Няроўныя ўмовы для кандытатаў, рэдагаванне агітацыйных улётак апазіцыі — праваабаронцы па выніках назірання за перадвыбарчай агітацыяй

Аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падрыхтавалі справаздачу па выніках назірання за этапам перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, паведамляе Радыё Свабода.

ludzi_1.jpg

Яны зрабілі наступныя агульныя высновы:

  1. У параўнанні з мінулымі выбарамі дэпутатаў мясцовых саветаў, падчас сёлетніх выбараў выдзелена значна больш месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Гэтыя месцы з’яўляюцца больш зручнымі. Пры прыняцці рашэнняў аб месцах агітацыі ўлады сёлета часцей кіраваліся прынцыпам «дазволена ўсё, што не забаронена».
  2. Значна больш кандыдатаў у параўнанні з мінулымі выбарамі падалі апавяшчэнні аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у спрошчаным парадку. Адпаведна, павялічылася колькасць заяўленых перадвыбарчых пікетаў.
  3. Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты больш актыўна выкарыстоўвалі магчымасць стварэння выбарчага фонду для фінансавання выдаткаў па перадвыбарчай агітацыі. Тым не менш, доля кандыдатаў, якія стварылі выбарчыя фонды, застаецца невысокай (10,4%).
  4. Толькі 35% назіральнікаў у рэгіёнах паведамілі, што мясцовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ надрукавалі праграмы ўсіх кандыдатаў. У большасьці дзяржаўных СМІ пераважалі матэрыялы пра кандыдатаў ад улады (дзейных дэпутатаў, чыноўнікаў ці дырэктараў прадпрыемстваў) і практычна адсутнічала інфармацыя пра кандыдатаў ад апазіцыі. Назіральнікі паведамляюць пра адсутнасць партыйных улётак ці іншых альтэрнатыўных матэрыялаў. Ёсць факты рэдагавання ці адвольнага змянення зместу агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў ад апазіцыі, распаўсюджвання непраўдзівых ці няпоўных зьвестак.
  5. Выбарчыя камісіі ў рэгіёнах пераважна не інфармавалі грамадскасць аб часе і месцы правядзення сустрэч з выбарнікамі.
  6. 30% назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў рэгіёнах паведамілі, што кандыдаты былі пазбаўленыя роўных умоваў, не маглі сустракацца з выбарнікамі ў вылучаных памяшканнях.
  7. Як і падчас мінулых выбарчых кампаній, на карысць праўладных кандыдатаў актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Агітацыйная кампанія праўладных кандыдатаў вялася пераважна ў форме сустрэч з выбарнікамі ў актавых залах прадпрыемстваў. Удзел выбарнікаў у такіх сустрэчах забяспечваўся адміністрацыяй.
  8. Адміністрацыйны рэсурс актыўна выкарыстоўвалі і дзейныя дэпутаты, беручы ўдзел у афіцыйных мерапрыемствах. Гэтым ствараліся няроўныя ўмовы для кандыдатаў. Такая практыка апраўдваецца з боку раённых выбарчых камісій тым, што дэпутаты займаюцца сваімі непасрэднымі абавязкамі.
  9. Не заўважана сур’ёзных перашкодаў для перадвыбарчых пікетаў, аднак сустракаліся элемэнты ціску на пікеты апазыцыйных дзеячаў.

Са справаздачай цалкам можна азнаёміцца тут.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую з 2008 году праводзяць РПГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтар «Вясна», зьяўляецца незалежнай і не ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячаў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць, выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні краінай.