МЗС Польшчы: Улады Беларусі адмаўляюць польскім дыпламатам у кантактах з Борыс і Пачобутам

На думку намесніка міністра замежных спраў Польшчы Марціна Пшыдача, становішча дзеячоў польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс вельмі цяжкае, паколькі беларускія ўлады адмаўляюць у кантактах з імі, а міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі недастатковы.

eclgbi2wsaapcv1.jpg


«Не будзем хаваць, што сітуацыя вакол Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута вельмі складаная, улады Беларусі адмаўляюць польскім консулам і дыпламатычным службам кантактаваць са зняволенымі наўпрост, сцвярджаючы, што гэтыя людзі не грамадзяне Польшчы, а грамадзяне Беларусі. Нашы намаганні і наша дыпламатыя, непасрэдна ў двухбаковых адносінах, спрабуе прымусіць беларускі бок у першую чаргу звязацца са зняволенымі», — цытуе польскага чыноўніка Радыё Свабода са спасылкай на Dziennik Gazeta prawna.

Ён падкрэсліў, што польскія дыпламаты ставяць задачу вызвалення палітвязняў польскага паходжання. Раней удалося вызваліць іншых польскіх дзеячоў, іх вывезлі ў Польшчу, дзе яны ў бяспецы.

Марцін Пшыдач адзначыў, што дзяржава робіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў, неаднаразова прасіла аб узмацненні ўплыву на Мінск кіраўніцтва Еўрасаюза, а таксама NATO.

Чыноўнік адзначыў, што пакуль чатыры пакеты санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі «не прынеслі жаданага выніку», галоўным чынам праз дапамогу Расіі, якая падтрымлівае цяперашняе кіраўніцтва Беларусі.

Пшыдач спадзяецца, што пяты пакет санкцый, які Еўрасаюз рыхтуецца прыняць у канцы кастрычніка, прывядзе да змены знешнепалітычнага курсу Беларусі.

Сёлета 25 сакавіка да журналіста Анджэя Пачобута прыйшлі з ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідалі «распальванне нацыянальнай варожасці» і «рэабілітацыю нацызму». Пазней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызвалення ў абмен на згоду пакінуць Беларусь.

У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасцю скарысталіся, іх без дакументаў вывезлі ў Польшчу.

Пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, агромністую колькасць зняволеных з палітычных матываў людзей, у тым ліку прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, у верасні з трыбуны ААН казаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён заклікаў міжнародную супольнасць павялічыць ціск на Лукашэнку і яго атачэнне з тым, каб прымусіць іх вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі ў краіне, а таксама штучнае нагнятанне міграцыйнага крызісу на межах дзяржавы з Еўрапейскім Саюзам.