ЧС па футболе. Андэрдогі перамагаюць, ЛГБТ у трэндзе і безьліч галоў. Вынікі першага туру

Першы з трох тураў на групавым этапе турніру, што адбываецца ў Катары, скончаны. Было багата цікавых момантаў, мы назьбіралі для вас найістотнейшае, каб падсумаваць усе падзеі і вынікі.

Аліўе Жыру забівае за Францыю ў брамы Аўстраліі

Аліўе Жыру забівае за Францыю ў брамы Аўстраліі

Фаварыты ўяўныя і сапраўдныя

Мы ведалі, што Бразылія ідзе першай у каціроўках букмекераў і спецыялістаў. Яны даказалі свой настрой супраць вельмі моцнай каманды Сэрбіі, калі перамаглі іх 2-0, нягледзячы на ўпартую барацьбу. Як вядома, расейскія медыя заклікалі заўзець за «братушак», зь якімі ў іх «адзін сьцяг, адна вера». Як бачым, не дапамагло.

Рышарлісан (Бразылія) забівае прыгожы мяч сэрбам

Рышарлісан (Бразылія) забівае прыгожы мяч сэрбам

Напярэдадні мундыялю сярод галоўных фаварытаў былі Нямеччына і Аргентына. Але гэтыя каманды расчаравалі сваіх прыхільнікаў ва ўсім сьвеце. Напачатку паўднёваамерыканцы на чале з Мэсі, ад якога фаны чакаюць урэшце перамогі на чэмпіянаце, у гульні з Саудаўскай Арабіяй здолелі павесьці ў ліку 1-0, але потым нешта пайшло ня так, і саудыты за лепшыя пяць хвілінаў гісторыі футболу ў сваёй краіне здолелі двойчы забіць і перамагчы. Кароль Саудаўскай Арабіі нават зрабіў наступны дзень выходным у сваім каралеўстве. Пазьней стала вядома, як трэнер зборнай Саудаўскай Арабіі матываваў гульцоў. Эрве Рэнар зьвярнуўся да каманды ў перапынку гульні пры ліку 0:1.

Мэсі і зборная Саудаўскай Арабіі

Мэсі і зборная Саудаўскай Арабіі

«Мэсі атрымлівае мяч у цэнтры поля, а вы стаіце і глядзіце! Вазьміце яшчэ тэлефоны і сфатаграфуйцеся зь ім! Няўжо вы не адчуваеце, што мы здольныя адыграцца? Вы гэтага не адчуваеце? Аргентынцы гуляюць у паўмоцы! Хлопцы, гэта чэмпіянат сьвету! Аддайце ўсе сілы!»  — сказаў Рэнар.

Немцы, якіх часьцяком называюць футбольнай машынай, на гэтым турніры выглядаюць бадай што іржавай машынай. Параза ад ня самай зорнай і моцнай Японіі. І зараз чатырохразовым чэмпіёнам сьвету (апошні раз у 2014-м) моцна ў вочы сьвеціць пэрспэктыва разьвітацца з турнірам яшчэ да раўнду плэй-оф. Наступны супернік немцаў — Гішпанія, і можа стацца так, што пры наступнай паразе ці нават нічыёй бундэсмашына бязслаўна вылеціць з мундыялю.

Акрамя Бразыліі, тры іншыя галоўныя фаварыты атрымалі пераканаўчыя перамогі. Англія разабралася з Іранам 6-2.

Маркус Рэшфард забівае праз 45 сэкундаў пасьля выхаду на замену

Маркус Рэшфард забівае праз 45 сэкундаў пасьля выхаду на замену

Гішпанія ўвогуле накідала 7 безадказных галоў у брамы беднай Коста-Рыкі. Дарэчы, адзін з футбалістаў зборнай Феран Торэс сустракаецца з дачкой галоўнага трэнера Луіса Энрыке. А дзейны чэмпіён сьвету Францыя выглядала больш чым упэўнена, калі перамагла Аўстралію зь лікам 4-1. Французы сутыкнуліся з эпідэміяй траўмаў за месяц да пачатку турніру, а за некалькі дзён да старту стала вядома, што яны не здолеюць разьлічваць на лепшага футбаліста сьвету мінулага сэзону Карыма Бэнзэма: таксама траўма. Тым ня меньш глыбіня складу зборнай Францыі дазваляе ім выкарыстоўваць разнастайныя схемы. Меркаваны лепшы футбаліст турніру Кіліян Мбапэ забіў свой першы мяч.

Безумоўна, засьцярога заключаецца ў тым, што на гэтай раньняй стадыі ніколі невядома, зьяўляюцца гэтыя вынікі дзякуючы моцы і бляску каманды або слабасьці апанэнтаў.


Да канца групавога этапу мы будзем ведаць значна больш пра патэнцыял камандаў, але гэтыя чатыры фаварыты (Францыя, Гішпанія, Англія, Бразылія) будуць адчуваць сябе вельмі камфортна са сваімі трыма пунктамі, добрай розьніцай мячоў і вялікай упэўненасьцю.

Значнай асаблівасьцю першага туру стала фэнаменальная колькасьць дадатковых хвілінаў напрыканцы гульні. Калі звычайна гэта 2-4 хвіліны, дык у гульні Англія — Іран іх было 27! Улічым, што там было страшэннае сутыкненьне брамніка іранцаў са сваім абаронцам, пасьля чаго яго спрабавалі вярнуць на месца, але такая колькасьць хвілінаў становіцца сапраўдным трэндам. Было некалькі разоў і па 10 хвілінаў дадатковага часу.

Асаблівыя гульцы

Адзіны безпрацоўны футбаліст на турніры — партугалец Крышціяну Раналду. Зь ім бязслаўна скончыў супрацу Манчэсьцер Юнайтэд, калі паведаміў, што яго ўжо не чакаюць на базе клюбу пасьля мундыялю. Гэта адбылося пасьля скандальнага інтэрвію партугальца напярэдадні, дзе ён сказаў, што не паважае галоўнага трэнера, а былы аднаклюбнік Уэйн Руні не такі прыгожы, як ён сам, Раналду.

Раналду

Раналду

Тым ня менш на чэмпіянаце сьвету Раналду забіў гол. Апошнім часам ён умее гэта рабіць выключна з пэнальці. Такім чынам Крышціяну пабіў рэкорд усіх ранейшых турніраў: ён змог адзначыцца на 5-ці розных чэмпіянатах сьвету. Партугалія перамагла, але гучаць галасы, што камандзе будзе лепш бяз зорнага ветэрану ў стартавым складзе. Аднак галоўны трэнер зборнай Партугаліі Сантуш, верагодна, ня знойдзе ў сабе столькі ж упэўненасьці, як Эрык Тэн Хаг з Юнайтэд, каб пасадзіць легендарную «сямёрку» на лаву запасных.

Бразылія — ​​гэта каманда, поўная суперзоркаў, але ёсьць адна, якая зьзяе ярчэй за ўсіх астатніх: Нэймар. Ён правёў добрую гульню супраць Сэрбіі, хаця і ня здолеў забіць асабіста. За 10 хвілінаў да канца гульні ён быў заменены пасьля бруднага падкату Міленкавіча. Тое, як катаецца Нэймар па полі пасьля дотыку хоць ветру, хоць БелАЗу, даўно стала спартовымі мемамі. 

Нэймар

Нэймар

Ягоныя сьлёзы пасьля кантактаў зь іншым футбалістамі — таксама звыклая рэч. Але гэтым разам на фотаздымках была бачная апухлая шчыкалатка правай нагі — тая, што дастаўляла яму шмат праблемаў у мінулым. Лекар бразыльцаў паведаміў, што для ацэнкі ступені траўмы спатрэбіцца час, пацьвердзіўшы, што гэта вывіх шчыкалаткі. Разам з тым ёсьць верагоднасьць, што гэта была апошняя гульня Нэймара на мундыялі.

nejmar_2.jpg

Палітычныя акцыі

iran_9.webp

Ужо на пачатку турніру ўсіх зьдзівіла і натхніла зборная Ірана. Футбалісты дэманстратыўна не сьпявалі гімну ісламскай дзяржавы, такім чынам выказваючы падтрымку сотням забітых на радзіме суайчыньнікаў, якія масава выходзяць на акцыі супраціву рэжыму Аяталы. Гэта адбылося пасьля забойства ў паліцэйскім пастарунку дзяўчыны, што не жадала апранаць хіджаб. На мундыялі іранскія заўзятары трымалі плякаты ў падтрымку забітых і арыштаваных, а футбалісты падтрымалі іх. Што чакае іх потым на радзіме — пытаньне. (На момант напісаньня артыкулу пачалася другая гульня зборнай Ірана — гэтым разам гімн прасьпявалі).

Немцы адзначыліся ня толькі нечаканай паразай ад Японіі. Перад гульнёй яны зрабілі групавы здымак, на якім кожны з футбалістаў закрывае рот рукою — у знак пратэсту. Справа ў тым, што некаторыя эўрапейскія зборныя зьбіраліся ў якасьці павязак на руку капітанаў выкарыстоўваць сымбалічныя надпісы One Love — як непрыманьне «неталерантнасьці», што пануе ў Катары ў адносінах да розных групаў насельніцтва, перадусім да ЛГБТ.

njameczczyna.jpg

У сваю чаргу FIFA забараніла камандам выкарыстоўваць падобныя знакі ў падтрымку тых ці іншых меншасьцяў. Судьдзям быў дадзены загад аб вынясеньні папярэджаньня (жоўтай карткі) на першай сэкундзе гульні футбалістам з якой-кольвек агітацыяй. Гэта і стала прычынай знакамітага ўжо здымку зборнай Нямеччыны. Дарэчы, выявілася, што напярэдадні гульні з Японіяй замест разбору суперніка трэнерскі штаб больш за гадзіну абмяркоўваў тое, які знак супраць «свабоды слова» лепш выкарыстаць.

njameczyna.jpg

Міністарка ўнутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр была заўважаная з «забароненай» павязкай у ложы поруч з тым, хто яе паставіў па-за законам — прэзідэнтам FIFA Джані Інфанціна.

Глядзім футбол далей! Усё самае цікавае толькі пачынаецца.