На нізкім старце

Брэнд мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, праеўрапейскі і «адзіны», па ўласнаму жаданню выбыў з палітычнай гонкі. У шэрагах кандыдатаў у кандыдаты, на першы погляд, няма пустэчы. Але пры бліжэйшым разглядзе ўзнікае больш пытанняў, чым упэўненасці.

Расчараванне рамантыкаў



7221e5c8ec6b08ef6d3f9ff3ce6eb1d1.jpg

Брэнд мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, праеўрапейскі і «адзіны», па ўласнаму жаданню выбыў з палітычнай гонкі. У шэрагах кандыдатаў у кандыдаты, на першы погляд, няма пустэчы. Але пры бліжэйшым разглядзе ўзнікае больш пытанняў, чым упэўненасці.
Расчараванне рамантыкаў
Аляксандр Мілінкевіч свае дакументы ў ЦВК не панясе. «Я падыходжу да кампаніі вельмі адказна, разумею сваю ролю ў палітычнай дзейнасці. Важна быць маральным і захоўваць твар. Менавіта тым, што я не іду на выбары, я падкрэсліваю гэта яшчэ раз. Не хачу ўдзельнічаць у спектаклі, дзе адзін рэжысёр, адзін сцэнарыст, адзін актор. Не хачу быць у ёй статыстам», — заявіў кіраўнік руху «За свабоду».
Палітык прызнаўся, што такое рашэнне далося яму няпроста, але ён запэўніў, што гэта не ёсць палітычнай смерцю, бо збіраецца працаваць на іншых кандыдатаў, якія стаяць на беларускіх, праеўрапейскіх пазіцыях, удзельнічаць у іх пікетах і сходах.
Мінулыя выбары натхнялі прыхільнікаў пераменаў масавымі акцыямі пратэсту, Плошчай, намётамі ў цэнтры сталіцы. Праўда, усё гэта было прафукана на раз. Аляксандр Мілінкевіч не выключае, што сёлета будзе другі дубль: «Мы ўсе разумеем, што калі няма выбараў, то Плошча — гэта працяг барацьбы за свабоду. Без вулічных акцый немагчыма ў аўтарытарнай краіне дамагацца свабоды. Але які будзе сцэнар Плошчы? Для нас вельмі важна, каб ён ствараўся ў Беларусі, не быў радыкальны. Мы ўсе прыхільнікі мірных спосабаў пратэсту. Будзем прымаць рашэнне па ходу кампаніі», — шматзначна паабяцаў палітык.
Выбліск злева, выбліск справа
Аляксандр Мілінкевіч, Рыгор Кастусёў, Алег Новікаў, Алесь Міхалевіч, якія прадстаўляюць, адпаведна, Рух «За Свабоду», Партыю БНФ, Беларускую партыю «Зялёныя» ды Саюз «За мадэрнізацыю», падпісалі ў прысутнасці журналістаў пагадненне пра стварэнне «Беларускага выбару». Гэта палітычная кааліцыя будзе чарговай спробай яднання беларускіх грамадска-палітычных арганізацый, якія падзяляюць каштоўнасці незалежнасці, дэмакратыі і еўрапейскага выбару Беларусі. Мілінкевіч прызнаў, што папярэднія спробы прывесці апазіцыю да адзінага назоўніку (хаця многія бачылі ў гэтым памкненні ўнесці разлад), праваліліся.
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук поўны аптымізму і спадзяецца атрымаць у першым туры прэзідэнцкіх выбараў 30–35 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Па словах прэтэндэнта, цяпер 95 працэнтаў свайго часу ён аддае на працу ўнутры краіны, і 5 працэнтаў на дзейнасць, якая скіраваная на лабіраванне ў міжнародных структурах, стварэнне міжнароднага іміджу. Яраслаў Раманчук расказаў, што падвысіць сваю пазнавальнасць ён плануе праз шматгранную інфармацыйную кампанію.
Яшчэ адзін прадстаўнік правых — Беларуская хрысціянская дэмакратыя — удзельнічаць у гешэфце пад назвай «Беларускі выбар» пакуль жадання не праявіў. Сустаршыня БХД і кандыдат у прэзідэнты ад гэтай партыі запэўнівае, што «зліву» пад іншых кандыдатаў не плануецца. Частка партыі БНФ і патэнцыйнага актыву Рыгора Костусева перайшла працаваць на Андрэя Саннікава.
Частка левых адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі з-за адсутнасці ў апазіцыі адзінай стратэгіі, адзінага кандыдата. Па інфармацыі БелаПАН, партыя «Справядлівы свет» пачынае кампанію «Справядлівыя выбары». «Мы накіруем свае рэсурсы на тое, каб сумесна з іншымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі мабілізаваць актыўных і неабыякавых грамадзян, каб яны прынялі актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі. Яны павінны самі прыняць удзел у кантролі за падлікам галасоў і спыненні спроб фальсіфікацыі выбараў», — патлумачыў лідэр партыі Сяргей Калякін. Разам з тым пленум партыі не забараніў яе чальцам працаваць у камандах іншых кандыдатаў у прэзідэнты.
Справы замежныя. Фігуры цьмяныя
Тым часам у Польшчы з’явілася ініцыятыва з падтрымку лідэра кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева. Ліст з прапановай гуртавацца для працы на гэту фігуру разаслалі па электроннай пошце. Васіль Лепеш, які жыве ў Польшчы з 2007 года, расказаў, што цяпер ёсць мэта «падтрымаць кандыдата ў прэзідэнты, які мае найбольшыя шансы на перамогу; пакуль што такім для нас з’яўляецца Уладзімір Някляеў». Выбар палітыка аргументаваны тым, што акрамя Някляева ніхто з кандыдатаў не заявіў так гучна і ўпэўнена пра свой намер стаць прэзідэнтам на гэтых выбарах. «Ані ўласнага сайту, ані сур’ёзнай каманды ніхто больш не мае. Акрамя таго, так ці інакш кожны грамадзянін Беларусі сутыкаўся з творчасцю Някляева. Ягоныя песні спяваюць на вяселлях, а зала прыціхае, калі ён чытае свае вершы. Менавіта такі чалавек мог бы аб’яднаць інтэлігенцыю і простых людзей», — гаворыць Васіль Лепеш. План працы ўжо падрыхтаваны: у першую чаргу дзейнасць будзе адбывацца каля беларуска-польскай мяжы, збор подпісаў, агітацыя, акцыі, накіраваныя на беларусаў, што перасякаюць мяжу. А гэта тысячы чалавек штодня.
У тыдзень падачы дакументаў у ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўных груп з’явілася кандыдатура з катэгорыі «цьмяных персонаў». Беспартыйны мінчанін Сяргей Іваноў абвясціў пра свой намер балатавацца ва ўласным блогу. Гэты кандыдат скончыў Тамбоўскую вышэйшую ваенную авіяцыйную інжынерную вучэльню. З 1994 па 2004 год праходзіў службу ў сілавых структурах Рэспублікі Беларусь. Звольніўся па ўласным жаданні. Падрабязнасці гэтага пункту біяграфіі не раскрываюцца. З 2004 года па 2009 год працаваў намеснікам дырэктара ў камерцыйнай арганізацыі. У праграме Іванова няма рэзкіх выпадаў на адрас Лукашэнкі, затое ёсць ідэі пабудовы грамадзянскай супольнасці, адраджэння «мовы тытульнай нацыі», рэформаў у палітычным, эканамічным жыцці.
Вялікая колькасць кандыдатаў зручная Лукашэнку. Галасы нязгодных распыляюцца, але большасць атрымае Аляксандр Рыгоравіч, прычым на законных умовах. То атрымліваецца, што раз’яднаная, шматаблічная апазіцыя разам з вядомым статыстам Гайдукевічам гуляе ў вароты рэжыму.