«Не мае нічога агульнага з заканадаўствам»

Калі адзін разочак адступіш ад літары закону — давядзецца адступаць яшчэ і яшчэ. І гэтыя крокі могуць прывесці ў такую багну… Хаця — пра што гэта я? Які ў Беларусі закон?

nn.by.jpg

Рэгістрацыя ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у прэзідэнты — яскравае таму пацвярджэнне. У Выбарчым кодэксе сказана гранічна зразумела — прэтэндэнт павінен прадставіць спісы сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК асабіста. У 2015-м спадарыня Ярмошына не змагла адмовіць свайму патрону ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, хаця спісы гэтай групы прынёс не ён, а, па даверанасці, кіраўнік яго выбарчага штабу. Сёлета ёй гэта адгукнулася.

ЦВК — не супраць прымаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па даверанасці. Аднак блогеру Ціханоўскаму ў рэгістрацыі групы было адмоўлена, — бо за яго ў дакументах у ЦВК распісалася жонка, на падставе той жа даверанасці. Такім чынам, атрымліваецца прававы казус: адна і тая ж даверанасць у розных органах улады мае розную моц і дзейнічае па-рознаму нават у адным і тым жа ведамстве. Напрыклад, паўсюль яна дазваляе «права подпісу», а ў ЦВК — чамусьці не. Прынесці дакументы ад імя чалавека можна, а распісацца за яго — ну ніяк.

Не дзіўна, што сітуацыю з блогерам Ціханоўскім каардынатар кампаніі «За свабодныя выбары», юрыст Уладзімір Лабковіч расцаніў фразай, вынесенай у загаловак. «Што да адмовы ў рэгістрацыі групы блогера Ціханоўскага, дык улады самі стварылі ўсе ўмовы, каб пазбавіць яго права на ўдзел у выбарах. Гэта выглядае на спецаперацыю па нейтралізацыі яго як удзельніка выбарчага працэсу. Гэта не мае нічога агульнага з заканадаўствам», — пракаментаваў праваабаронца.

Усяго на вышэйшую выбарчую пасаду прэтэндавалі 55 чалавек. 27 з іх былі «кандыдатамі пратэсту» ад Мікалая Статкевіча — яны вылучаліся дзеля таго, каб пад выглядам збору подпісаў мець легальную магчымасць для сустрэч з людзьмі. Але ўсіх іх амаль пагалоўна «выкасілі» — яны не былі зарэгістраваныя, бо, маўляў, «не прайшлі праверку подпісаў»: нібыта пры абтэлефаноўванні людзі адмаўляліся, што пагаджаліся ўвайсці ў ініцыятыўную групу.

Між іншым, калі некаторыя асобы, унесеныя ў спіс ініцыятыўнай групы, у працэсе праверкі заявілі, што не давалі згоду на ўваходжанне ў групу, — гэта не падстава для адмовы ў рэгістрацыі ўсёй групе. Крытэр рэгістрацыі толькі адзін: яна павінна складацца з не менш чым 100 чальцоў. Але ЦВК з-за «адмоўнікаў» пабачыў парушэнне прынцыпу добраахвотнасці, і групы не рэгістраваў. Што таксама выклікае ў таго ж Лабковіча неразуменне: «Калі група сфарміраваная з фармальнымі недахопамі, то ў гэтым бачыць парушэнне прынцыпу добраахвотнасці, а вось у тым, калі, напрыклад, студэнтаў з пагрозамі розных санкцый прымушаюць галасаваць датэрмінова, парушэнне прынцыпу добраахвотнага ўдзелу ў выбарах не бачыць».

Але нават і тут дзейнічалі «двайныя стандарты». Групу прадпрымальніцы Алены Ашыхмінай не зарэгістравалі, бо ў працэсе праверкі тры чалавекі заявілі, што не давалі згоды ўдзельнічаць у ёй. А ініцыятыўную групу лідара паган-метал-гурту «Znich» і майстра тату Алеся Таболіча — зарэгістравалі, нягледзячы на тое, што ў спісе было некалькі людзей з недакладнымі звесткамі.

Розніца ў тым, што Ашыхміну можна палічыць за «кандыдатку пратэсту», а Таболіча — не.

У выніку ад спісу «кандыдатаў пратэсту» застаўся адзін радыкальны апазіцыянер Уладзімір Няпомняшчых з Гомелю.

Рэгістрацыю прайшлі, у асноўным, асобы вядомыя і «цяжкавікі». Гэта сам Аляксандр Лукашэнка (канешне), Алег Гайдукевіч, старшыня партыі ЛДПБ; Юрый Ганцэвіч, фермер з Гомельскага раёна; Наталля Кісель, намесніца дырэктара прыватнага прадпрыемства з Мінску. Былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы вопытных у падачы дакументаў апазіцыянераў і палітыкаў: выканаўцы абавязкаў старшыні АГП Мікалая Казлова, лідара Руху «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, хрысціянскай дэмакраткі Вольгі Кавальковай, сустаршыні «Гавары праўду!» Андрэя Дзмітрыева; экс-дэпутаткі Ганны Канапацкай і старшыні БСДГ Сяргея Чэрачаня.

Згаданая вышэй жонка Сяргея Ціханоўскага Святлана таксама зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу. Пры гэтым Ярмошына ў яе запыталася, ці не з’яўляецца яна «спарынг-партнёрам свайго мужа». Па-мойму, нашая старшыня ЦВК прафан яшчэ і ў спорце.

Фота sputnik.by

Фота sputnik.by

Былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы экс-банкіра Віктара Бабарыкі і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Прычым у выніку ў Бабарыкі з 10 тысяч жадаючых увайсці ў яго ініцыятыўную групу засталося 8905 чалавек, а група Цапкалы разраслася з 555 да 884 чалавек.

Такім чынам, подпісы за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты будуць збіраць 15 ініцыятыўных груп. Хто сапраўды будзе збіраць, мы пабачым ужо ў гэтыя выходныя — з 21 траўня пачынаецца гэты этап электаральнай кампаніі.