Партыя БНФ заклікала да абароны і падтрымкі беларускай мовы

Адпаведную заяву прыняў Сойм Партыі БНФ 12 студзеня.

rodnaja_mova_narodnaja_zbroja1.png

Партыя БНФ заклікала да абароны і актыўнага выкарыстання беларускай мовы і абвесціла 2019 год годам беларускай мовы. У партыі перакананыя, што беларуская мова з'яўляецца адным з галоўных дзяржаваўтваральных падмуркаў і важным элементам незалежнасці Беларусі.
На пасяджэнні Сойму 12 студзеня ў партыі абмеркавалі сітуацыю з павелічэннем у інфармацыйнай прасторы дыскусіяў пра саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, у сувязі з чым была прынятая заява, у якой БНФ заклікае да шэрагу дзеянняў у абарону беларускай мовы дзеля прадухілення пагрозы расійская агрэсіі:
«Прымаючы пад увагу актывізацыю антыбеларускіх выступаў і інфармацыйных атак супраць Беларусі і беларусаў, мы абвяшчаем 2019 год годам беларускай мовы і заклікаем да наступных крокаў па ўмацаванні беларускай мовы:— Заклікаем усіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валодання беларускай мовай, заклікаем карыстацца беларускай мовай ва ўсіх жыццёвых выпадках, ініцыяваць стварэнне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў;
— Заклікаем усіх беларусаў падчас перапісу насельніцтва, які прызначаны на кастрычнік 2019 года, пазначаць беларускую мову ў якасці роднай мовы і мовы штодзённага ўжытку дома;
— Заклікаем беларускі бізнэс, усіх вытворцаў тавараў і паслугаў, карыстацца беларускай мовай у рэкламных кампаніях, у аздабленні тавараў, у камунікацыі з пакупнікамі і карыстальнікамі;
— Патрабуем ад уладаў Беларусі абмежаваць трансляцыю расійскіх тэлеканалаў, якія распальваюць міжнацыянальную варажнечу і па сутнасці ёсць сродкамі вядзення інфармацыйнай вайны супраць нашай краіны, замяніўшы іх праграмамі ўласнай вытворчасці альбо збалансаваным наборам замежных тэлепраграмаў з розных іншых краінаў;
— Патрабуем ад уладаў Беларусі прыняцця актаў заканадаўства на беларускай мове;
— Заклікаем улады Беларусі пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі, у тым ліку стварыўшы вышэйшыя навучальныя установы з выкладаннем на беларускай мове і прыняўшы на заканадаўчым узроўні дзяржаўную праграму развіцця і падтрымкі беларускамоўнага навучання з павелічэннем дзяржаўнага фінансавання праграмаў па развіцці беларускай культуры, адукацыі і мовы з выдзяленнем сродкаў на конкурснай аснове недзяржаўным ініцыятывам і арганізацыям грамадзянскай супольнасці;
— Нагадваем што ад 1 студзеня 2019 года ўсе інтэрнэт-сайты дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і арганізацый павінныя мець беларускамоўныя версіі і абвяшчаем пра намер пільна адсочваць выкананне гэтай нормы заканадаўства праз маніторыг дзяржаўных сайтаў з рэагаваньнем на парушэньні шляхам адпаведных зваротаў да ўладальнікаў сайтаў і, пры сістэмных парушэннях, шляхам скаргаў у міністэрства інфармацыі».
Паводле сайту narodny.org