Навошта патрэбны чарговы хурал?

Прэм’ер Андрэй Кабякоў паведаміў, што праект асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2016-2020 гады мусіць быць прадстаўлены афіцыйнаму беларускаму лідару да 15 красавіка. Значыцца, улады не адмовіліся ад правядзення «хуралу» нават ва ўмовах эканамічнага крызісу.

img_0216.jpg


Чатыры разы падобныя «хуралы» праводзіліся незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў. Гэтыя пафасныя шматлюдныя мерапрыемствы нагадвалі з’езды КПСС савецкіх часоў. Тады было прадказальна, што на падобных імпрэзах Лукашэнка прэзентуе сваю праграму на чарговыя «выбары», абалье брудам апанентаў улады, выкрые ўнутраных і знешніх ворагаў, атрымае асалоду ад кампліментаў і незмаўкаючых бурных і працяглых апладысментаў «дэлегатаў».
Перад чарговай кампаніяй па пераабранні бяззменнага кіраўніка дзяржавы «хурала» не было. Некаторыя эксперты казалі, што на такое мерапрыемства, якое абыходзіцца ў добрую капейку, папросту не хапіла грошай. Іншыя цвердзілі, што ў самога правадыра не было асаблівай патрэбы ў правядзенні «хурала», бо ён не бачыў аніякай небяспекі асабіста для сябе з боку раздзярбанай апазіцыі ды нейкіх знешніх недобразычліўцаў. Мала за тое, у яго пачалі паляпшацца стасункі з Захадам. І ён адчуў, што яму нічога не перашкаджае атрымаць «элегантную перамогу» ў чарговай электаральнай кампаніі, нават без дэманстрацыі «ўсенароднай падтрымкі».
Дык навошта раскідвацца грашыма, якіх у дзяржаўнай скарбонцы ўсё меней і меней, на такія сумнеўныя імпрэзы? Тым больш, што нідзе ў беларускім заканадаўстве не прапісаны статус і паўнамоцтвы не толькі ўдзельнікаў «Усебеларускага народнага сходу», але нават і самога гэтага мерапрыемства (ці структуры?). Хочацца спытацца ва ўладаў, якія дзеляць грошы падаткаплатнікаў з бюджэту: а навошта вам увогуле патрэбна гэтая клаўнада?
Але, відаць, патрэбна. Бо на падрыхтоўку «хурала» кінуты немалыя дзяржаўныя сілы. Так, паводле прэм’ера Кабякова, для правядзення гэтага сходу ствараюцца ажно пяць працоўных груп, якія «будуць весці арганізацыйную і ідэалагічную работу, рыхтаваць адпаведныя матэрыялы».
Групу па арганізацыйных пытаннях ачоліць першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Канстанцін Мартынецкі, групаю ідэалагічнага забеспячэння будзе верхаводзіць яшчэ адзін намеснік кіраўніка адміністрацыі галоўнага чыноўніка краіны Ігар Бузоўскі. На чале групы па кардынацыі працы СМІ стане віцэ-прэм’ер ураду Наталля Качанава (?), а групу па працы з дыпламатычным корпусам, замежнымі гасцямі і прадстаўнікамі беларускіх дыяспар — першы намеснік міністра замежных справаў Ігар Міхневіч. І, нарэшце, за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне гэтага шоў будзе адказваць першы намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Мікалай Селіванаў.
Можна сабе ўявіць, якую «вялікую цікавасць» да падобных штук выказваюць замежныя дыпламаты і прадстаўнікі сапраўдных беларускіх дыяспар, да прыкладу, дзейны кіраўнік Рады БНР Івонка Сурвіла. Але яе запрашаць па падобныя «спектаклі» ніхто з урадоўцаў і не падумае.
Што ж падштурхоўвае вярхоўнае беларускае кіраўніцтва да правядзення «хуралу» у той час, калі выбары для бяззменнага прэзідэнта прайшлі, паводле афіцыйнай статыстыкі, паспяхова, а да наступных яшчэ чатыры з гакам гады? Відаць, гэта разгубленасць афіцыйнага лідара тою сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, у якой апынулася Беларусь. Грошы таюць на вачах, і нават 500 мільёнаў долараў, якія днямі апынуліся ў дзяржаўнай скарбонцы ад ЕФСР, сітуацыю істотна не паляпшаюць. Таму правадыру патрэбна хаця б маральная падтрымка ў выглядзе поўнага «адабрамса» ягонай палітыкі з боку ўдзельнікаў гэтага сходу.
Без сумневу, на мерапрыемстве будзе агучана якая-ніякая праграма на наступную пяцігодку. А вось за яе выкананне будуць несці адказнасць зусім не тыя, каму гэта належыць па дзяржаўным статусе. Калі за чатыры наступныя гады эканоміка краіны ўвогуле лясне, а сацыяльна-эканамічнае адчуванне электарату зробіцца зусім невыносным, то кіраўніцтву краіны можна будзе сказаць: гэта ж не мы прымалі тую праграму, а «Усебеларускі народны сход». Вось на ім і адказнасць. Дакладней, на тых, хто ў эйфарыі ад самога ўдзелу ў такім мерапрыемстве прагаласуе хоць за тое, что чорнае ёсць белым.
І яшчэ адзін момант. Калі для прыняцця нейкіх праграм патрабуецца склікаць такі вось «хурал», то навошта ў Беларусі існуе Нацыянальны сход у выглядзе Палаты прадстаўнікоў і Савета рэспублікі? Ці не прасцей іх распусціць за прафесійнай непрыдатнасцю? Калі «народныя абраннікі» не карыстаюцца даверам кіраўніка дзяржавы, які мусціць абапірацца на нейкую неканстытуцыйную структуру, ці не варта зэканоміць вялікія грошы на фінансаванні парламента?
І ці не адчуваюць сябе так званыя дэпутаты ў такім разе апляванымі кіроўнай выканаўчай «вертыкаллю»? Калі б яны былі сапраўды народнымі абраннікамі, то ўжо даўно б узвысілі свой голас супраць нейкага незаконнага фарміравання, якое (а не парламент) будзе вырашаць, як беларусам жыць наступныя пяць гадоў.
Растуць кошты і падаткі, расцэнкі і плацяжы, расце беспрацоўе. Скарачаюцца пенсіі і заробкі, скасоўваюцца ці ўвогуле ліквідуюцца  ільготы, спыняюцца сацыяльныя праекты. У бюджэце бракуе на гэта грошай. А вось на правядзенне такіх затратных мерыпремстваў у дзяржавы грошы заўсёды знаходзяцца. Дык ці ёсць гэтая дзяржава «дзяржавай для народа», як яна сама гэта дэкларуе? Рытарычнае пытанне.