Арганізатары канцэрту N.R.M. адмовілі «Белсату» у акрэдытацыі

Падстава для забароны, па словах прадзюсара мерапрыемства, рашэнне ўладальніка клуба «Гудвін».



0001rab3_867327719.jpg

Канцэрт гурту N.R.M у фармаце «без Лявона Вольскага» мае прайсці вечарам у чацвер. Напярэдадні імпрэзы прадстаўнікі тэлеканалу звярнуліся да прадзюсара мерапрыемства Паўла Кашырына з просьбай прадаставіць магчымасць зняць інфармацыйны сюжэт падчас канцэрту.

Аднак ужо неўзабаве журналісты атрымалі адмову. У гутарцы з прэс-сакратаром ГА «БАЖ» Барысам Гарэцкім сваю адмову Павел Кашырын патлумачыў рашэннем уладальніка прыватнага клуба «Гудвін», дзе пройдзе канцэрт, забараніць любыя відэаздымкі. Па словах Паўла Кашырына, забарона гэтая тычыцца не толькі журналістаў тэлеканала «Белсат».

У сваю чаргу, пакрыўджаныя журналісты наракаюць.«Для праграмы “Агляд падзеяў культуры” нас неаднаразова акрэдытоўвалі нават дзяржаўныя ўстановы. А тут так бы мовіць “свае” інтэлігентна паслалі, матывуючы адмову ў акрэдытацыі пагрозай страціць адзіную пляцоўку, дзе можна ладзіць падобныя канцэрты.

Ганьба. Пакуль музыкі і арганізатары канцэртаў будуць ствараць чорныя спісы з журналістаў, самі ж у падобныя спісы будуць трапляць», адзначаюць журналісты «Белсата».

Нагадаем, што летась журналісты «Белсата» ужо траплялі ў аналагічны канфлікт з арганізатарамі канцэрту Аляксандра Кулінковіча ў тым жа «Гудвіне».

БАЖ