Асуджаныя «кандыдаты пратэсту»: Раздзявалі дагала, білі па нырках, не вярнулі залатыя ўпрыгожанні

«Кандыдатаў пратэсту» ад каманды Мікалая Статкевіча затрымалі 19 траўня ў будынку Вярхоўнага суда. Яны збіраліся падаваць апеляцыю на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Сёння адбыліся суды, піша «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча ідуць падаваць заявы ў ЦВК, 14 траўня 2020 года

Ілюстрацыйнае фота. «Кандыдаты пратэсту» Статкевіча ідуць падаваць заявы ў ЦВК, 14 траўня 2020 года

«Не вярнулі два залатыя ланцужкі і завушніцы»

Штрафам у 135 рублёў суд пакараў актывістку Вольгу Краўчанку. Пасля суда жанчына расказала, як яе затрымлівалі і як судзілі.
Паводле Вольгі Краўчанкі, судзілі яе за тое, што не падпарадкавалася патрабаванням міліцыянта, які загадаў выйсці з судовай залы. Між тым жанчына кажа, што патрабаванне было іншае — зняць майкі з надпісам, які не падабаўся суддзям і ахоўнікам. Вось што расказала пра затрыманне ў Вярхоўным судзе Вольга Краўчанка:
«Мы прыйшлі на разгляд нашых скаргаў на Цэнтральную выбарчую камісію, якая не зарэгістравала ініцыятыўную групу. Нас было 7 чалавек. Да нас у фае выйшла супрацоўніца суда і павяла нас па калідоры ў судовую залу, дзе меўся пачацца разгляд скаргі. Сказала чакаць пачатку разгляду скаргаў.
Там мы сядзелі і чакалі, як раптам у залу ўварваліся больш за 10 міліцыянтаў — некаторыя былі ў форме, некаторыя ў цывільным. Анжаліка і яшчэ нехта з нашай групы былі ў белых майках з надпісам „Убывай“, і міліцыянты пачалі патрабаваць, каб людзі знялі майкі.
Анжаліка не пагадзілася, казала, што майка чыстая, і тады на яе накінуліся і літаральна пачалі дзерці майку на кавалкі. Сяргей Спарыш гэта здымаў на тэлефон, і тады міліцыянты накінуліся і на яго. Тут і мяне схапіў міліцыянт, такі дужы, вялікі, я спалохалася, што зараз зацісне, і пачала крычаць.
Потым нас усіх выцягнулі з залы і адвезлі спачатку ў Цэнтральны РУУС, а на ноч у ізалятар на Акрэсціна. А сёння па абедзе павезлі ў суды. Мяне — у Фрунзенскі суд, па месцы жыхарства. Іншых — каго куды».

Паводле Вольгі Краўчанкі, у Цэнтральным райаддзеле міліцыі ёй не давалі патэлефанаваць.
Жанчына расказала яшчэ пра адну прэтэнзію да міліцыянтаў. З яе словаў, у міліцыі ёй не вярнулі залатыя
рэчы — 2 ланцужкі і завушніцы, забраныя ўвечары 19 траўня ў Цэнтральным РУУС.
«Я разгубілася і не праверыла торбу з рэчамі, а дома ўбачыла, што няма маіх упрыгожанняў. Буду пісаць заяву, але незразумела, на каго пісаць? У міліцыю на міліцыю?» — сказала Свабодзе Вольга Краўчанка.

«Мяне білі па нырках і не давалі вады»

Яшчэ тры працэсы адбыліся ў Цэнтральным раённым судзе Мінска. Першай каля 16 гадзіны дня пачалі судзіць «кандыдата пратэсту» Тамару Патоцкую. Аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1080 рублёў). Справу актывісткі разглядала суддзя Аксана Акавітая.
Тамара Патоцкая жыве ў Баранавічах, яна маці трох дзяцей. Як і іншыя прыхільнікі Мікалая Статкевіча, Тамара Патоцкая падавала дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, але яе заяўку не зарэгістравалі.
19 траўня Тамару Патоцкую затрымалі ў Вярхоўным судзе, куды яна з'явілася на разгляд скаргі. Як і Вольгу Краўчанку, Тамару Патоцкую асудзілі за тое, што яна нібыта не падпарадкавалася патрабаванням міліцыянта пакінуць судовую залу.

Тамара Патоцкая

Тамара Патоцкая


Паводле рапарта міліцыянта, які затрымліваў Тамару Патоцкую, яна «размахвала рукамі», «хапалася за форменную вопратку». Сведка, капітан міліцыі Уладзімір (прозвішча было не чуваць), казаў, што Тамара Патоцкая зайшла ў судовую залу без дазволу і потым адмовілася выходзіць на загад міліцыі.
Між тым Тамара Патоцкая сваёй віны катэгарычна не прызнала. «Я нічога не рабіла, што мне прыпісваюць. Так, я была ў зале суда. Нас туды прывяла сакратарка. І паседжанне яшчэ не пачалося. А калі быў захоп, я падтрымлівала чалавека — вось і ўсё», — сказала Тамара Патоцкая.
У судзе жанчына спрабавала апеляваць да сумлення сведкі-міліцыянта. «Чаму вы хлусіце? Як я магла прайсці ў залу, там столькі калідораў — адкуль я ведала б, куды ісці? Нас прывяла сакратар суда і сказала чакаць», — настойвала Тамара Патоцкая. 
У перапынку жанчына папрасіла вады, бо, зь яе словаў, у міліцыі ёй не давалі піць.
«Яшчэ білі па нырках, калі забіралі тэлефон. Я хацела пазваніць дзецям, што мяне арыштавалі, але тэлефон адабралі, і пазваніць так і не ўдалося. Калі абшуквалі, раздзявалі дагала. Яшчэ 4 гадзіны трымалі ў двары райаддзелу, нікуды не пускалі», — кажа Тамара Патоцкая пра тое, як з затрыманымі абыходзіліся ў Цэнтральным РУУС. Яна дадала, што ў ізалятары на Акрэсціна 20 траўня да суда яе так і не пакармілі.
Да 17 гадзіны ў Цэнтральным раённым судзе скончыліся іншыя працэсы над «кандыдатамі пратэсту».
Уладзіміра Неўмяржыцкага аштрафавалі на 50 базавых велічынь, Анжаліку Жалезнякову — на 45 базавых.
Арцёма Бабка асудзілі на 7 сутак арышту, яго судзілі ў Савецкім раённым судзе.
Алег Груздзіловіч, svaboda.org