра якія ідзе гаворка ў дакуменце. Застаецца спадзявацца, што Саўчанка, як і дзесяткі іншых нашых ваенных, якія ўтрымліваюцца расіянамі, будуць вызваленыя па асобнай вуснай дамоўленасці двух прэзідэнтаў, на што сёння намякнуў Пётр Парашэнка.
Правядзенне ва Украіне канстытуцыйнай рэформы з замацаваннем асаблівага статусу для Данбаса. Гэты пункт здольны сарваць увесь працэс мірнага ўрэгулявання. Бо гаворка ідзе пра такія паўнамоцтвы для асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласці: права органаў мясцовага самакіравання на прызначэнне судоў і пракурораў, магчымасць заключаць прамыя дамовы аб эканамічным супрацоўніцтве з асобнымі рэгіёнамі Расіі, стварэнне атрадаў народнай міліцыі, якая не будзе падпарадкоўвацца Кіеву, а таксама забарона на датэрміновае спыненне паўнамоцтваў мясцовых саветаў. Іншымі словамі, гаворка ідзе аб стварэнні шырокай аўтаноміі, якую павінен фінансава ўтрымліваць Кіеў. Адпаведны пункт пададзены пад соусам «поўнае аднаўленне сацыяльна-эканамічных сувязяў, уключаючы сацыяльныя выплаты». Пры гэтым адпаведныя змены ў Канстытуцыю павінны ўступіць у сілу ўжо да канца бягучага года. Толькі ў гэтым выпадку «ДНР» і «ЛНР», а дэ-факта Расія, абяцаюць Украіне поўнае аднаўленне кантролю над украіна-расійскай мяжой.
Вывядзенне ўсіх замежных узброеных фарміраванняў, тэхнікі, наймітаў і раззбраенне ўсіх незаконных груп. Як выканаць гэты пункт на практыцы — застаецца загадкай. Бо да гэтага часу, ні «ДНР», ні «ЛНР», ні Расія не прызнавалі, што на Данбасе ваююць найміты. Таму, узнікае пытанне — каго яны будуць выводзіць і куды. Тое ж самае з незаконнымі ваеннымі групамі, якімі, па-сутнасці, і з'яўляецца ўся зборная армія сепаратыстаў. Зразумела, што выводзіць яе з Украіны ніхто не збіраецца. У крайнім выпадку, большасць баевікоў пойдуць у тую ж «народную міліцыю». Акрамя таго, у дамове не пазначаны тэрміны выканання гэтага патрабавання. Такім чынам, выводзіць наймітаў можна бясконца.
У цэлым жа гэты «Комплекс мер» накіраваны на рэалізацыю Расіяй ва Украіне другога сцэнарыя, пра які згадвалася ў пачатку артыкула, гэта значыць паступовае знішчэнне ўкраінскай дзяржаўнасці. Бо, калі гэта пагадненне рэалізаваць на практыцы, то Украіна атрымае абсалютна непадкантрольны рэгіён, з мільёнамі варожа настроеных да Кіева выбаршчыкамі, якія захочуць і будуць пад дыктоўку Масквы патрабаваць адмены курсу на збліжэнне з ЕС і падтрымліваць іншыя прарасійскія «хацелкі» часоў праўлення Партыі рэгіёнаў. Да таго ж, гэты рэгіён будзе высмоктваць з цэнтральнага бюджэту дзесяткі мільярдаў грыўняў, не даючы нічога наўзамен. Зразумела, што пагадзіцца на такое Пётр Парашэнка не зможа. Бо тады яго кар'еры, як палітыка і дзяржаўнага дзеяча, прыйдзе канец. А Украіне прыйдзецца яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў забыць аб сваёй еўрапейскай будучыні і развіцці, як дзяржавы, наогул. Таму падпісаны дагавор варта ўспрымаць, як часовs сродак, які ўсталёўвае новае зацішша перад пачаткам чарговага этапу расійска-ўкраінскай вайны.
Дзмітрый Букоўскі, dsnews.ua