«Газпрам»: Зніжаць кошты на газ для Беларусі немэтазгодна

«Газпрам» лічыць немэтазгодным зніжэнне коштаў на газ для Беларусі. Як паведаміў ria.ru намеснік старшыні праўлення расійскай кампаніі Валерый Голубеў, на сёння яны прадаюць паліва беларусам па цане вытворчасці плюс выдаткі на транспартаванне.


Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў раней заявіў, што кошт расійскага газу для Беларусі павінен складаць 80 долараў за тысячу кубаметраў замест сённяшніх 142 долараў.

Прадстаўнік “Газпрама” адзначыў, што існуюць розныя формулы коштаўтварэння на газ. “Ёсць розныя формулы, напрыклад, звязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла іншым шляхам, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі кошт, як у Расіі, плюс транспарт. Сёння беларускія калегі кажуць — не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць паслядоўнымі”, — адзначыў Голубеў.

Таксама ён удакладніў, што на сёння кошт для Беларусі складае 132 долара за тысячу кубаметраў. Адказваючы на пытанне, ці могуць зрабіць саступку ў цане беларускаму боку, ён адзначыў, што існуе міжурадавае пагадненне, якое вызначае формулу цаны паставак расійскага газа.

Паводле Еўрарадыё