«Мы ведаем толькі адно слова: Джыхад, джыхад, джыхад»
Аўтар гэтай фразы – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Ясір Арафат. У гэты дзень у 2004 годзе палестынскі ініцыятар войнаў, тэрактаў і інтыфадаў памёр, але справа яго, на жаль, жыве і да сёння. Што гэта быў за чалавек, родны дзядзька якога быў сябрам Гітлера?
«З часоў нацыстаў я ня ведаю нікога, на чыіх руках было б больш крыві габрэяў, чым на руках Арафата», – казаў былы прэм’ер-міністр Ізраіля Арыэль Шарон.
У 1994 годзе Нобэлеўская прэмія міру была прысуджаная тром ключавым дзеячам блізкаўсходняга геапалітычнага ляндшафту: Ясіру Арафату, Шымону Перэсу і Іцхаку Рабіну. Гэтае рашэньне Нобэлеўскага камітэту было абумоўленае намаганьнямі тройкі ў дасягненьні пагадненьняў у Осла, скіраваных на ўрэгуляваньне доўгага ізраільска-палестынскага канфлікту.
Здавалася, вось ён — момант найвялікшага прызнаньня чалавека, адказнага за безьліч сьлёз у Ізраілі і ва ўсім сьвеце, але Арафат ня быў бы тым, кім ён ёсьць на самой справе.
У той жа дзень, калі быў зроблены знакаміты здымак у Кэмп-Дэвідзе, дзе Біл Клінтан у тысячны раз спрабаваў зьдзейсьніць цуд пад назвай «можа быць палестынцы жадаюць міру», а Ясір Арафат, Перэс і Рабін усьміхаліся для мэдыя, у той самы дзень увечары галоўны палестынец даў інтэрвію.
Гэта была размова не з імпэрыялістычнымі мэдыя, але з родным арабскім ярданскім тэлебачаньнем:
«Мы ня можам атрымаць хуткай ваеннай перамогі над Ізраілем, таму нам трэба дзейнічаць паэтапна. Мы зоймем усе палестынскія тэрыторыі, створым на іх палестынскую дзяржаву і выкарыстаем яе як пляцдарм для далейшых дзеяньняў. І калі прыйдзе час, мы зможам аб'яднацца з іншымі арабскімі краінамі, каб нанесьці канчатковы ўдар па Ізраілі».
Галубку міра яшчэ жывой успаролі шампуром і крычалі паміж укусамі «Фры Палестына».
Паходжаньне Арафата
Чалавек, які потым стварыў столькі няшчасьцяў, нарадзіўся ў Эгіпце ў 1929 годзе зь імём Мухамад Абд ар-Рахман Абд ар-Раўф Арафат аль-Кудва аль-Хусэйні. Яго родным дзядзем быў знакаміты забойца габрэяў Амін аль-Хусэйні.
28 лістапада 1941 года ў Бэрліне адбылася сустрэча дзядзі Ясіра Арафата і Адольфа Гітлера. Як паведамлялася, «фюрар прывітаў Вялікага муфтыя Ерузалему, аднаго з найбольш выбітных прадстаўнікоў арабскага нацыянальнага руху». Падчас сустрэчы аль-Хусэйні называў Гітлера «абаронцам ісламу», а той, у сваю чаргу, паабяцаў муфтыю «зьнішчыць габрэйскія элементы на Блізкім Усходзе».
У дадатак да гэтага ён прапанаваў стварыць пад эгідай Вермахта шматтысячны Арабскі легіён. У 1943 годзе дзядзя Арафата асабіста зьвярнуўся да Рыбэнтропа, і патрабаваў прадухіліць эміграцыю 5000 габрэйскіх дзяцей з Балгарыі ў падмандатную Палестыну.
1 сакавіка 1944 года па «Радыё Бэрлін» муфтый заклікаў увесь ісламскі сьвет весьці джыхад супраць габрэяў. Ён заявіў:
«Арабы! Уздымайцеся як адзін і змагайцеся за вашыя сьвятыя правы. Забівайце габрэяў, дзе вы толькі іх не знойдзеце. Гэта заўгодна Богу, гісторыі і рэлігіі. Гэта выратуе ваш гонар».
Як бачым, пляменьнік Ясір падхапіў нацысцкі (закрэсьлена) арабскі сьцяг дзядзі аль-Хусэйні.
Пасьля таго як Арафат скончыў Каірскі ўнівэрсітэт у 1956 годзе, ён пераехаў у Кувэйт. Там ён заснаваў сваю першую тэрарыстычную арганізацыю – ФАТХ. Яе мэта была адна – узброеным чынам зьнішчыць дзяржаву Ізраіль, і, адпаведна, усіх габрэяў, якія насяляюць яе. Яго баевікі рабілі тэракты і нападалі на кібуцы. Пасьля вайны 1967 года Арафат жыў у Ярданіі, адкуль кіраваў тэрактамі на тэрыторыі Ізраіля.
Амаль усе ахвяры яго дзейнасьці – гэта мірныя жыхары, у тым ліку дзеці, аўтобус зь якімі выбухнуў у 1968 годзе. З кожным новым тэрактам вядомасьць ФАТХа і Арафата павялічвалася, што суправаджалася бясконцым прытокам новых тэрарыстаў у арганізацыю. У тым жа годзе ФАТХ уліўся ў Арганізацыю Вызваленьня Палестыны, якая ўжо некалькі гадоў дзейнічала ў арабскім падпольлі. Ясір Арафат узначаліў гэтую групоўку. З тэрыторыі Ярданіі дзейнічалі тысячы палестынскіх тэрарыстаў, што ўжо не спадабалася каралю гэтай дзяржавы.
У «чорным верасьні» 1970 года кароль Хусэйн зьнішчыў вялізную частку тэрарыстаў Арафата танкавым ударам і выгнаў АВП з тэрыторыі Ярданіі — у баях было забіта каля 5000 баевікоў. У памяць аб гэтай падзеі новая арганізаваная тэрарыстычная група, якая ўвайшла ў склад ФАТХ, назвала сябе «Чорны верасень».
Праз два гады гэтае імя стала вядомае ўсяму сьвету. У 1972 годзе на Алімпійскіх гульнях у Мюнхэне тэрарыстычная група «Чорны верасень» забіла 11 ізраільскіх спартоўцаў, захопленых у якасьці закладнікаў.
Выгнаная з Ярданіі АВП Арафата засела ў Паўднёвым Лібане. У кастрычніку 1974 года Арганізацыя Вызваленьня Палестыны на чале з Арафатам была прызнаная арабскімі лідэрамі законным выразьнікам інтарэсаў «палестынскага народа». А сам Арафат упершыню зьявіўся перад Генэральнай Асамблеяй ААН як «прадстаўнік палестынскага народа».
Інтыфада, якая прывяла да Нобэлеўскай прэміі міру
У 1987 годзе пачалася першая крывавая інтыфада, а ў 2000 годзе – другая. Гэтыя тэрырыстычныя групавыя дзеяньні палестынскіх арабаў прывялі да безьлічы чалавечых ахвяраў. Арафат бласлаўляў і падтрымліваў учынкі тых, хто выйшлі чарговы раз з мэтай зьнішчыць Ізраіль.
За час першай інтыфады тэрарысты забілі 111 ізраільцянаў. За час другой – больш за тысячу.
Дэталі партрэта
Шмат хто зьвярнуў увагу на выступ Арафата ў Ёганэсбургу ў Паўднёвай Афрыцы (гэтая краіна — пасьлядоўны хаўрусьнік палестынскіх арабаў і жорсткі крытык Ізраіля) 11 траўня 1994 году. Калі Ясір Арафат казаў аб пагадненьнях з Ізраілем, ён узгадаў аб дамове, якую прарок Мухамед падпісаў у 628 годзе з курэйшытамі. Прарок усіх мусульманаў абяцаў курэйшытам мір на 10 гадоў. Але праз два гады перадумаў, выразаў усё племя курэйшытаў і захапіў Меку. Вось і мы, сказаў тады Арафат, прымаем дамову з ізраільцянамі «толькі дзеля таго, каб пракласьці наш шлях да Ерузалему».
Як адзначыў дыплямат Аляксандар Бавін, «гэтая аналёгія наўрад ці магла натхніць ізраільцянаў».
«Абавязкі — гэта абавязкі, а клятва — гэта клятва, — казаў Ясір Арафат на мітынгу ў Газе празь некалькі дзён пасля тэрактаў у Ерузалеме ў жніўні 1995 года. — Мы будзем працягваць гэты доўгі, цяжкі шлях джыхаду. Будуць баі, будуць загінулыя. Але гэта дарога перамогі. Нашыя героі, якія прынеслі свае жыцьці ў ахвяру на гэтай вайне, загінулі не дарма. І тыя, хто яшчэ прынясе ў ахвяру сваё жыцьцё, могуць быць упэўненыя, што мы будзем памятаць пра іх вечна, памятаць як пра сьвятых...».
Калі вы маглі б падумаць, што гэта рыторыка дагістарычных часоў ХХ ст., прывядзем кароткую цытату сёньняшніх палестынскіх кіраўнікоў. Вось што заявіў літаральна некалькі дзён таму Разі Хамед – сябар палітбюро ХАМАС — у інтэрвію лібанскаму тэлебачаньню:
«Ізраілю няма месца на нашай зямлі. Мы павінны прыбраць гэтую дзяржаву, таму што яна зьяўляецца ваеннай і палітычнай катастрофай для арабскай і ісламскай нацыі. Мы не саромеемся заяўляць пра гэта з усёй моцай. Мы павінны даць урок Ізраілю, і будзем рабіць гэта зноў і зноў. Патоп Аль-Аксы (разьня палестынцамі 7 кастрычніка 2023 у Ізраілі) – гэта толькі першы раз, а будзе і другі, і трэці, і чацьверты. Ці прыйдзецца нам заплаціць за гэта? Так, і мы да гэтага гатовыя. Нас называюць “нацыяй пакутнікаў”, і мы ганарымся прынашэньнем пакутнікаў у ахвяру».
21 кастрычніка 1996 года Ясір Арафат вымавіў палымяную прамову ў лягеры палестынскіх бежанцаў Дэгейша:
«Мы ведаем толькі адно слова — джыхад, джыхад, джыхад!..
Мы знаходзімся ў канфлікце з сіянісцкім рухам і пратэстуем супраць Дэклярацыі Бальфура і ўсёй дзейнасьці імпэрыялістаў».
Пасьля сьмерці
сьціплага араба на яго рахунку боўталася драбяза – каля 3 мільярдаў даляраў.