Павел Мацукевіч: Назад у будучыню
Павел Мацукевіч у сваім тэлеграм-канале «Пульс Леніна» разважае пра няпростыя беларуска-іранскія адносіны.
Выпуск «Пульса Леніна-19» знаёміць з беларуска-іранскімі адносінамі ў святле таго, што менш чым за месяц Іран з афіцыйнымі візітамі наведалі кіраўнік МЗС і прэм'ер-міністр Беларусі.
Машына часу
Па іранскім календары цяпер 1401 год. Можа здацца, што Іран не спяшаецца ў наш час або ідзе за мудрасцю аднаго са стваральнікаў календара, Амара Хаяма: хто зразумеў жыццё, той не спяшаецца. Аднак сапраўдныя прычыны такога летазлічэння ўсё ж маюць іншую прычыну — яны звязаны з ісламам і абапіраюцца на так званы трапічны год. У 21-е стагоддзе Іран не пускаюць санкцыі, пад якімі краіна жыве ўжо два дзесяцігоддзі.
Лукашэнка забяспечыў нам прыкладна тое ж асяроддзе, якое гарантуе развіццё Беларусі назад — ва ўчарашняе заўтра насустрач Ірану. Іранскія ўлады навучыліся абыходзіць міжнародныя забароны, беларускія — толькі асвойваюць рамяство ценявога гандлю і паралельнага імпарту.
Як бы там ні было, задні ход у развіцці турбуе беларускія ўлады відавочна нашмат менш, чым вострая неабходнасць прасоўваць свае тавары на любой даступнай замежнай пляцоўцы. І паходжанне інвестыцый у жорсткую санкцыйную пару таксама не такое важнае, як наогул іх прыток. Гэта можна зразумець.
Афіцыйны Мінск дэкларуе гатоўнасць да актыўнага супрацоўніцтва з Іранам па ўсіх напрамках. Бакамі нават падрыхтаваны нейкі ўсёабдымны план. Яго змест пакуль не афішуецца, але наўрад ці можа стаць сенсацыяй. Як гаворыцца, усё сакрэт і нішто не таямніца.
Наяўнасць плана кажа пра спробу перазагрузіць адносіны, нібы завіслы камп'ютар, але такі метад, як вядома, спрацоўвае не заўсёды. Ні Беларусь, ні Іран не могуць займацца доўгатэрміновым планаваннем і ўкладвацца ў сур'ёзныя праекты. Усё хістка і ненадзейна — будучыня для нашых краін замініравана санкцыямі. Доказаў гэтаму шмат у мінулым.
Дыпламатычныя адносіны з Іранам былі ўсталяваны 18 сакавіка 1993 года падпісаннем камюніке. З боку Беларусі яго падпісаў Уладзімір Астапенка — у той час намеснік міністра замежных спраў. Камюніке прадугледжвала абмен дыпламатычнымі місіямі на ўзроўні пасольстваў.
Тым не менш пасольства Беларусі ў Тэгеране афіцыйна адкрылася толькі ў сакавіку 1998-га на месцы гандлёвага прадстаўніцтва, якое праіснавала менш за год — з траўня 1997-га. У той час гандлёвыя прадстаўніцтвы былі распаўсюджанай практыкай, і амбасады Беларусі ў многіх краінах выраслі менавіта на іх базе. Дыпмісія Ірана ў Мінску з'явілася яшчэ пазней — толькі ў лютым 2001 года.
Бакі не асабліва спяшаліся развіваць супрацоўніцтва. Актывізацыя адбылася ў пачатку 2000-х гадоў пасля абмену прэзідэнцкімі візітамі.
Іран цікавы перш за ўсё як буйны рынак збыту шырокай лінейкі тавараў — ад прадуктаў харчавання да вялікагрузных кар'ерных самазвалаў — і як патэнцыйна энергетычная альтэрнатыва Расіі. У адваротны бок ідуць садавіна і сухафрукты, арэхі, медыцынскія прыборы і лекі.
Беларусь спрабавала ўскочыць у распрацоўку радовішчаў нафты ў Іране. У 2007 годзе «Беларуснафта» нават увайшла ў праект па асваенні нафтавага радовішча Джуфейр, але ўжо ў 2011 годзе выйшла з-за рознагалоссяў і ўведзеных супраць Ірана санкцый.
Прыкладна ў тыя ж гады іранская кампанія «Iran Khodro» наладзіла пад Мінскам выпуск «машыны часу» — аўтамабіляў «Саманд». Пад маркай хаваўся дзядуля Пежо–405 — яго вытворчасць у Еўропе завяршылася яшчэ ў 1997 годзе. Аўтамабіль мінулага беларусам не зайшоў — і ў 2012 годзе праект закрыўся.
Тут нават сонца не відаць
Не ўсе праекты пацярпелі няўдачу. У 2020-м у Беларусі было зарэгістравана амаль тры дзясяткі кампаній з іранскім капіталам. Ёсць нават іранскі банк — «ТК Банк».
У 2010 годзе ў Іране была адкрыта зборачная вытворчасць «МАЗ». У верасні ўжо гэтага года з'явілася інфармацыя, што іранскія і беларускія вытворцы горназдабыўной тэхнікі блізкія да падпісання кантракта на сумесную вытворчасць «БелАЗаў» у Іране. Праект быў узгоднены падчас візіту іранскага міністра прамысловасці ў Мінск у канцы ліпеня і прадугледжвае зборку 500 самазвалаў грузападымальнасцю 136 і 240 тон.
Па выніках візітаў і Макея, і Галоўчанкі не было інфармацыі аб ваенна-тэхнічных аспектах супрацоўніцтва. Сумесныя праекты ў гэтай сферы пагражаюць новымі санкцыямі. Аднак беларуская знешняя палітыка становіцца ўсё менш празрыстай і пераборлівай, таму нельга выключаць пэўных задум ваенна-тэхнічнага характару.
Беларускі таварны экспарт у Іран нестабільны. У 2011 годзе, напрыклад, ён дасягнуў амаль 130 млн долараў, а ў 2021-м — толькі 14 млн. За дзевяць месяцаў гэтага года, калі верыць Галоўчанку, Беларусь экспартавала на суму 49 млн. Выглядае як вялікі рост, але гледзячы з чым параўноўваць — да рэкорду 2011 года гэтак жа далёка, як ад Мінска да Тэгерана.
Дарэчы, лагістыка грузаў з Беларусі ў Іран і наадварот, мяркуючы па ўсім, у сённяшніх рэаліях — той яшчэ квэст. Гэта тэма таксама на перагаворным стале. У якасці мер, якія палягчаюць жыццё, фігуруе адмена дазвольнай сістэмы на ўсе віды аўтаперавозак. Абмяркоўваюцца магчымасці авіяцыйных грузаперавозак, ужо пару гадоў як мусоліцца пытанне адкрыцця прамых авіязносін Мінск — Тэгеран.
Прычым такі рэйс існаваў да кастрычніка 2017-га і выконваўся «Белавія», але, мабыць, не карыстаўся дастатковым попытам. У ліпені 2022-га ў Мінск прыехала кіраўніцтва іранскай авіякампаніі «Mahan Air» з прапановай арганізаваць пасажырскія рэйсы і аказаць дапамогу з рамонтам самалётаў.
Іран якраз лётае на вельмі старых: праз санкцыі ЗША краіна даўно пазбаўлена магчымасці купляць самалёты еўрапейскай і амерыканскай вытворчасці. Таму там асвоены паралельны імпарт авіяцыйных запчастак, відаць, у асноўным былых ва ўжытку.
Авіяцыйнай галіне Беларусі можа свяціць іранская будучыня — папаўненне авіяпарку і запчастак на другасным рынку паводле мутных схем.
На сустрэчы з прэзідэнтам Ірана ў рамках саміту ШАС у Самаркандзе, пасля якой пачаўся новы віток беларуска-іранскай дружбы, Лукашэнка заявіў пра неабходнасць «трымацца разам, каб не проста выжыць, а заняць сваё месца пад сонцам».
Досвед Ірана паказвае, што варыянты выжыць ёсць, а вось усе прыстойныя месцы, адкуль хаця б відаць сонца, для Беларусі пры Лукашэнку заблакіраваны.
У Амара Хаяма ёсць радкі пра «выбраўся з гразі ў князі». Паэт раіць таму «не забыцца, каб не сурочыць, не вечныя князі — вечны бруд». Беларусь у ім вязне, а ўлады, па віне якіх гэта адбываецца, выдаюць звычайны бруд за гаючы.
Пераклад «НЧ»