У «Хезбалы» ёсць расійскія супрацькарабельныя ракеты — і імі пагражаюць флоту ЗША

Выкарыстанне групоўкай «Хезбала» расійскіх ракет «Яхонт» супраць караблёў ЗША, пасля пачатку вайны Ізраіля і ХАМАС, будзе азначаць, што канфлікт перарос у «вялікую вайну ў рэгіёне».

Расійская ракета «Онікс». Фота: wikimedia.org

Расійская ракета «Онікс». Фота: wikimedia.org

Ліванская групоўка «Хезбала» валодае дальнабойнымі расійскімі супрацькарабельнымі ракетамі, якімі яна завуалявана пагражае ЗША. Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з арсеналам групоўкі.

На мінулым тыдні лідар «Хезбалы» Саед Хасан Насрала заявіў, што амерыканскія вайсковыя караблі, размешчаныя ў Міжземным моры, яго «не палохаюць», а ў групоўкі ёсць для іх «сёе-тое ў запасе».

У публікацыі «Reuters» гаворыцца, што Насрала папярэдзіў Вашынгтон пасля таго, як у мінулым месяцы пачалася вайна паміж палесцінскай групоўкай ХАМАС і Ізраілем.

Крыніцы агенцтва сцвярджаюць, што Насрала меў на ўвазе значны патэнцыял групоўкі, які апошнім часам вырас, і тое, што «Хезбала» мае ракеты расійскай вытворчасці «Яхонт» (або P-800 Onyx) з далёкасцю паражэння 300 кіламетраў.

Глядзіце таксама

Аналітыкі паведамлялі, што «Хезбала» набыла гэтыя ракеты ў Сірыі. Сама групоўка пры гэтым ніколі не пацвярджала наяўнасць у яе падобнай зброі.

Адна з крыніц «Reuters» паведаміла, што супрацькарабельныя магчымасці «Хезбалы» значна выраслі з 2006 года, калі групоўка ўпершыню прадэманстравала, што можа нанесці ўдар па караблі ў моры, калі ўдарыла па ізраільскім ваенным судне ў Міжземным моры.

«Ёсць «Яхонт» і, вядома, ёсць іншыя рэчы, акрамя гэтага», — сказала крыніца, не ўдакладняючы падрабязнасцей.

Крыніца дадала, што выкарыстанне «Хезбалой» гэтай зброі супраць ваенных караблёў будзе азначаць, што канфлікт перарасце ў вялікую рэгіянальную вайну.

Крыніцы з ліку амерыканскіх чыноўнікаў таксама мяркуюць, што «Хезбала» стварыла «ўражлівы набор узбраенняў», і гэта не толькі згаданыя расійскія ракеты. 

Глядзіце таксама

Паводле www.pravda.com.ua, «Дождь»