У БДЭУ студэнтаў запрашаюць у ініцыятыўную групу «патаемнага» кандыдата
Гэткае паведамленне з’явілася ў чаце курсу аднаго з факультэтаў, паведамляе Белсат.
![Паведамленне ў чаце Паведамленне ў чаце](/img/v1/images/eydvqrou4ail8yn_1.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паведамленне ў чаце
Студэнты факультэту камерцыі і турыстычнай індустрыі БДЭУ паведамілі рэдакцыі «Белсату», што ў агульны чат курсу, у якім прыкладна 250 чалавек, прыйшло паведамленне з запрашэннем запісацца ў ініцыятыўную групу. Аднак прозвішча кандыдата, у групу якога запрашаюць, не было указанае.
«Шаноўныя студэнты, адміністрацыя нашага факультэту шукае рабят, гатовых узяць удзел у працы ініцыятыўнай групы. Праца пачынаецца з 21.05», – гаворыцца ў паведамленні.
Калі студэнты паспрабавалі даведацца больш аб кандыдаце і ініцыятыўнай групе, то атрымалі ў адказ «я дакладна не зразумела».
![eyd6vvbwkae1z3q.jpeg eyd6vvbwkae1z3q.jpeg](/img/v1/images/eyd6vvbwkae1z3q.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пакуль што аніякіх спробаў ціску на студэнтаў не было, кажуць крыніцы «Белсату».
Паліна Цімафеева, прэс-сакратарка БДЭУ, зазначыла, што сапраўды адміністрацыя факультэта інфармавала студэнтаў аб магчымасці ўдзелу ў працы ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты.
«Удзел мае выключна добраахвотны характар, аніякіх заахвочванняў не было. Варта адзначыць, што палітычная актыўнасць моладзі падчас выбарчай кампаніі з’яўляецца важнай часткай грамадства і праявай грамадскай культуры», – падкрэсліла яна.
Выбары прэзідэнта Беларусі сёлета пройдуць 9 жніўня. Зараз адбываецца другі этап – збор подпісаў для вылучэння ў кандыдаты на прэзідэнцтва.
Агулам ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп.