Палецкіс: Фармулёўка пра «паляпшэнне сітуацыі» няўдалая
Адказваючы на пытанні слухачоў «Радыё Свабода», дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента, па сутнасці, забраў назад свае словы, якія выклікалі непаразуменне ў палітычна актыўнай часткі беларускага грамадства.
Онлайн-канферэнцыя з дэпутатам Еўрапарламента ад Літвы, дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі Юстасам Палецкісам, адбылася на сайце svaboda.org
Сярод іншых задала сваё пытанне і Марына Адамовіч — жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які цяпер знаходзіцца за кратамі. Яна
спытала, ці сапраўды еўрапарламентарый лічыць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшылася.
На гэта Юстас Палецкіс сказаў наступнае:
«Так, я лічу, што гэта фармулёўка атрымалася няўдалай, недакладнай, і гэта здарылася таму, што даводзілася скарачаць вялікі тэкст. Там прыводзіліся дадзеныя на
падставе назіранняў ПЦ «Вясна» пра тое, што ўсё ж колькасць рэпрэсій зменшылася ў тры з паловай разы, што не было ніводнага новага смяротнага прысуду, хоць ранейшыя прысуды
прыводзіліся ў выкананне. На падставе гэтых дадзеных была зроблена выснова, што можна назіраць некаторае паляпшэнне. Потым гэтыя пэўныя рэчы былі скарочаны. Згодзен, што тычыць таго, што сёлета
назіраецца паляпшэнне, — няўдалая фармулёўка, і яна, вядома, будзе выпраўлена і мной, і маімі калегамі».
Нагадаем, што дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі заявіў пра тое, што ў 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэнне сітуацыі з выкананнем праў чалавека, а
«Еўрапейскі дыялог пра мадэрнізацыю» аказаў станоўчы ўплыў на развіццё грамадзянскай супольнасці». Зыходзячы з гэтага, ён прапанаваў пашырыць
кантакты з беларускімі службоўцамі, падрыхтаваць «дарожную карту» па развіцці дыялогу з афіцыйным Мінскам, уключаючы міжпарламенцкія адносіны, выключыць з
«чорных спісаў» ключавых службоўцаў для наладжвання дыпламатычных каналаў.
Дадзеныя рэкамендацыі ёсць у дакладзе, падрыхтаваным Палецкісам і апублікаваным на сайце Еўрапарламента.