Мяккая сіла замест зялёных чалавечкаў

Ці стане Беларусь чарговай ахвярай расійскай агрэсіі? Тэма «зялёных чалавечкаў» і «ветлівых людзей» у Беларусі не пакідае розумы грамадзянаў, якія клапоцяцца пра краіну.



vietlivyja.jpg

Ілюстратыўнае фота

Мікалай Статкевіч у эфіры праграмы «Прасвет» тэлеканала «Белсат» агучыў мажлівую дату анексіі Беларусі. На ягоную думку, гэта 2018-ы год.

«Зараз узнікае такая сітуацыя, каб перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Расіі ў 2018 годзе, каб атрымаць хоць нейкі поспех, кіраўніцтва Расіі захоча забраць у свой склад беларускую тэрыторыю. Бо ім трэба нешта прад’явіць перад выбарамі грамадству. Расія за свае ўсё меншыя грошы патрабуе ўсё больш. І ўжо патрабуе нашу дзяржаву», — заявіў палітык.

Сапраўды, для Расіі ў 2018-м годзе наступіць у нечым вызначальны час. Невядома, што адбудзецца за два гады ў «мабілізацыйных» праектах уладаў РФ — Данбасе і Сірыі. Зараз канфлікт на Усходзе Украіны перайшоў у «замарожаную» фазу, а ў Сірыі, нібыта, «рэжым спынення агню». Што ў далейшым можа прывесці (будзем спадзявацца), і да ўрэгулявання канфлікту.

Між тым, сітуацыя ў расійскай эканоміцы далёка не бязвоблачная, і нейкіх падстаў для паляпшэння пакуль што не бачна. Такім чынам, цалкам верагодна, што Расіі спатрэбіцца новая «маленькая пераможная вайна», і, па меркаванні Статкевіча, на ролю «хлопчыка для збіцця» падыходзіць Беларусь.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў 2018 годзе па расійскай Канстытуцыі вычэрпваецца тэрмін паўнамоцтваў Пуціна. Чарговы «другі тэрмін запар» Пуціна ў 2018 годзе заканчваецца. І трэба нешта прыдумаць, каб застацца ва ўладзе на «пазачарговую» кадэнцыю.

Таму перасцярогі Мікалая Статкевіча маюць пад сабою пэўную глебу. Адсюль вынікае толькі адно пытанне: «А яно Расіі трэба?»

Ні ў якім разе не трэба, і нават вельмі небяспечна, упэўнены ваенны эксперт Аляксандр Алесін. «Я з вялікай павагай стаўлюся да Міколы Віктаравіча, ён усё ж прафесійны вайсковец, але гэтыя перасцярогі празмерныя», — мяркуе Алесін.

Ёсць некалькі чыннікаў, чаму анексія Беларусі для Расіі не выгадная, кажа эксперт. Першы — у тым, што яна не выгадная ў наўпроставым, эканамічным сэнсе. «Кожная такая вайсковая аперацыя каштуе велізарных грошай. У Расіі зараз каменем на шыі — Украіна і Сірыя. Не скончыліся праблемы з Турцыяй, якая мяжуе з адным з адданейшых саюзнікаў Расіі — Арменіяй. І зараз у Арменію перакідваюцца вайсковыя часткі, зброя, умацоўваецца мяжа… У самой Расіі скарачаецца вайсковы бюджэт. Канешне, Расія — моцная дзяржава, але пацягнуць яшчэ адну ваенную авантуру ёй проста не па сілах», — лічыць Алесін.

Другі чыннік — стратэгічны. Беларусь застаецца адзіным адданым саюзнікам Расіі на заходнім кірунку, і Расія не можа дазволіць сабе страціць сінявокую. «Пра гэта кажуць нават расійскія вайсковыя эксперты, у прыватнасці — генерал Івашоў. Яны прызнаюць, што прайгралі, згубілі Украіну, і не могуць сабе дазволіць згубіць Беларусь. Наадварот зараз трэнд — улагодзіць саюзніка, не раздражняць Лукашэнку. Нават калі тут не будзе расійскай авіябазы, кажуць яны, усё роўна яны могуць прыляцець сюды ў любы момант. А калі яны страцяць саюзніка? Таму і Расія, нягледзячы на свае эканамічныя складанасці, выдала нам двухмільярдны крэдыт», — кажа эксперт.

Пасля страты Украіны, працягвае Алесін, Беларусь апынулася адзіным калідорам для Расіі на Захад. «Я заўсёды параўноўваю Расію з джынам у бутэльцы, дзе рыльца бутэлькі — Беларусь. Падзеі з блакаваннем расійскіх фураў ва Украіне паказалі, як лёгка заторкнуць гэтае рыльца. Калі Расія анексуе Беларусь, Захад гэтае рыльца заторкне, і ў Расіі проста не будзе калідору да сваіх асноўных гандлёвых партнёраў», — зазначае Алесін.

Анексія Беларусі нанясе Расіі каласальныя іміджавыя страты, бо яна зробіць замах на «выспу стабільнасці» ў рэгіёне і краіну, «якая прытрымліваецца прынцыпаў добрасуседства на 360 градусаў», падкрэслівае Алесін. «Да таго ж Расія такімі дзеяннямі разбурыць усё, што стварала апошнія дзесяцігоддзі праз розныя саюзы і АДКБ, імкнучыся абкружыць сябе лаяльнымі краінамі. Яна імгненна прадэманструе, што яна — не светач, а проста аскепак імперыі з такімі ж амбіцыямі», — разважае эксперт.

Таму, на ягоную думку, «зялёных чалавечкаў» з боку Расіі нам чакаць не выпадае. Расія будзе працягваць абапірацца ў дачыненні да Беларусі на «мяккую сілу», палітычныя, эканамічныя ды ваенна-тэхнічныя сродкі.